30.10.2013 / 22:45

Урад падрыхтаваў праект «Аб альтэрнатыўнай службе» 1

Савет міністраў Беларусі ва ўстаноўленым парадку рыхтуе ўнясенне ў парламент законапраекта «Аб альтэрнатыўнай службе».

Пра гэта паведаміла міністр працы і сацабароны Мар`яна Шчоткіна 30 кастрычніка падчас прамой тэлефоннай лініі і анлайн-прыёму на сайце ведамства.

Паводле слоў Шчоткінай, праца над законапраектам «ажыццяўлялася ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2013 год». Дакумент распрацоўваўся рабочай групай, у склад якой увайшлі прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных органаў, і пры яго падрыхтоўцы быў «вывучаны вопыт заканадаўчага рэгулявання альтэрнатыўнай службы ў краінах СНД і далёкага замежжа».

«Асноўным падыходам, закладзеным у законапраекце, з`яўляецца тое, што альтэрнатыўная служба — гэта асаблівы від службы (грамадска-карысная дзейнасць)», — сказала яна.

Пры гэтым міністр не раскрыла дэталяў зместу дакумента.

Нагадаем, у ліпені гэтага года Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend) накіраваў зварот у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі з патрабаваннем «зняць грыф сакрэтнасці» з законапраекта «Аб альтэрнатыўнай службе». Паводле звестак Lawtrend, законапраект знаходзіцца пад грыфам «Для службовага карыстання» і недаступны для грамадскага абмеркавання. Парламентарыі адказалі праваабаронцам, што не выключаюць магчымасці дадатковага абмеркавання іх прапаноў.

0
грамадска-карысна / Адказаць
30.10.2013 / 23:02
будуць аэс будаваць?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру