Першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка лічыць неабходным пераўтварэнне Міністэрства прамысловасці ў Міністэрства прамысловай палітыкі.

Пра гэта ён заявіў 31 кастрычніка, адказваючы на пытанне парламентарыяў на пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.

«З-за таго, што ідзе працэс акцыянавання, прыватызацыі, працэс стварэння інтэграцыйных расійска-беларускіх праектаў, нам трэба пераглядаць пытанне кіравання прамысловасцю з галіновага прынцыпу на функцыянальны. Таму што ўсё больш і больш прадпрыемстваў становяцца прыватнымі, сумеснымі, і трэба ствараць адзіныя правілы працы», — падкрэсліў Сямашка.

Паводле яго слоў, неабходна з Міністэрства прамысловасці «стварыць функцыянальнае Міністэрства прамысловай палітыкі, якое будзе вырашаць задачы». «Сёння неадназначнае стаўленне да гэтага працэсу. Мая пазіцыя, што на гэта ісці трэба, хаця ломка няпростая, цяжкая. У Міністэрстве прамысловасці ў многіх ёсць непрыняцце, яны не разумеюць, як будуць працаваць. Там пасля скарачэння 30% засталося 127 чалавек», — паведаміў першы віцэ-прэм'ер. 

«Пытанне не ў тым, як у Мінпраме будзе, а як мы справімся, мы ледзь спраўляемся з праблемамі затыкання дзірак на праблемных прадпрыемствах, як зарплату плаціць і гэтак далей», — сказаў Сямашка. Ён мяркуе, што пытанні кіравання неабходна перагледзець у цэлым па краіне. Паводле яго слоў, гэта тычыцца некаторых міністэрстваў і канцэрнаў.

«Гэты працэс дастаткова цяжкі, няпросты. Я паставіў задачу, каб міністр прамысловасці ўжо да канца гэтага года прапанаваў сваё бачанне аб структуры, колькасці, функцыі, іх выкананні. З такім разлікам, каб да сярэдзіны 2014 года мы мелі рашэнне на заканадаўчым узроўні, як мінімум указ прэзідэнта, а можа і закон. Каб мы да канца года ўжо сфарміравалі такое міністэрства, а ў 2015 годзе яно б паўнакроўна працавала. Мы павінны стварыць такое Міністэрства прамысловай палітыкі, якое працавала б больш эфектыўна, чым Мінпрам», — зазначыў першы віцэ-прэм'ер.

«Прамысловая палітыка ў Беларусі была, ёсць і будзе, і гэта дае свае фінансавыя вынікі для эканомікі», — падкрэсліў ён. Пры гэтым зазначыў, што прамысловая вытворчасць узрастала: «Па 9% кожны год дадавалі». «Сёння, калі мы ўпалі, нас пачалі кляваць», — паскардзіўся Сямашка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?