Паглядзеў-паслухаў, як Аляксандр Рыгоравіч натхняў брррсэмаўцаў пакінуць свае амбіцыйныя памкненні да ўласнай справы і ўсім кагалам, разам з расейцамі, наваліцца на  будоўлю АЭС.

То бок абвясціў, ці то з дазволу Пуціна хутка абвесціць тую будоўлю «камсамольскай». Вось і не ведаеш зараз, чаго больш страшыцца — самой АЭС ці «камсамольскай будоўлі»…

Быў ці мусіў загадзя быць на той сустрэчы з «вечна маладымі» нібыта шчымлівы для прэзідэнта момант, калі нейкае дзяўчо, захлынаючыся ад свайго дачынення да гістарычнага моманту, тыцнула пальчыкам у нейкі артыкул нібыта пра нейкую камсамольскую будоўлю з колішняй, здаецца 1972 года, «Знамёнкі». Пра што канкрэтна артыкул, пра каго — цёмна. Прамільгнула толькі «Саша Лукашэнка», быццам іншых Сашаў Лукашэнак на той час у краіне ўжо не было. Гэта зараз Аляксандр Рыгоравіч адзін, мо нават на ўвесь свет. А тады?

Тады Сашам звалі маладога, амаль падлетка, кіроўцу «газіка» з Івацэвіцкага райкама камсамола. Наконт прозвішча выдумляць не буду, мо і Лукашэнка. А мо і Лукашонак ці Лукашук… Адно памятаю дакладна: было ў ім нешта ад нячысціка, калі, шмыгаючы носам і хаваючы вочы, ён паведаміў, што тармазы працуюць і я дамчуся да Мінска без аніякіх праблем…

Тормаз праваліўся кіламетраў праз сорак, на небяспечным крутым павароце яшчэ вузкай у 1971 годзе шашы…

Зрэшты ў тым «газіку» валілася ўсё, акрамя рухавіка і блакітнай фарбы. Рухавік пыхкаў, крэхкаў, але ж патроху, не больш за 50 кіламетраў у гадзіну, цягнуў. Мо гэта і выратавала на тым павароце. А вось блакітная фарба, у адрозненне ад звычайнай зялёнай, надавала «газіку», аднаму з цудаў савецкага ВПК, шыкоўны выгляд — хоць зараз жа на парад…

Ужо і не памятаю, хто прапанаваў назваць яго Блакітным Казлатурам — Яўген Будзінас, Віця Здольнікаў, Іра Гурыновіч ці я. Але добра памятаю, адкуль узнікла гэта назва: з аповесці Фазіля Іскандэра «Созвездие Козлотура». Усе мы, супрацоўнікі тагачаснай «Знамёнкі», захапляліся той аповесцю. Мо таму, бо, як у люстры, пазнавалі ў ёй усё ліхаманкавае крывадушша савецкай рэчаіснасці, а ў той рэчаіснасці і сябе…

Блакітны Казлатур спатрэбіўся нам для так званай выязной рэдакцыі ў Акцябрскі раён, з якога адразу за Бабруйскам пачынаецца Палессе, і дзе некалі існавала знакамітая Рудабельская рэспубліка.

Раён быў адметны тым, што ад самага пачатку савецкай улады яна і чырвоны сцяг ніколі, нават у апошнюю вайну, адтуль не знікалі. Што адразу кідалася ў вочы — больш жабрацкіх мясцін у Беларусі на той час не было. Лес, балоты ды пясок— гэта адтуль. Пра жабрацтва, праўда, ніхто з ЦК камсамола не згадваў, калі абвяшчаў раён «камсамольскай будоўляй», больш пра патрыятызм і баявыя традыцыі…

Завадатарам «выязной рэдакцыі», халяўнай, іншым словам, авантуры, як і ў іншых справах, быў Яўген Будзінас. Явачным парадкам ён прызначыў сябе Камандорам, мяне «кіроўцам-карэспандэнтам», астатніх загадчыкаў рэдакцыйных адзелаў карэспандэнтамі. Але галоўны герой той даўняй гісторыі ўсё ж Блакітны Казлатур.

