30.10.2013 / 17:23

ЕС, ЗША, Украіна і Беларусь — лідары па колькасці гандлёвых бар’ераў для расійскіх тавараў 2

Беларусь уваходзіць у чацвёрку лідараў па колькасці гандлёвых абмежаванняў у дачыненні да расійскіх тавараў.

Да такой высновы прыйшлі аўтары маніторынгу «Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Расійскай Федэрацыі ў студзені—верасні 2013 года», апублікаванага на сайце Мінэканамразвіцця Расіі 30 кастрычніка, паведамляе БелаПАН.

Паводле звестак Мінэканамразвіцця, максімальная колькасць абмежавальных мер у дачыненні да расійскіх тавараў дзейнічае таксама ў ЕС, ва Украіне і ў ЗША.

У дакуменце асобна вылучаецца сітуацыя з доступам расійскіх вытворцаў да дзяржаўных закупак у Беларусі.

Як падкрэсліваецца, нягледзячы на тое што з 1 студзеня 2013 года ў Беларусі ў межах дзяржаўных закупак даецца нацыянальны рэжым, беларускі бок робіць захады па абмежаванні доступу расійскіх вытворцаў да такіх закупак.

«Так, у першым квартале 2013 года быў выяўлены шэраг адміністрацыйных бар'ераў, якія не дазваляюць расійскім вытворцам удзельнічаць у дзяржаўных закупках, што ў прыватнасці закранула абмежаванні продажу замежных кандытарскіх вырабаў і кансерваў», — адзначаюць аўтары маніторынгу, дадаючы, што ў выніку ўсё ж атрымалася зняць абмежаванні доступу расійскіх кандытарскіх вырабаў на беларускі рынак.

Поўны пералік абмежаванняў у доступе расійскіх тавараў на беларускі рынак Мінэканамразвіцця РФ публікуецца штомесяц.

Згодна са звесткамі на 1 кастрычніка 2013 года, у Беларусі існуюць 12 такіх бар'ераў.

Сярод іх: ужо згаданыя меры па абмежаванні ўдзелу расійскіх пастаўшчыкоў у працэдурах дзяржаўных закупак; увоз у Беларусь тытуню, тытунёвых вырабаў, алкаголю, прадуктаў перапрацоўкі рыбы выключна праз спецімпарцёраў, вызначаных кіраўніком дзяржавы; абавязковая маркіроўка кантрольнымі знакамі шырокага пераліку тавараў; абмежаванне доступу лекавых сродкаў і вырабаў медыцынскага прызначэння; штогадовыя праграмы імпартазамяшчэння; рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары (работы, паслугі) і шэраг іншых.

Нагадаем, прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі вечарам 24 кастрычніка ў Мінску паводле вынікаў пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета заявіў, што Расія згодная на паступовае ўстараненне ўсіх выключэнняў з рэжыму гандлю Мытнага саюза, але толькі на ўзаемнай аснове.

«Мы разумеем, што для нашых партнёраў важна ўстараніць вось гэтыя выключэнні, звязаныя з нафтапрадуктамі і нафтай і гэтак далей. Мы гатовы. Для нас гэта страты бюджэту, але мы гатовы гэта зрабіць.

Разлічваем на тое, што і партнёры пойдуць нам насустрач, прыбіраючы тыя выключэнні, якія для іх, як яны лічаць, важныя», — заявіў Пуцін.

0
RRR / Адказаць
30.10.2013 / 19:14
Это называется Таможенный союз? Не очень похоже..
0
JJ / Адказаць
30.10.2013 / 21:19
А куды шчэ прадаюцца расiйскiя "тавары"? Ды акрамя сыравіны гэтакія бываюць? Толькі зброя на Блізкі Ўсходы да Афрыку. Таму зразумела.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру