Тота Кутуньё
у Віцебску

На сваім сольным канцэрце, які адбыўся 22 верасня ў Летнім амфітэатры ў межах «Вялікіх гастроляў АНТ», зорка італьянскай эстрады Тота Кутуньё надзвычай здзівіў віцебскую публіку. Сусветна вядома артыст пад канец свайго выступлення раптам заспяваў… па‑беларуску.

У выкананні маэстра прагучала песня, якую ці не напамяць ведае кожны беларус, — «Вы шуміце, бярозы» з рэпертуара ансамбля «Сябры». І, напэўна, вывучыць гэту песню артысту было няцяжка: нездарма ж кажуць, што беларуская і італьянская мова — самыя спеўныя ды мілагучныя ў свеце. Знакаміты спявак, па ўсім, добра падрыхтаваўся да сустрэчы з беларускімі слухачамі. Яны, дарэчы, падпявалі яму не толькі «Вы шуміце, бярозы», але і «Soli», «L’italiano» ды іншыя хіты, хай сабе і на дрэннай італьянскай.

Яшчэ Тота праспяваў пад гітару серенаду, прысвечаную віцебскім прыгажуням. У падзяку жанчыны неслі яму кветкі, дзеці дарылі мяккія цацкі. А адзін мужчына нават зняў свой наручны гадзіннік. Кутуньё быў здзіўлены. «Я б мог аддаць вам свой «Ролекс», але гэта падарунак жонкі», — сказаў ён.

Яна Ільіна, Народныя навіны Віцебска. Фота alenka-pit

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0