Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Перспектыва» выступіла супраць датэрміновага ўвядзення тэхрэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці для індывідуальных прадпрымальнікаў.

Адпаведную заяву арганізацыя прадпрымальнікаў распаўсюдзіла 1 лістапада.Нагадаем, тэхрэгламент на прадукцыю легпрама набыў моц 1 ліпеня 2012 года. Для паэтапнага пераходу да адзіных патрабаванняў да 1 студзеня 2013 года дапускалася вытворчасць і выпуск у абарачэнне на тэрыторыі МС прадукцыі, якая не падлягала да набыцця моцы тэхрэгламентам абавязковай ацэнцы (пацвярджэнню) адпаведнасці. У Беларусі для індывідуальных прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку гэты перыяд быў прадоўжаны да 1 ліпеня 2013 года.

Яшчэ адзін пераходны перыяд тычыцца прадукцыі, на якую да ўвядзення тэхрэгламенту былі выдадзены ці зарэгістраваны дакументы аб пацвярджэнні адпаведнасці абавязковым патрабаванням, раней устаноўленым нарматыўнымі прававымі актамі МС ці заканадаўствам дзяржавы — члена МС. Вытворчасць і выпуск у абарачэнне такой прадукцыі дапускаецца да 1 ліпеня 2014 года.

Аднак, як адзначаецца ў сённяшняй заяве «Перспектывы», 31 кастрычніка віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч, які ўзначальвае Савет па развіцці прадпрымальніцтва, паведаміў, што патрабаванні тэхрэгламенту аб бяспецы тавараў легпрама набудуць моц ужо 1 снежня 2013 года.

«Патрабаванні распрацаванага ў нетрах бюракратычнага апарату ЕЭК тэхнічнага рэгламенту аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці, аб сумненні ў мэтазгоднасці ўвядзення якога заяўлялі ўжо і самі распрацоўшчыкі, у Беларусі плануецца ўкараніць датэрмінова. Тэхрэгламент, які не мае ніякай іншай мэты, акрамя як устараненне з айчыннага спажывецкага рынку індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама ПУПаў, у якія яны былі «загнаныя» дырэктыўнымі метадамі, паводле слоў Пракаповіча, набудзе моц з 1 снежня 2013 года», — гаворыцца ў заяве «Перспектывы».

«Прадпрымальнікі ўжо выказалі сваё меркаванне наконт згаданага тэхрэгламенту падчас папераджальнай забастоўкі, якая прайшла 27 чэрвеня гэтага года на многіх рынках і гандлёвых цэнтрах краіны і ахапіла шэсць абласных і 20 раённых цэнтраў, дзе пражывае 75% гарадскога насельніцтва краіны», — нагадвае «Перспектыва».

«Сёння мы можам канстатаваць поўны вакуум і неразуменне не толькі надзённых праблем бізнесу ўладамі, але і дыяметральную супрацьлегласць канструктыўнаму дыялогу з бізнесам выбранага чыноўнікамі курсу. У кароткія тэрміны задушыць айчынны малы бізнес — вось тая задача, якую спрабуюць сёння вырашыць улады. Мы не можам у такіх умовах заставацца пабочнымі назіральнікамі гэтага дэструктыўнага працэсу, які, паводле меркавання ўлад, павінен «быць карысным эканоміцы», — падкрэсліваецца ў заяве.

«Папераджальная забастоўка не дала належнага выніку. Грунтуючыся на больш як 20-гадовым вопыце ганенняў з боку ўлад, прадпрымальнікі Беларусі пакідаюць за сабой права па абароне сваіх інтарэсаў усімі магчымымі законнымі сродкамі. Мы прыкладзем усе свае намаганні для прыпынення вар'яцтва, якое маюць намер учыніць улады на спажывецкім рынку шляхам увядзення тэхнічнага рэгламенту», — папярэджвае «Перспектыва».

Каментуючы сітуацыю, лідар прадпрымальніцкага аб'яднання Анатоль Шумчанка назваў дзеянні ўлад «беспрэцэдэнтным захадам, якога не было за ўсе гады кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі», скіраваным на «дэстабілізацыю становішча ў краіне».

«Заява Пракаповіча — правакацыйная, таму што ўлады добра разумеюць, што за адзін месяц зрабіць сертыфікаты згодна з тэхрэгламентам больш як 100 тысячам прадпрымальнікаў і 80 тысячам ПУПаў нерэальна. З гэтым не справіцца ні наш Дзяржстандарт, ні расійскія дзяржорганы», — падкрэсліў Шумчанка.

«Калі беларускія ўлады прасоўваюць гэтае рашэнне, я думаю, у іх адна мэта — знішчыць прадпрымальнікаў як клас, або мы ў нейкай незразумелай гульні выконваем незразумелую ролю», — дапоўніў лідар «Перспектывы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?