06.11.2013 / 13:33

Кобрыншчыну чакаюць перавыбары: дэпутат палаты прадстаўнікоў складае паўнамоцтвы 6

Рэгіён чакаюць «давыбары» ў парламент.

22 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка даў дазвол на прызначэнне Аляксандра Зазулі старшынём Кобрынскага райвыканкама. На момант прызначэння чыноўнік узначальваў у парламенце пастаянную камісію па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце.

Паводле беларускага заканадаўства, сумяшчаць дзве гэтыя пасады чыноўнік не мае права. Таму неўзабаве ён павінен скласці паўнамоцтвы дэпутата.

Паводле Закона «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь» дэпутат ніжняй палаты ажыццяўляе свае паўнамоцтвы на прафесійнай аснове, выключэнне зроблена толькі для навуковай, выкладчыцкай, культурнай, творчай дзейнасці і медыцынскай практыкі. У іншых выпадках дэпутат абавязаны датэрмінова скласці свае паўнамоцтвы.

У Цэнтрвыбаркаме паведамілі, што апошнім часам прэцэндэнтаў, каб «народна абранага дэпутата» адклікалі на іншую працу, не было.

Сам Аляксандр Зазуля на зварот, звязаны з пытаннем, як ён будзе сумяшчаць дэпутацтва з кіраўніцтвам справамі Кобрынскага раёна паведаміў:

«У сувязі з прызначэннем на новую пасаду мной у адрас палаты прадстаўнікоў будзе накіравана заява аб звальненні з пасады старшыні пастаяннай камісіі … Рашэнне аб вызваленні … прымаецца палатай прадстаўнікоў».

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што Зазуля пакуль не складаў сваіх паўнамоцтваў. На сайце парламента па-ранейшаму ён з’яўляецца старшынём камісіі. Тым часам на сайце Кобрынскага райвыканкама імя новага старшыні ўжо пазначана –Аляксандр Іванавіч Зазуля.

Хто заменіць дэпутата ў парламенце?

«Давыбары» праводзіць складана, - кажа Мікалай Лазавік, - бо калі выбіраецца адначасова 110 дэпутатаў, то працуе ўся дзяржаўная машына - ЦВК, мясцовыя камісіі, СМІ… А на адным участку складана ўзняць людзей на галасаванне. Таму мы імкнемся ў такіх сітуацыях аб'ядноўваць выбары на адным участку з наступнымі агульнадзяржаўнымі - з мясцовымі ці выбарамі прэзідэнта. Магчыма, на Навабеліцкай акрузе ўдасца правесці выбары адначасова з мясцовымі. Ну і калі Зазуля ці нехта іншы адкліча паўнамоцтвы, то і на тых участках таксама.

Нагадаем, што на апошніх парламенцкіх выбарах было абрана 109 дэпутатаў з 110 магчымых – на Новабеліцкай акрузе, дзе ў выніку балатаваўся толькі адзін кандыдат ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі, грамадзяне «не змаглі» абраць дэпутата.

Па меркаванні палітолага Валера Карбалевіча,

рашэнне Аляксандра Лукашэнкі аб прызначэнні дэпутата кіраўніком райвыканкама сведчыць пра тое, што выканаўчая ўлада несур’ёзна ставіцца да парламента.

«Гэта тлумачыцца тым, што сённяшні парламент выконвае толькі намінальныя функцыі, не з’яўляецца самастойнай галіной улады. Таму дэпутатаў, як і іншых чыноўнікаў, перасоўваюць з адной пасады на іншую», - адзначыў эксперт.

Дэпутат палаты прадстаўнікоў ІІ склікання Уладзімір Навасяд паведаміў, што раней не было прэцэндэнтаў, каб дэпутаты сыходзілі, не адпрацаваўшы свой тэрмін, на іншую пасаду.

«У той час парламент працаваў больш прафесійна. Хоць сярод дэпутатаў І і ІІІ склікання былі тыя, хто паралельна з дэпутацтвам займалі кіраўнічыя пасады ў дзяржаўных установах.

Па правілах павінна была склікацца камісія, якая б выкрыла гэтыя выпадкі. Але на практыцы такія праверкі не праводзіліся», -

узгадвае былы дэпутат.

* * *

Дасье

Аляксандр Зазуля

Нарадзіўся ў 1965, у вёсцы Гайкоўка Кобрынскага раёна. Скончыў БДУ па спецыяльнасці «правазнаўства», Акадэмію кіравання. Выхадзец з камсамола. Працаваў першым сакратаром Кобрынскага ГК ЛКСМБ, загадчыкам аддзела гандлю, інспектарам па справах моладзі, юрыстам Кобрынскага гарвыканкама, у фірме «Фактар», дырэктарам ЗАТ «Аптымалсэрвіс» горада Кобрына. На парламенцкіх выбарах у 2012 быў абраны па Кобрынскай выбарчай акрузе паўторна, з’яўляўся дэпутатам і ІV склікання. У 2012 у інтэрв’ю тэлеканалу СТВ заявіў, што яго дэпутацкі заробак складае 10 мільёнаў рублёў.

Адар'я Гуштын

0
Alex / Адказаць
06.11.2013 / 14:01
Прынцып раздзялення ўлады мае на ўвазе, што людзі, якія ствараюць законы не павінны мець аніякага дачынення да выконвання законаў, бо ў адваротным выпадку які-небудзь дэпутат мог бы пісаць законы пад сябе, а затым адпаведным чынам іх і выконваць. Як вынікае, у нашай краіне гэты прынцып не дзейнічае.
0
лукамор'е / Адказаць
06.11.2013 / 16:00
Ну вось, хай бы тая фінская экспертка ( http://nn.by/?c=ar&i=117250 ) пачытала, як у нас прызначаюць мясцовую ўладу, і на колькі яна самастойная. А то самі прыдумаюць, потым павераць прыдуманаму і айда людзям галовы тлуміць. Дарэчы, а што нарабілася з папярэднім старшынёй райвыканкама? пал жэртвай хабара ці што?
0
Крем / Адказаць
06.11.2013 / 16:08
а Маскевіч што сабе думае?)
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру