XXI стагоддзе... Прапускаючы праз сваё сэрца ўсё тое, што нейкім чынам вядома, я адчуваю сябе ў Сярэднявеччы. А можа нават і глыбей, далей, у нейкіх незразумелых джунглях…

П’янства, абяздоленасць, абнішчанне. Азлобленыя беднасцю, падманутыя людзі шукаюць выратаванне ў шклянцы барматухі… Адсюль — агрэсія, злосць, духоўная пустата, нярвовасць на мяжы псіхозу. Бунт супраць сваіх родных, блізкіх, такіх безабаронных, як самі. Чалавек становіцца закладнікам сістэмы, не бачачы выйсця, апускаецца на дно жыцця.

Тыя, што стаяць на вяршыні айсберга, ламаюць галовы, куды яшчэ піхнуць, затаптаць недабітага. Забралі мову. У загоне беларуская літаратура, школы, вну... Нацыя знікае, калі яна перастае гаварыць на сваёй мове. У сваім доме мы бяздомныя. У сваёй мове мы бязмоўныя. Добра «стараецца» наш старэйшы брат — Расія. І Беларусь без беларусаў застанецца, калі мы будзем гля­дзець на тое, што вакол нас, што з намі, залажыўшы вушы ватай і заплюшчыўшы вочы.

Нам падрыхтавалі заманіху «Бульбашъ». Такое «роднае», «блізкае» слова. Пра нас «думае і хвалюецца» дзяржава!? Вось ён, наш «паратунак»! Радуйся, бядота. «Бульбашъ» ужо маргае табе, заклікае: ператрасі кішэні, аддай апошняе на бутэлечку... Купі, хоць рукавом закусі.

Адчуй, задумайся, дружа, не клюй на гэту заманіху. Не перап’еш усё, што будзе выпускаць завод «Бульбашъ»…

Як жа трэба не паважаць народ, падштурхоўваць яго да магілы... Як жа стараюцца нашкодзіць, абняславіць, апляваць, выкарчаваць гонар і годнасць палітыкай збаўлення ад Свайго Народа.

Заліў гора барматухай, атупеў, сеў за руль, часам чужой машыны, нарабіў бяды. Пад коламі задушаныя. Сам — за кратамі. Ну і што? Забівайце адзін аднаго, крадзіце, гвалтуйце… Ну і што? Вы ж — бульбашы. Дзе ж вам да цывілізацыі?! Павялічваецца крымінал, рушацца сем’і, дзеці­сіроты часцей за ўсё паўтараюць лёс сваіх бацькоў.

Сорамна за дзяржаву. Балюча за Народ. Махавік круціцца. Перамолвае целы і душы, топча, калечыць, каб глыбей піхнуць у багну. А там недалёка і да магілы. Нана­аматары, эксперыментатары стараюцца: на дзяржаўным узроўні ўзвялі ў патрэбны ранг Бульбашъ.

... Мне ўспомнілася дзяцінства. У летнія канікулы мы, хлопчыкі і дзяўчынкі 4­5­х класаў, ганялі мяч або скакалі цераз вяроўку. Часамі скандзіравалі недзе пачутае чатырохрадкоўе:

Хадасы — каласы,
Воўкарась — мякіна,
Далятычы — бульбашы,
Загор’е — лупіны.

Гэта пра нашы родныя вёсачкі. Ніхто ніколі на гэта не звяртаў увагу ні ў сем’ях, ні ў якіх размовах паміж дарослымі. Крышачку пазней гэтае слова знікла, забылася.

…Я — беларусачка. Бульбашыхай сябе не лічу. Да мяне гэты ярлык не прыліпне. І не толькі. Нас большасць. Мы — вялікая сям’я. Не хвалюйцеся, браты і сёстры, — вытрымаем.

Нас гнуць усё ніжэй, каб у зямлю глядзелі, каб забыліся, што ёсць Неба, Сонца, Зоркі... Наш розум, нашы сэрцы, нашы душы збераглі анёлы­ахоўнікі. Любоў да сваёй Радзімы — гэты флагман робіць нас непахіснымі. Ніякія нана­бульбашы не звернуць нас з дарогі праўды і свабоды.

Наша слаўная моладзь — на­дзейны фонд свабоднай Беларусі. Вы, новыя пакаленні, вы — сейбіты і змагары, я знаю Вас. Я вам працягваю рукі — яны чыстыя ў мяне.

Розныя пакаленні, а мэта — адна. У гэтым наша моц. Мы — не бульбашы. Мы — дзеці Сонца. Мы — Беларусы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?