Чырвоны касьцёл
цяпер не на Берсана,
а на Вайніловіча

Дэпутаты Мінгарсавета прынялі рашэнне аб прысваенні назваў шэрагу новых і перайменаванні ўжо існуючых вуліц сталіцы

Дэпутаты Мінскага гарадскога савета дэпутатаў прынялі рашэнне аб прысваенні назваў шэрагу вуліц сталіцы, якія будуюцца ў мікрараёне Міхалова. Гэтае рашэнне большасцю галасоў (37 дэпутатаў з 44 прагаласавалі «за») прынята на 5‑й сесіі Мінгарсавета 26 верасня ў Мінску.

Так, дзве праектуемыя вуліцы ад праспекта «газеты «Звязда» да вуліцы Гурскага, будуць насіць імёны класіка беларускай літаратуры Янкі Брыля і вядомага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Беларусі, канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі.

Як патлумачыў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віктар Кураш, гэта рашэнне прынята па просьбе рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» і шэрагу дзеячаў культуры Мінска.

Таксама прынята рашэнне аб перайменаванні вуліцы Берсана ў вуліцу Эдварда Вайніловіча. Як зазначыў В.Кураш, з просьбай аб перайменаванні вуліцы ў Мінгарвыканкам звярнуліся прадстаўнікі рымска‑каталіцкай царквы ў Беларусі. Эдвард Вайніловіч — вядомы ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя магнат і мецэнат, які падтрымліваў беларускі незалежны рух, 11 чэрвеня 2006 года ён быў перапахаваны ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). За свае грошы Вайніловіч пабудаваў яго ў 1910 годзе.

Па просьбе прадстаўнікоў праваслаўнай царквы, безыменны праезд ад вуліцы Каліноўскага да Мінскай кальцавой аўтадарогі цяпер называецца «Вуліца Усіхсвяцкая». Гэта вуліца будзе дарогай да храма‑помніка «У гонар усіх святых і нявінна забітых у Айчыне нашай», што цяпер будуецца ў сталіцы.

Марына Носава, БелаПАН

Глядзі яшчэ:
Бацька Сымона і Алены

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0