Беларускі ўрад пры падтрымцы інвэстара з Люксэмбургу плянуе пачаць перапрацоўку бурага вугалю і гаручых сланцаў.

Беларускае ААТ «Белгорхімпрам» і люксэмбурскай кампанія Polar Stars Group S.A. падпісалі дзьве інвэстыцыйныя дамовы па рэалізацыі праекту глыбокай перапрацоўкі бурага вугалю і гаручых сланцаў, паведамляе газэта «Белорусы и рынок». Праект папярэдне быў адобраны прэзыдэнтам Беларусі. Прыкладны кошт угоды — больш за $2 млрд.

Мяркуецца, што здабыты вугаль будуць перапрацоўваць на патрэбы хімічнай прамысловасьці і для вытворчасьці маторнага паліва. Паводле папярэдніх разьлікаў наяўныя рэсурсы вугалю дазволяць у будучыні атрымліваць да 500 тыс.т. маторнага паліва ў год (штогадовая патрэба Беларусі ў вадкім паліве складае каля 2 млн. т.).

На сёньня ў Беларусі вядомыя тры найбольш буйныя радовішчы бурага вугалю — Тонеўскае, Жыткавіцкае і Брынеўскае (усе тры знаходзяцца — на Гомельшчыне). Агульныя запасы вугалю ацэньваюцца ў 1,5 млрд. т., прыдатныя да прамысловага засваеньня пакуль толькі 100 млн. т.

«БР» падае цікавыя зьвесткі пра інвэстара з Люксэмбургу. Кіраўнік кампаніі Polar Star Group S.A. Нікалай фон Келер займеў вядомасьць у суседняй Расеі, як стваральнік фінансавых пасярэдніцкіх кампаніяў, якія неаднаразова прызнаваліся неплацежаздольнымі. Кампанія Polar Star Group S.A. утвораная ў мінулым годзе.

Іншы энэргетычны праект ураду менш маштабны, але будзе зрэалізаваны амаль напэўна: стварэньне падземных газасховішчаў. Першая чарга такога сховішча ў Мазыры паводле плянаў пачне дзейнічаць ужо ў наступным годзе. Для яго пабудовы будзе выкарыстаная адпрацаваная салевая шахта. Такі спосаб пабудовы сховішча вымагае значна менш сродкаў і часу. Першапачатковы аб’ём Мазырскага ПГС складзе 170-200 млн. куб.м., да 2018 г. аб’ём мае павялічыцца ў 5 разоў.

Падземныя газасховішчы неабходныя для таго, каб кампэнсаваць сэзонную нераўнамернасьць спажываньня газу, асабліва ў асеньне-зімовы сэзон, а таксама з мэтай пазьбегнуць перабояў з пастаўкамі газу ў пазаштатных сытуацыях. Паводле профільных чыноўнікаў, з «Газпрамам» ня раз вяліся перамовы па стварэньні ПГС у Беларусі. Нібыта расейскі бок вельмі зацікаўлены такімі праектамі. Аднак незалежныя экспэрты мяркуюць, што расейцы не пачнуць укладаць у іх грошы, пакуль не атрымаюць кантроль над газатранспартнай сыстэмай Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?