У чацвер новая партыя студэнтаў адправілася дабудоўваць «Чыжоўка-арэну». Гэтым разам прыйшла чарга гуманітарнага і гістарычнага факультэтаў БДУ.
У аўторак 29 кастрычніка студэнты гуманітарнага і гістарычнага факультэта БДУ ездзілі на суботнік у «Чыжоўку-арэну».
Збірацца ля галоўнага корпусу «працоўны дэсант» пачаў за 30 хвілін да адпраўлення.
У аўторак 29 кастрычніка студэнты гуманітарнага і гістарычнага факультэта БДУ ездзілі на суботнік у «Чыжоўку-арэну».
Кіроўца аўтобуса чакае, пакуль студэнты займуць свае месцы.
Праводзіць студэнтаў выйшла кіраўніцтва. Злева — намеснік дэкана гуманітарнага факультэта па выхаваўчай і навучальнай працы Іван Янушэвіч.
У аўторак 29 кастрычніка студэнты гуманітарнага і гістарычнага факультэта БДУ ездзілі на суботнік у «Чыжоўку-арэну».
Студэнты не ведалі, чым яны будуць займацца і толькі некаторыя ўзялі зменнае адзенне.
Але ніхто не выглядаў прымушаным працаваць ці пакрыўджаным: усе жартавалі і ўсміхаліся.
Змена студэнтаў БДУ скончылася а 12:00.
Збор быў прызначаны на 8:20. Ужо за 20 хвілін да ад'езду на лаўках ля галоўнага корпуса БДУ пачалі збірацца студэнты. Яшчэ з два дзясяткі навучэнцаў універсітэта чакалі ў фае, дзе іх адразу адзначалі ў спісах.
На прысутнасць журналіста «працоўны дэсант» рэагаваў трошкі насцярожана. На пытанне, для чаго іх вязуць на «Арэну», адказу БДУшнікі не ведалі.
— Нікому не казалі, чым будзем займацца, — паціскае плячыма адна са студэнтак. — Напэўна, прыбіраць нешта.
У руках дзяўчат — звычайныя невялікія жаночыя сумкі, хлопцы ўвогуле прыйшлі без нічога.
— А зменнае адзенне вы бралі?
— Не. А што, трэба? — здзіўлена пытаецца дзяўчына.
— Здаецца, было б нядрэнна. Вы ж на будоўлю едзеце. І, мяркуючы па папярэднім расказам, бруднай працай займацца.
— Слухайце, тут кажуць, што патрэбнае зменнае адзенне, — звяртаецца студэнтка да сябровак.
Тыя пачынаюць пераглядацца і спрабаваць даведацца, ці ведаў хто пра адзенне. — Не, нам адзенне зменнае браць не казалі, проста параілі надзець штосьці, чаго не шкада. На мне вось джынсы старыя…
У прызначаны час да прыпынка грамадскага транспарта пад'язджаюць два старыя аўтобусы «Нёман».
— Ну што, Іван Іваныч, давай, вязі нас на плантацыі, — з усмешкай кажа адзін з хлапцоў, гледзячы ў бок намесніка дэкана гуманітарнага факультэта па выхаваўчай і навучальнай працы Івана Янушэвіча, які размяркоўвае студэнтаў па аўтобусах.
Няўпэўненая добраахвотнасць
Самае цікавае пытанне — як праходзіць набор у студэнцкія дружыны. Ці абяцаюць удзельнікам суботнікаў штосьці, ці наадварот, пагражаюць?
Група студэнтаў на адной з лавак упэўнена кажа: «Мы ўсе запісаліся самі, ніхто нас не прымушаў. Сёння ў нас афіцыйнае вызваленне ад дэкана».
Як паведаміла карэспандэнту «НН» адна са студэнтак гуманітарнага факультэта, сярод тых, хто ў аўторак паехаў у Чыжоўку, увогуле не было «бюджэтнікаў». Насамрэч даволі верагодна, што студэнты выбіраюць 4 гадзіны лёгкай працы — ім абяцалі, што а 12-й яны будуць вольныя — замест трох ці чатырох універсітэцкіх пар.
Аднак некаторыя студэнты пра добраахвотнасць кажуць не вельмі бадзёра: канфузяцца і маўчаць. Нават пасля настойлівага паўтору пытання ціха адказваюць: «Так, мы самі запісаліся».
— Канечне, самі захацелі, самі запісаліся! Прачыталі рэпартаж пра чэргі ахвотных працаваць на «Чыжоўка-арэне» і вырашылі самі паехаць! — гучна прамаўляе студэнт у чорнай куртцы з несхаваным сарказмам.
Працавалі студэнты сапраўды толькі да 12-й гадзіны, і ўжо а палове на першую «Нёманы» ад'ехалі ў зваротным кірунку. Ніхто не выглядаў змучаным. З будаўнічага бруду ўдалося заўважыць толькі трошкі пылу на джынсах.
На прыпынку грамадскага транспарту стаялі тры дзяўчыны, якім з замоўленымі аўтобусамі, відаць, было не па дарозе. Адна з іх, у ружовым паліто, адцірала бруд з замшавых боцікаў. «Гэта я не на «Арэне» запэцкалася, гэта мы па газоне да прыпынку ішлі», — патлумачыла яна.
Студэнткі расказалі, што былі, па сутнасці, падсобнымі рабочымі. Ім выдавалі пальчаткі, швабры, венікі. Калі нехта прасіў — адразу выдаваліі рэспіратары.
— Нас падзялілі: дзяўчаты падмяталі і мылі, хлопцы выносілі смецце, — паведаміла адна з дзяўчын.
— То бок праца не пыльная?
— Не пыльная. Не, яна то, насамрэч, пыльная, але зусім не цяжкая.
— І вы таксама па сваёй волі запісаліся прыбіраць «Чыжоўку-арэну»?
— Па сваёй, па сваёй, — сказалі дзве студэнткі.
— Ну як добраахвотна… Амаль добраахвотна, — адказвае студэнтка ў ружовым паліто.
— Можаце патлумачыць, што значыць «амаль добраахвотна»?
Раптам сярэдняя дзяўчына ў спартовым строі адводзіць дзвюх іншых у бок і па чарзе нешта шэпча ім на вуха, і яны маўчаць да прыходу аўтобуса. Ужо ў аўтобусе, на шляху да метро дзяўчына ў ружовым паліто, ізноў спытаная, адмовілася ад свайго «амаль»: «Я пайшла па ўласным жаданні. Бо неўзабаве адбудзецца чэмпіянат свету па хакеі, і такімі чынам можна дапамагчы».
Адмаўляйцеся на здароўе!
Студэнт 2 курса гістфака БДУ Мікіта Курэпін таксама мусіў паехаць прыбіраць новы лядовы стадыён у аўторак. Ён паведаміў, што іх групе было загадана знайсці 8 чалавек для суботніка.
«Я адмовіўся, і мне хутка знайшлі замену з добраахвотных, — расказаў ён. — Звычайна такія навіны паступаюць ад старасты. Супраць былі няшмат хто, але мала хто жадаў паехаць на «Чыжоўку». Я стаўлюся да гэтай сітуацыі вельмі адмоўна, бо не магу зразумець, як можна студэнтаў, якія павінны вучыцца, накіроўваць працаваць на Чыжоўку-Арэну замест заняткаў. Шчыра кажучы, мне гэта моцна нагадвае збор восеньскага ўраджаю студэнтамі ў КНДР».
Дэкан гістарычнага факультэта Сяргей Ходзін пацвердзіў, што студэнтаў на працу бізуном ніхто не гнаў.
«На паседжанні актыва факультэта мы вырашылі, што ўдзел у аўторкавым мерапрыемстве будзе цалкам добраахвотны. Аднак таго, хто запісаўся на ўборку, але не паехаў і не пайшоў пры гэтым на пары, мы прынялі б да ўвагі. Мабыць, больш пільна кантралявалі б наведвальнасць гэтага студэнта. Бо калі запісаўся ехаць, але не паехаў, — ідзі на пары. Падыдзі, скажы, што выбіраеш заняткі, мы знойдзем замену», — паведаміў ён.