Дзіўным чынам паездкі абодвух галоўных Віктараў гэтай выбарчай кампаніі па рэгіёнах Украіны прынесьлі за адзін дзень — 25 верасьня — лінгвістычныя навіны.

У Сумах Віктар Юшчанка заявіў, што ва Ўкраіне адна дзяржаўная мова й ніякая іншая мова ня можа стаць такою, аднак пажадаў моладзі авалодаць «некалькімі мовамі, ня толькі дзьвюма».

А на тэлебачаньні ў Палтаве Віктар Януковіч сказаў: «Нам трэба браць прыклад з Эўропы, дзе шмат краін, якія маюць афіцыйныя дзьве ці тры мовы».

Калі прэзыдэнт пад трэцяю мовай меў на ўвазе, відавочна, ангельскую, то пра што думаў прэм’ер? Бо не англійскую ж мову Партыя рэгіёнаў хоча зрабіць дзяржаўнай.

Досьвед краін Эўропы, на які спасылаецца Віктар Януковіч, падказвае, што трэцяю мовай мае быць мова гістарычнай нацыянальнай мяншыні, як гэта зрабілі зь нямецкай у Бэльгіі.

Якраз гэтая дзяржава мае ўнікальны лад з трыма рэгіянальнымі — Фляндрыя, Валёнія ды Брусэль і трыма моўнымі супольнасьцямі — флямандзкай, францускай ды нямецкай, якія не супадаюць геаграфічна.

Ёсьць яшчэ Швайцарыя з чатырма мовамі, але мала хто ва Ўкраіне ведае, што ў кожным кантоне гэтай краіны ёсьць толькі адна галоўная афіцыйная мова, таму ў Цюрыху ды Бэрне ўсе надпісы зробленыя нямецкай, а ў Жэнэве й Лязане — францускай.

У памежных з Італіяй кантонах ужываюць італьянскую, а недзе ў гарах афіцыйнай ёсьць чацьвертая мова — рэтараманская, якая зьнікае.

Самае цікавае, што супольнай швайцарскай мовай неўзабаве можа стаць пятая — англійская. Бо ў кожным кантоне ў школах вывучаюць яе й сваю. Фэдэральная ўлада Швайцарыі намагаецца спрыяць вывучэньню нямецкай у франкамоўных кантонах ды францускай у нямецкамоўных, але гэта ёй ня дужа ўдаецца.

Ня хочацца рабіць доўгую лекцыю пра адрозьненьні фінскай і швэдзкай (дзьвюх афіцыйных моў у Фінляндыі), флямандзкай і францускай, францускай і нямецкай. Усе яны належаць да розных моўных груп — у адрозьненьне ад украінскай і расейскай.

Дык якую трэцюю мову варта абраць Украіне як дзяржаўную, калі другой стане расейская?

Калі Віктару Януковічу так хочацца мець тры дзяржаўныя мовы, то вось яму тры аргумэнты на карысьць беларускай.

Па‑першае, сам спадар Януковіч мае беларускія карані й павінен зрабіць дзеля гістарычнай бацькаўшчыны штось больш сутнаснае, чым прыехаць на хутар Янукі Віцебскай вобласьці ды раздаць яго старым жыхарам па 100 даляраў — гэта было некалькі гадоў таму, але агульная сума наўрад ці перавысіла тысячу даляраў, бо хутар вымірае.

Па‑другое, трэцяю нацыянальнаю групай ва Ўкраіне ды другой па колькасьці нацмяншыняй ёсьць мы, беларусы. Хаця нас даганяюць малдаване, усё ж такі беларуская мова ёсьць зразумелай для ўсіх усходніх славян, а малдаўская — ня дужа. Да таго ж частка носьбітаў лічыць яе румынскаю.

Па‑трэцяе, беларусы Ўкраіны ёсьць адзінай нацмяншыняй, якая ня мае моўнай падтрымкі зь «вялікай зямлі».

Расея тут стварае цэнтры расейскай культуры, прывозіць кніжкі й прэсу, трансьлюе тэле‑ й радыё прадукцыю на расейскай мове. У Малдове нічога малдаўскай мове не пагражае. Усе іншыя нацмяншыні Ўкраіны колькасьцю больш за 50 тысяч асоб маюць за мяжой свае нацыянальныя дзяржавы з нацыянальнаю мовай. Апроч татар і крымскіх татар, хоць ёсьць Рэспубліка Татарстан і Аўтаномная Рэспубліка Крым, дзе прынамсі на будынку парлямэнту ёсьць надпіс на крымскататарскай мове.

А ў Беларусі сытуацыя ўнікальная. І акурат таму, што там уведзеная другая дзяржаўная мова — расейская.

Парлямэнт там працуе й ухваляе законы толькі на расейскай мове, тэлебачаньне паказвае навіны таксама толькі на ёй.

(Суседняя Польшча 10 кастрычніка запускае беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», каб насельніцтва Беларусі магло глядзець навіны на першай дзяржаўнай мове.)

Беларуская мытня толькі пасьля рэзананснага скандалу з судовым працэсам над асобай, якая прасіла на мяжы даць ёй беларускамоўны блянк мытнай дэклярацыі, вырашыла надрукаваць такія блянкі. Шмат у якіх гарадах не засталося ніводнай школы зь беларускай мовай навучаньня (а ВНУ такіх і не было).

Міліцыя за размову па‑беларуску можа затрымаць па падазрэньні ў апазыцыйнасьці да прэзыдэнта Лукашэнкі, а незалежныя беларускмоўныя газэты забаронена распаўсюджваць праз манапалістаў «Белпошту» ды «Белсаюздрук».

Калі Партыя рэгіёнаў сапраўды ня хоча паўтарэньня ва Ўкраіне такой беларускай сытуацыі пасьля зацьвярджэньня тут расейскай мовы як другой дзяржаўнай, то няхай спачатку зробіць другой дзяржнай мову беларускую.

А вось калі мая нацыянальная мова будзе ўратаваная ад зьнішчэньня Лукашэнкам, калі Януковіч авалодае мовай сваіх дзядоў і давядзе паўночнаму суседу й усяму сьвету, што ён асабіста ёсьць шматмоўным эўрапейцам, калі Ўкраіна выканае свае абавязальніцтвы перад Радай Эўропы стасоўна моў усіх сваіх нацмяншынь, пачынаючы зь беларускай, малдаўскай, крымскататарскай ды сканчаючы гагавузкай, нямецкай ды цыганскай.

Тады можна будзе расейскую мову зрабіць трэцяй. Вось дзе будзе трызуб з трыма языкамі.

Юры Сьвірко, «Українська правда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0