6 чэрвеня 2010 года быў прылічаны да благаславёных польскі святар Ежы Папялушка. «Няхай яго прыклад і заступніцтва ўздымае стараннасць святароў і распальвае любоў вернікаў», — такія словы з нагоды ўшанавання ксяндза і нацыянальнага героя Польшчы прамовіў Папа Бенедыкт XVI, піша «Астравецкая праўда».

Героя Польшчы… Толькі Польшчы? Давайце паспрабуем разабрацца…

…У Камайскім касцёле ёсць рэліквія – аскепачак косці благаславёнага Ежы Папялушкі. А ў хуткім часе ў гэтым храме з’явіцца алтар Папялушкі. Чаму менавіта там?

Ужо хаця б таму, што ў гэтым касцёле працуе неабыякавы святар – ксёндз Яцэк Хутман, намаганнямі якога ў рэчаіснасць парафіі вярнуліся ўжо амаль забытыя імёны святара-філосафа Казіміра Сваяка, мастака Альфрэда Ромера і многіх іншых.

А яшчэ таму, што ўжо ў адносна далёкім 1972 годзе, калі ў польскай сям’і Хутманаў нарадзіўся сын Яцэк, менавіта святар Папялушка прыйшоў да іх, каб благаславіць немаўля…

Думаю, гэта заўважалі многія: дастаткова ўхапіцца за «хвосцік» ніткі, як клубок падзей пачне раскручвацца амаль што сам па сабе – з ніадкуль будзе прыходзіць новая інфармацыя, з’явяцца патрэбныя людзі, адно дзеянне прыцягне другое, на паглыбленым узроўні…

Менавіта па такім сцэнарыі адбываецца ўшанаванне благаславёнага Папялушкі ў Камаях…

У мінулую нядзелю Камайская парафія прымала незвычайны падарунак – юбілейны медаль благаславёнага Ежы Папялушкі, які парафіянам перадала з Польшчы 93-гадовая маці пакутніка.

З падзякай за памяць аб сыне і за павагу да здзейсненага ім. За вернасць прынцыпу, па якім жыў яе сын: «Не дазволь перамагчы злу, але перамагай зло дабром».

А незадоўга да гэтай падзеі журналісткі з Беластоку наведалі пані Папялушкаву і аказалася… «Маці ксяндза размаўляе па-беларуску!» «Ежы Папялушка вырас у беларускамоўнай сям’і!» «Родная мова благаславёнага – наша!»

Ды і хіба магло быць інакш, калі ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Акопы на Беласточчыне, дзе спрадвеку жылі беларусы?!

Святых заступнікаў – тысячы, а беларускіх – адзінкі. Не таму, што сярод нашага народа няма абраных Богам або пакутнікаў за веру, – ёсць і, можа, больш, чым у іншых.

Але беатыфікацыя – доўгі працэс, якім трэба займацца ўпарта і мэтанакіравана. Гаворачы сённяшнім слэнгам, «прабіваць»… Такое ўражанне, што ў нас няма каму гэтым займацца… І ўжо хаця б таму так важна, што благаславёны пакутнік Ежы Папялушка – і наш, беларускі заступнік!

Цікава, што падчас урачыстай Імшы, прысвечанай яго памяці, адбыліся адразу шэсць хростаў. І кожнаму з хлопчыкаў яго бацькі далі пры хрышчэнні падвойнае імя, адно з якіх – Ежы (па-нашаму – Юры).

Усім новаахрышчаным ксёндз Яцэк падарыў па абразіку з выявай благаславёнага Папялушкі. А яшчэ адным падарункам (і не толькі хроснікам – усім прысутным на Імшы) стала музычнае суправаджэнне Літургіі і невялікі канцэрт пасля яе заканчэння ў выкананні арганіста Гервяцкага касцёла Святой Тройцы, магістра музыкалогіі Андрэя Міхновіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?