У Мінску гамяльчаніна Юрыя Рубцова, які прыйшоў на акцыю з нагоды Дзядоў у майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!», асудзілі на 3 сутак арышту.

Як вы да гэтага ставіцеся, спытаўся карэспандэнт БелаПАН у жыхароў Гродна.

 

«Гэта неразумна. А навошта? Гэта плакат свайго роду. Калі ты за нешта галасуеш, то галасуй — дзе належыць, патрабуй там. Ці не хадзі на выбары, арганізоўвай іншую партыю, а так чаго «крычаць» у гэтай майцы? Ну, выйшаў і выйшаў, я лічу, людзі павінны разабрацца ў гэтым».

«Тут баішся сказаць, па-першае!»

«Можа, калі груба — можна ж усякае напісаць. Гледзячы, з якога боку паглядзець».

«Увогуле ў нас у краіне свабода слова, і кожны можа сказаць тое, што ён хоча, каб гэта ў нармальнай форме было. Тым больш ні імя, ні пасады там не было, а ён у нас не адзін такі ў краіне».

«Там жа не было ў грубай форме напісана, проста — сыходзь. Любы чалавек можа сысці — і дырэктар, і таксіст, любому можна напісаць — сыходзь».

«Хто ж яго ведае, не бачыў тую майку, чэснае слова. Таму што на майцы можа рознае быць напісана. Каб вось на яе паглядзець, то можна было б сказаць — добрая майка ці дрэнная!»

«Ну, дваццаць першы век — што хоча чалавек, тое і носіць. Да палітыкі гэта справы не мае, я так думаю. Канечне, няправільна».

«Тут адна справа — тое, што думае народ… Як тут сказаць: трэба думаць спачатку — што надзяваць і дзе ты жывеш, неяк так, напэўна».

«Я асабліва ў гэта не ўнікаю, але скажу шчыра: такая сітуацыя мне не падабаецца, калі адзін, як кажуць, дыктатар аўтарытарна вырашае ўсё — як там карову даіць і бульбу саджаць.

Калі ў нас дэмакратыя і выбары, значыць, можна галасаваць за, можна галасаваць супраць, дакладней — агітаваць. Правільна? Гэта ж тая самая агітацыя супраць, не зневажанне брыдкімі словамі, правільна?

Так што гэтага я не ўхваляю. Падрабязнасцяў ня ведаю, але хапае такіх выпадкаў: абы за што прычапіцца і ўпаяць тэрмін чалавеку ці штраф. Каб баяліся, каб былі ціхія».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?