250 гектараў заказніка «Азёры», што ў Гродзенскай вобласці, хоча забраць у распрацоўку мясцовы торфабрыкетны завод.

На грамадскія слуханні сабралася больш за 200 чалавек.

На грамадскія слуханні сабралася больш за 200 чалавек.

Пейзажы торфараспрацовак. Такія ландшафты могуць прыйсці і на балота Святое, якое з 1990 года лічыцца заказнікам рэспубліканскага маштабу.

Пейзажы торфараспрацовак. Такія ландшафты могуць прыйсці і на балота Святое, якое з 1990 года лічыцца заказнікам рэспубліканскага маштабу.

Павел Розмыслаў нарадзіўся на Святым балоце

Павел Розмыслаў нарадзіўся на Святым балоце

Прадстаўнік Мінпрыроды Наталля Жаркіна

Прадстаўнік Мінпрыроды Наталля Жаркіна

Дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук

Дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук

Прадпрыемства апраўдвае сваё жаданне дзяржпраграмай, пры гэтым адзначае: торф на дзейснай распрацоўцы ўжо амаль скончыўся, а яшчэ адзін кавалак балота Святога спатрэбіцца на наступныя 15 гадоў працы.

Аднак супраць гэтай ідэі выступаюць эколагі, мясцовыя жыхары, дэпутаты Нацыянальнага сходу і прадстаўнікі Міністэрства прыроды. Хто і чаму замахваецца на Святое? Ці ёсць будучыня ў торфабрыкетнай прамысловасці ў нашай краіне? Пра гэта чытайце ў нашым матэрыяле.

 

 «Я нарадзіўся на Святым балоце»

 — Я нарадзіўся на Святым балоце, — такімі словамі на грамадскім абмеркаванні, якое адбылося ў суботу ў вёсцы Азёры, пачыналі свае выступы многія людзі з залы. Не дзіва, што падчас абмеркавання ў прэзідыум перадалі 500 подпісаў ад жыхароў вёскі Азёры – супраць перадачы тэрыторыі заказніка торфабрыкетнаму заводу. Акрамя саміх мясцовых жыхароў, подпісы збіраюць валанцёры-эколагі – у навакольных вёсках і ў інтэрнэце, пад анлайн-петыцыяй.

Торфаздабыўнае прадпрыемства прыйшло ў Гродзенскі раён у 1959 годзе, з тых часоў велізарны кавалак Святога балота паспелі перапрацаваць на торфабрыкеты. Сёння гэта прадпрыемства стратнае, да таго ж распрацаваная «Верцялішкамі» плошча хутка скончыцца — торфу там засталося гады на тры, а максімум — на шэсць гадоў.

Падоўжыць жыццё прадпрыемству могуць 250 гектараў тарфянога радовішча «Святое», якое ўяўляе сабой частку заказніка. «Верцялішкі», абапіраючыся на падтрымку Міністэрства энергетыкі, спадзяюцца, што распрацоўкі на новым кавалку балота змогуць падоўжыць жыццё прадпрыемству прыкладна на 15 гадоў.

Аднак праект пастановы аб змяненні межаў заказніка ніяк не могуць узгадніць: супраць яго выступаюць не толькі экалагічныя грамадскія арганізацыі, але і навукоўцы Акадэміі навук і нават чыноўнікі ў калідорах Мінпрыроды.

Адкуль ногі растуць

Пастанова Саўміна № 794 «Аб некаторых пытаннях здабычы торфу і аптымізацыі сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый» ад 17 чэрвеня 2011 г. зацвердзіла спіс балот, якія варта адвесці для торфараспрацоўкі. Гэта восем запаведных тэрыторый, за некаторыя з іх ужо сталі змагацца. Цікава, што летам 2013 абурэнне грамадскасці, а потым і рашэнне пракуратуры Пухавіцкага раёна выратавалі заказнік мясцовага значэння «Вецярэвіцкі». Зараз на парадку дня – выратаванне заказніка «Азёры», а значыць, балота Святога і буйнога комплексу балотных азёр.

Намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Наталля Жаркіна на грамадскім абмеркаванні распавяла пра тое, што ўжо дзейсныя тарфяныя распрацоўкі негатыўна ўплываюць на заказнік «Азёры». Яна пералічвае, якія змены адбыліся ў тутэйшай прыродзе. Так, возера Суботняе назаўжды знікла з карты Гродзенскага раёна, плошча возера Шчупакова за перыяд з 1986 па 2013 зменшылася ў 2 разы. Гэтае ж возера сур'ёзна змялела: калі да торфараспрацовак яго глыбіня складала ў сярэднім 1 метр, то цяпер гэта ўсяго толькі 30 сантыметраў. Возера Глінец, размешчанае, здавалася б, досыць далёка ад торфараспрацовак – за паўтара кіламетра – паменшылася на 19 % ( 3,3 гектара). Знізілася празрыстасць вадаёмаў і павялічылася да мяжы кіслотнасць вады. Наталля Жаркіна выказала пазіцыю свайго міністэрства: пры такім уздзеянні ўжо існуючых распрацовак на возеры заказніка аддаваць торфазаводу новыя – нельга.

Мясцовыя жыхары звесткі Мінпрыроды пашырылі: разам з абмяленнем азёр і асушваннем балот мялеюць калодзежы. Там, куды ўжо прыйшлі торфараспрацоўкі, няма журавін. Праўда, ягада, на якой у сезон жыхары могуць зарабіць па некалькі тысяч даляраў, яшчэ ёсць на частцы балота Святога, да якога пакуль не дабраліся торфараспрацоўшчыкі.

Павел Размыслаў нарадзіўся на Святым балоце. Расказвае, што яго дзед і бацька калісьці дапамагалі адводзіць зямлі пад меліярацыю. «Мой дзед і бацька адводзілі першыя плошчы пад засваенне гэтага Святога балота. Усё адбывалася на маіх вачах: усе навуковыя работнікі, якія пабылі тут, праходзілі праз нашу хату. І тады яшчэ, у савецкія гады, ішла гаворка аб азёрах. І была выразная ўстаноўка: бліжэй за 1 кіламетр ні да аднаго возера не падыходзіць. А цяпер: і балоты знішчым, і азёры знішчым. Гэта што значыць – самі спалім сваю хату?»

Калі ратаваць возера як мае быць – «гэта будзе залаты брыкет»

Вядома, што калі торфазаводу ўсё ж такі вылучаць тэрыторыю заказніка, то распрацоўкі будуць праводзіцца ўсяго за 180 метраў ад возера Глінец і за 350 метраў ад возера Доўгае, блізка не падышлі торфараспрацоўкі і да возера Шчупаковага. Даследаванні спецыялістаў Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі абвяшчаюць: возера Шчупакова і Глінец будуць знішчаныя, узровень вады ў возеры Доўгім сур'ёзна панізіцца, на прылеглых тэрыторыях зменіцца гідралагічны рэжым.

 Прадпрыемства запэўнівае: каб захаваць возера, перад імі пабудуюць супрацьфільтрацыйныя дамбы, гідрабар’еры. Больш за тое, «Верцялішкі» гатовы «ўступіць» у сваіх прэтэнзіях – замест 250 гектараў узяць у распрацоўку толькі 191 гектар. Аднак эколагі перакананыя, што звязваць паменшаныя апетыты прадпрыемства з клопатам пра заказнік не варта. Наадварот, лічаць эколагі, такім чынам прадпрыемства зможа пазбегнуць паўнавартаснай экалагічнай экспертызы – ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе праводзіцца толькі на торфараспрацоўцы плошчай 250 гектараў і больш.

Што тычыцца мер па абароне азёр, то дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук разважае так:

- Прапануецца пабудаваць супрацьфільтрацыйную дамбу, якая адгарадзіла б пляцоўку распрацоўкі ад саміх азёр. Вядома, гэта дадатковыя рэсурсы. І гідрабар’ер можна ўсталяваць – гэта яшчэ даражэй. І без таго стратныя прадпрыемствы будуць яшчэ і яшчэ ўкладаць грошы? Але і гэта не прынясе выніку: возера знаходзіцца ў лагчынах, у іх цячэ вада з захаду і поўначы і фармуе іх водных баланс. Калі будуецца супрацьфільтрацыйная дамба, яна не толькі адгароджвае пляцоўку ад азёр, але і адгароджвае возера ад той вады, якая ў іх раней паступала. Атрымліваецца, што азёры застануцца, а харчаванне ў іх істотна зменіцца… Вядома, інжынерная думка можа пайсці вельмі далёка! І вельмі лёгка можна прапанаваць у возера пампаваць ваду. Тады гэта будзе яшчэ даражэй. І ваду трэба будзе пампаваць пастаянна, пакуль азёры існуюць, а не 10-20 гадоў. Зразумела, ніхто гэтага рабіць у доўгатэрміновай перспектыве не будзе. Гэта будзе залаты брыкет.

