Кан'юнктурнае апытанне прамысловых прадпрыемстваў, праведзенае ў кастрычніку гэтага года, зафіксавала стагнацыю вытворчасці.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аб выніках апытання, праведзенага Навукова-даследчым эканамічным інстытутам (НДЭІ) Міністэрства эканомікі.

«Кан'юнктурнае апытанне, праведзенае ў кастрычніку гэтага года, зафіксавала стагнацыю вытворчасці і попыту, невялікае зніжэнне ўзроўню загрузкі магутнасцяў і занятасці. Запаволілася скарачэнне запасаў гатовай прадукцыі, рост цэн нязначна паскорыўся», — канстатуюць у справаздачы спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі.

Індэкс прамысловага аптымізму, які разлічваюць на аснове вынікаў апытання спецыялісты інстытута, у кастрычніку знізіўся на 5 пунктаў і склаў мінус 24 пункты.

«Нізкі ўзровень гэтага паказчыка абумоўлены перавагай негатыўных прагнозных ацэнак выпуску прадукцыі і адлюстроўвае ўзмацненне негатыўных тэндэнцый у прамысловасці», — тлумачаць спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі.

Больш як палова кіраўнікоў (59%) прампрадпрыемстваў, якія ўзялі ўдзел у апытанні, мяркуюць, што найбліжэйшым месяцам эканамічнае становішча іх арганізацый не зменіцца.

Доля негатыўных ацэнак склала 22%, што на 5 пунктаў больш, чым у верасні. Толькі 17% апытаных прагназуюць паляпшэнне, гаворыцца ў справаздачы.

Кіраўнікі прадпрыемстваў не чакаюць у найбліжэйшыя месяцы росту аб'ёмаў вытворчасці.

«Чаканні кіраўнікоў у сферы аб'ёмаў выпуску, хутчэй, можна ахарактарызаваць як песімістычныя, нягледзячы на тое што доля кіраўнікоў, якія прагназуюць найбліжэйшым месяцам рост вытворчасці, пераважае над доляй негатыўных прагнозаў (28% супраць 23%).

Практычна палова рэспандэнтаў (49%) мяркуюць, што выпуск прадукцыі на прадпрыемствах застанецца на ранейшым узроўні», — канстатуюць спецыялісты НДЭІ Мінэканомікі.

Вынікі кастрычніцкага кан'юнктурнага апытання, праведзенага НДЭІ Мінэканомікі, утрымліваюць ацэнкі, атрыманыя ад 423 кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў.

З усіх прадпрыемстваў з колькасцю занятых больш як 100 чалавек, на долю якіх прыпадае прыблізна 90% прамысловага выпуску краіны, у кан'юнктурнае апытанне ўключаны больш як траціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?