Шматдзетны бацька з Капыля Міхаіл Петрачэнка. Фота Сяргея Гудзіліна.

Капыль — невялікі гарадок. Фота Паўла Печанько.

Гэта гісторыя пра тое, як усё можна страціць, калі дамагаешся свайго. Шматдзетная сям’я Петрачэнкаў з Капыля спрабавала пабудаваць кватэру па льготным крэдыце, як абяцае дзяржава, а ў выніку так і засталася без свайго кута. А адзінага кармільца яшчэ і звальняюць з працы.

Міхаіл Петрачэнка напісаў дзясяткі зваротаў, не меншую колькасць разоў пабываў на прыёмах у кабінетах чыноўнікаў. міністраў Шчоткінай, Зайца, Вашчанкі, Шуневіча, Рады бяспекі, Адміністрацыі прэзідэнта, Генеральнай пракуратуры… Можна было б палічыць мужчыну прафесійным скаржнікам. Але вялікая цана пастаўлена на кон — дабрабыт чатырох непаўналетніх дзяцей.

Міхаіл і Святлана ажаніліся трынаццаць гадоў таму. Яна — настаўніца, ён — кіроўца ў пажарнай часці. У сям’і нарадзіліся дзеткі. Сёння Арцёму 12 гадоў, Віцы — 8, двайнятам Вераніцы і Антону — па 2.

У сакавіку 2011 яны сталі ў чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў. Да гэтага не сказаць, што было лёгка, але стала яшчэ горш. Прайшлі два з паловай года, а сям’я так і не можа вырашыць жыллёвае пытанне. Яно зразумела, у законах усё прапісана, як мусіць быць у ідэале. Але на справе атрымліваецца зусім па­іншаму.

Сям’ю паставілі ў чаргу па двух спісах: агульным і шматдзетным. А ўжо 29 ліпеня прапанавалі будаваць адну альбо дзве двухпакаёўкі — на выбар. Паколькі адна кватэра не паляпшала б умовы, сям’я спынілася на дзвюх. Хоць пры гэтым і трэба было са сваёй кішэні аплочваць «лішнія» метры.

Але як прапанавалі, так і адклікалі назад. Маўляў, першай пагадзілася іншая сям’я, таксама шматдзетная, але ў чарзе яна стаяла вышэй. Прапанавалі, як аказалася, не адным Петрачэнкам.

Міхаіл пачаў скардзіцца. Прасіў праверыць рашэнні чыноўнікаў. Сумняваўся, што кватэры перадаваліся тым, хто меў патрэбу. Ды тая шматдзетная сям’я ўзялася будаваць адну двухпакаёўку. А каму дасталася другая? «Усё законна» было адказам з правяраючых органаў.

Капыль — горад невялікі. І новага жылля будуецца не так шмат. Але ў наступным доме сям’і зноў прапанавалі адну альбо дзве двухпакаёўкі: акурат два чалавекі выйшлі з кааператыва. І тут за лішнія метры трэба было даплачваць самім. За 37,88 км. м налічылі 214 мільёнаў 293011 рублёў (па тагачасным курсе — 25 тысяч даляраў).

Для сям’і, у якой чацвёра непаўналетніх дзяцей, а гаспадыня знаходзіцца ў дэкрэце, сума фантастычная. Але вырашылі пагаджацца на будаўніцтва — меркавалі, што грошы знойдуцца. Бо іншай магчымасці займець свой кут, можа, і не надарыцца.

Банк выдзеліў ільготны крэдыт — на 40 гадоў пад 1 працэнт. Але грошай на аплату «лішніх» метраў так і не адшукалі: хаця ўсё­ткі частку сумы заплацілі самі. І куды толькі сям’я ў гэты час не звярталася, каб дапамаглі. Усё ўпустую. У выніку праз запазычанасць сям’ю выключылі з кааператыва.

А банк каторы месяц патрабуе вярнуць грошы. Толькі Міхаіл не пагаджаецца перааформіць дакументы на вяртанне крэдыту (ён адкрыты непасрэдна пад будаўніцтва і скарыстацца па­іншаму ім нельга). Чапляецца за любую нітачку, каб на яго праблему звярнулі ўвагу.

У дадатак у верасні Петрачэнка атрымаў паведамленне, што па заканчэнні кантракта, у студзені, ён застанецца без працы. Як сам лічыць, праз свае скаргі трапіў у няміласць да начальства. Пятнаццаць гадоў адпрацаваў у пажарнай службе кіроўцам, а цяпер стаў непатрэбным.

Сям’я магла купіць кватэру на другасным рынку жылля, пабудаваць дом — як гарантуе закон. Па словах жа Міхаіла, думалі і пра гэта. Толькі банк крэдытуе па ацэначным кошце кватэры на другасным рынку, але рэальная цана большая — і тут даплочваць няма з якой кішэні.

Што рабіць далей, гаспадар сямейства не ведае. Цяпер яго прытуліў брат — жывуць у вясковым дамку. Але гэта не выхад. А ўся гэтая цяганіна зрабіла Міхаіла недаверлівым, і на кожную сустрэчу з чыноўнікам ён ходзіць толькі з дыктафонам. «Каб пасля даказаць, што я нармальны чалавек, нікога не абражаю».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?