Участкі пасля здабычы торфу прадпрыемства абавязваецца забалаціць. Аднак эколагі тлумачаць: выпрацаваныя ўчасткі на верхавых балотах забалочваюцца складана і дорага, значна складаней, чым на нізінных балотах. Да таго ж і так шмат пытанняў да прадпрыемства па тым, як адбываецца забалочванне ўжо адпрацаванай тэрыторыі.

Зрэшты, ёсць у праекта «Верцялішак» і абаронцы сярод вучоных. Так, прадстаўнік навукова-даследчай лабараторыі возеразнаўства БДУ Барыс Уласаў паспрабаваў пераканаць прысутных, што заказнік калісьці ствараўся не дзеля малых азёр, а дзеля азёр буйных накшталт мясцовага возера Белае і Ант. А іх, маўляў, магчымае асушванне ніяк не закране. На гэта эколагі адказалі: заказнік разглядаецца як комплекс з азёр, балот і іншых аб'ектаў. Парушэнне нейкага кампанента прывядзе да непазбежнай змены астатніх.

«За якую працу трымацца? За працу ў 2 мільёны?»

Кіраўніцтва самага торфапрадпрыемства « Верцялішкі « верыць: яны забяспечваюць энергетычную бяспеку краіны. І занятасць для 160 чалавек, а таксама «нармальныя ўмовы жыцця» для 400 чалавек іх сем'яў. Намеснік дырэктара ГПА « Гроднамежрайгаз», у склад якога цяпер уваходзяць «Верцялішкі», Генадзь Даўкшыс пералічвае, каму зараз патрэбна іх прадукцыя. Там і службы ЖКГ, і бальніцы, і школы, і дзіцячыя сады. А таму і мадэрнізацыя цяперашняя абгрунтавана, і забяспечыць яшчэ 15 гадамі працы прадпрыемства варта.

Грошы на торф або на вецер?

З 2008 года на торфапрадпрыемстве «Верцялішкі» ідзе мадэрнізацыя. За 2008-2012 гады на рэканструкцыю патрацілі 47,5 мільярда рублёў. У 2013 годзе на завяршэнне работ будзе накіраваны яшчэ 21 мільярд рублёў.

Аднак нават у міністэрскіх калідорах на гэты конт з'яўляюцца цалкам супрацьлеглыя думкі.

Намеснік міністра Мінпрыроды Ігар Качаноўскі задаецца пытаннем: а ці варта гэта высілкаў? Робіць ён гэта на падставе паведамлення Міністэрства энергетыкі аб несуцяшальным становішчы спраў у тарфяной прамысловасці. Так, Качаноўскі прывёў шэраг лічбаў, якія паказваюць, што пастаўкі паліўнага брыкету як на ўнутраны, так і на знешні рынак з кожным годам сур'ёзна зніжаюцца. Прычым на ўнутраным рынку гэта звязана ў асноўным з газіфікацыяй населеных пунктаў, а на знешнім – з тым, што буйныя еўрапейскія спажыўцы з торфу пераходзяць на іншыя віды паліва.

- Торфабрыкетная галіна стратная ў гэтым годзе, яна была стратнай і ў 2012 годзе. Як жа гэта адбіваецца на работніках торфабрыкетнага галіны? Па выніках 8 месяцаў 2013 сярэдняя заработная плата ў тарфяной прамысловасці – на 15 % ніжэйшая за сярэднюю заработную плату ў РБ і 24 % ніжэйшая за заробак ў прамысловасці. Пытанне аб мэтазгоднасці далейшага развіцця торфабрыкетнай галіны ўзняты Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі, таксама ўзнята пытанне аб эфектыўнасці ўкладання сродкаў на развіццё торфабрыкетнай галіны. Ёсць даручэнне ўрада Міністэрству эканомікі даць ацэнку мэтазгоднасці мадэрнізацыі асобных торфабрыкетных вытворчасцей і будаўніцтву новых торфаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

Па словах Качаноўскага, пытанне гэта было разгледжана ў Саўміне некалькі дзён таму і прынятае рашэнне мадэрнізаваць такія прадпрыемствы, але не на здабычу торфабрыкету, а па іншых накірунках.

Як распавялі афіцыйныя прадстаўнікі прадпрыемства «Верцялішкі», тыя самыя «нармальныя ўмовы для работнікаў і іх сем'яў» выражаюцца ні многа ні мала – у сярэднім заробку па прадпрыемстве ў тры мільёны 19000 рублёў. Па словах іншых удзельнікаў, людзі тут часам зарабляюць і менш за два мільёны рублёў.