Ад каго ж яшчэ літаральна залежыла наша жыццё, калі аднойчы ў яго разам з мясцовымі камсамольцамі набілася аж 12 чалавек, і ён павёз іх на Пціч? Напярэдадні, праўда,ён скакаў у змроку проста па лесвіцы пад ліхтары танцпляцоўкі. І нічога, цяга не адвалілася. Але хто ж ведаў, што на Пцічы ён ціха прызнаецца, што цяга не зашплінтавана? Добра хоць знайшліся потым два звычайныя цвікі…

А як натхнёна працавала з ім на Слуцкім аўтарамонтным заводзе камсамольска-маладзёжная брыгада, якой з выпадку «камсамольскай будоўлі» было даручана зрабіць з Блакітнага Казлатура цукерку! То бок памяняць паршнявую групу, масты, цягі, каробку хуткасці і гэтак далей…

Галоўны інжынер, праўда, ціха папярэдзіў: «Вы далёка не адыходзьце. Тыдзень таму тут цалкам машыну скралі. Кранам праз плот…» Я зірнуў на плот — метраў пяць, бетонны, па версе калючы дрот…

Два дні я нават блізка не адыходзіў ад Блакітнага Казлатура. Ад’язджаў без затычкі бензабака. Што праўда, вярнулі. Але без ланцужка…

Не, не хопіць газетных нататкаў, каб расказаць пра ўсе прыгоды Блакітнага Казлатура. Але не абысціся без таго, як ён вазіў Будзінаса ў Крычаў здабываць для «камсамольскай будоўлі» цэмент. Яно заўжды было так: будоўля ёсць, а цэменту няма. Ёсць цэмент, а няма будоўлі… Тросся Блакітны Казлатур усю ноч, асвятляючы дадатковай моцнай фарай старадаўнія палескія далягляды.

Зранку высветлілася, што цэменту няма і не будзе.

Як шкада было дырэктара завода, які абхапіў галаву і час ад часу рыпеў зубамі, калі Будзінас прама з ягонага кабінета крычаў па тэлефоне сакратару ЦК партыі, як той будзе адказваць за зрыў будоўлі!

А ўвечары Будзінас ўжо ладзіў на вагоне доўгі чырвоны плакат: «Камсамольскай будоўлі — ад камсамольцаў краіны!»

Дзе той цэмент, пад якім можна было схаваць увесь пясок былой Рудабельскай рэспублікі? Дзе тая будоўля? Памятаю толькі, як хапаўся за сэрца старшыня райвыканкама, калі вяртаўся з чарговага «аб'екту». Але пра «аб’екты» не памятаю нічога. Нават не памятаю, пра што рабілі газетны дадатак.

Але жыве ў памяці жалобны мітынг, калі загінулі касманаўты Дабравольскі, Пацаеў і Волкаў. Я ўглядаўся ў счарнелыя твары наўкол і нейкім шостым пачуццём адчуваў, што менавіта гэта жахлівая смерць і ёсць сапраўды шчырай прыкметай жыцця…

І Блакітны Казлатур жыве ў памяці, не пакідае…

Жыве ў памяці, не пакідае, як ледзь не здрадзіў яму, калі развітваліся з Рудабелкай недзе ў далёкім лесе, на Пцічы. Добрая была самагонка, смачная юшка! Ну, а потым нахабна прышпорыў Блакітнага Казлатура і, каб не дыхаць пылам ад начальніцкіх «волгаў», уключыў на абгон паварот…

Імчалі мы з баявым сябрам па левым баку лясной гравійкі. Як ён стагнаў на ямінах, ухабінах, захлынаўся пылам! Але ж дамчаў да райкама хвілін на дваццаць раней за «волгаў». Ледзь трымаючыся на нагах, падышоў начальнік ДАІ: «В-в-вы… выключы паварот…»

Паспрабуй выключы.

Мігціць чырвона-жоўтым агеньчыкам у апраметнай ночы…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?