- А працягваць на 20 гадоў агонію торфабрыкетнага завода пры гэткай мізэрнай заработнай плаце я не бачу мэтазгоднасці. Падтрымалі такую думку Мінэканомікі і Мінбудархітэктуры, якое лічыць немэтазгодным выкарыстоўваць торф у цэментнай галіне – вялікія выдаткі, пажаранебяспека. Прычым апошні час зніжаны цэны на каменны вугаль – танней вазіць з Кузбаса каменны вугаль, чым тапіць уласным торфам! – заявіў Ігар Качаноўскі.

Дэпутат Аляксандр Мяжуеў узначальвае ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу камісію па нацыянальнай бяспецы. Пра экалагічную бяспеку Аляксандр Мяжуеў даў магчымасць казаць эколагам, а пра эканамічную некалькі непрыемных словаў у дачыненні да беларускіх торфапрадпрыемстваў сказаў.

- Усе абураемся, чаму дрэнна жывем. Вось наглядны прыклад: торфабрыкетнага галіна – нулявая, укладаем мільярды рублёў для мадэрнізацыі вытворчасцей. Паўстае пытанне: для чаго? За 20 гадоў, калі мы аддамо гэтую плошчу, прадпрыемства гэта заробіць «аж» 50 мільёнаў даляраў! Падзяліць на 20 гадоў – у год 2,5 мільёна?

На папрокі з нагоды таго, што ў выпадку недалучэння заказніка для распрацовак застануцца без працы 160 чалавек, ён адказвае:

- Тут усе выступоўцы кажуць: вось, 160 чалавек, трэба захаваць працу. Якую працу? Дзе менш за два мільёны рублёў плацяць? Агракамбінат «Скідзельскі» зусім побач. Правёў мадэрнізацыю еўрапейскай якасці, сярэдняя зарплата сёння там 4,5 мільёна плюс сацпакет. Катастрафічна не хапае рабочых рук. І цяпер кіраўніцтва камбіната прадумвае пытанне: ці можна везці сюды малдаван. Калі малдаване не паедуць, трэба шукаць в'етнамцаў! Пытанне нашай нацыянальнай бяспекі: мы адны грошы ўкладваем туды, куды ўжо бескарысна укідваць, а іншыя грошы трацім на нашых людзей. Можа, пара пачаць лічыць мільярды?

«Верцялішкі» у адказ крыўдзяцца: мадэрнізацыя праводзіцца ў адпаведнасці з дзяржпраграмай «Торф», а дакумент аб адводзе зямель васьмі заказнікаў пад торфараспрацоўкі яшчэ пару гадоў таму падпісалі і ў Саўміне, і ў Мінпрыроды.

Аднак, нават нягледзячы на падпісаныя калісьці дакументы, некаторыя мясцовыя жыхары заікнуліся аб якасці тутэйшага торфу.

- Я тэлефанаваў у гарпаліва. Пытаюся: як вам якасць торфу ў «Верцялішках»? Адказваюць: жудаснае, — запэўнівае Павел Размыслаў, ураджэнец вёскі каля самага Святога балота.

Па словах многіх, радовішча «ўжо сваё адыграла».

 

Торфавозную вузкакалейку зрабіць турыстычнай?

Пабачыўшы, што ў сваім жаданні захаваць астатнюю частку заказніка некранутай яны не адныя, мясцовыя жыхары і госці з іншых куткоў Беларусі, якія часта бываюць у «Азёрах», сталі прапаноўваць, што можна зрабіць, калі торфабрыкетны завод адпрацуе апошнія радовішчы.

Сяргей Каляда з Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюза прапанаваў зірнуць на досвед Літвы і Польшчы.

- У нас прапанова ператварыць гэта ў турыстычны аб'ект, які будзе называцца «Малая вузкакалейка». Яна будзе вазіць турыстаў па месцах у раёне Святога балота. Мы са свайго боку абяцаем, што прыкладзем усе намаганні, каб знайсці інвестыцыі для рэалізацыі гэтага праекта, калі ён будзе распрацаваны.

Па словах Каляды, калі стварыць неабходную інфраструктуру, то аб'ект будзе загружаны турыстамі, тым больш што там жа знаходзіцца досыць вялікі санаторый.

А сівавалосы мясцовы жыхар так рэзюмаваў размову больш маладых ды больш пісьменных:

- Я лічу, лепш выпрацаваныя палі засадзіць канадскімі журавінамі. Яны ж буйныя, як сліва. І будзе больш карысці, чым ад вашага торфу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?