У адрозненне ад сваіх калег з суседніх краін, беларускія мільянеры не выстаўляюць сваё жыццё напаказ. Што носяць, на чым ездзяць, дзе жывуць? Зразумела ж, што не ў аднапакаёўцы ў спальным раёне…

Карэспандэнты «Нашай Нівы» аб’ехалі катэджавыя пасёлкі вакол Мінска і сфатаграфавалі дамы самых паспяховых бізнэсмэнаў.

Мы папрасілі архітэктара Аляксандру Баярыну ацаніць іх выгляд з прафесійнага пункту гледжання. «За выняткам некалькіх катэджаў, перад намі ўзоры архітэктуры нізкіх эстэтычных якасцяў. Гэты шэраг стварае нейкі дзіўны эфект, — кажа яна. — Найноўшыя тэхналогіі, планіроўка падвышанай камфортнасці, шыкоўны інтэр’ер… А сам дом — зусім звычайны, патрапаны часам, танны на выгляд, непрыемны. Нонсэнс!»

Архітэктар пагадзілася пракаментаваць кожны з катэджаў — ягоныя моцныя і слабыя бакі.

Спрабавалі звярнуцца і да рыэлтараў, каб тыя назвалі прыблізны кошт збудаванняў. Аднак адразу ў некалькіх агенцтвах нерухомасці пачулі адмову. «Я ў вашай піяр­-акцыі ўдзельнічаць не буду! — патлумачыў сваю пазіцыю дырэктар аднаго з іх. — Да людзей на заўтра прыйдуць з дэпартамента фінансавых расследаванняў і з аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Тым больш іх катэджы рэгіструюцца на трэціх асобаў, вы нічога не дакажаце».

Насамрэч беларускія мільянеры не такія сарамлівыя. Нерухомасць яны найчасцей запісваюць на сябе ці жонак. Інфармацыя пра ўласнікаў элітных катэджаў атрыманая легальна, з адкрытых крыніц.

Юрый Чыж

1963 (1 месца ў рэйтынгу самых уплывовых і паспяховых бізнэсмэнаў Беларусі 2013)

Самы багаты беларус пабудаваў дом у Драздах, побач з міністрамі, суддзямі і пракурорамі і непадалёку ад жылой рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Гэта цагляны двухпавярховік з падвалам і тэрасамі. На тэрыторыі ўчастка ёсць нават вальеры.

«Класічны праект вартага архітэктара, нічога лішняга, усё на сваіх месцах: фасады прапарцыйныя, элементы фасада прывязаныя без памылак, цёмныя шклопакеты, дастатковае навісанне даху… Памер архітэктурнага аб’ёму і шчыльнасць архітэктурных элементаў гармануюць, што сведчыць аб разумным падыходзе заказчыка да працэсу праектавання і пра яго давер прафесіяналам. Гэта пацвярджае і агароджа ўчастка, матэрыял і рашэнне якой максімальна дарэчы і прывязаны да праекта дома. Мінусы — несіметрычнае рашэнне, скатны казырок над уваходам, што не характэрна для класікі, і ўсё­ткі занадта «вясковы» для класічнага катэджа плот», — мяркуе Аляксандра Баярына.

Аляксандр Шакуцін

1959 (2 месца)

Дом старшыні рады дырэктараў «Амкадора» мы знайшлі ў Бараўлянах. Ягоны блокавы двухпавярховік з падвалам, мансардай і некалькімі тэрасамі нічым не вылучаецца сярод суседніх катэджаў.

«Дом, пра сустрэчу з якім хочацца забыцца. Дзіўна, але тут як выпадковыя элементы, так і не выпадковыя глядзяцца аднолькава агідна. Гэта ўсё проста элементарна непрыгожа!» — не хавае эмоцый эксперт.

Віталь Арбузаў

1966 (3 месца)

Імя Арбузава мала што кажа беларусам. Уласнік групы кампаній Fenox вя­дзе бізнэс за мяжой, аднак мае заводы і ў нашай краіне.

Ягоная рэзідэнцыя ў Мар’яліве (лагойскі кірунак) — драўляны цёмна­зялёны дом за высокім плотам, таксама драўляным.

«Добрая спроба стварыць сучасны, модны дом, аднак формаўтварэнне па састарэлых прынцыпах гэтую спробу адразу ж прыраўняла да нуля. Больш падобна да лазні ці гасцявога доміка», — мяркуе Аляксандра Баярына.

Павел Тапузідзіс

1956 (4 месца)

Уласнік «Тытунь­-Інвеста» і гіпермаркетаў «Карона» мае два катэджы. У першым, у Драздах, працягваецца рамонт. Больш прадстаўнічы дом Тапузідзіс пабудаваў у Ратамцы на беразе Мінскага мора, на ўскрайку свайго ж «Робінсан Клаба».

«Такія катэджы называюцца «Давайце зробім сціпла і з густам». На бюджэт гэта, як правіла, не ўплывае. Будынак добра пасаджаны ў плоскасці, аднак дэталі аб’ёму далёка не ідэальныя. Намёк на стыль «кантры», добраўпарадкаванне з класікі, зеляніна ўсходняя — па элементах добра, а разам — не зразумела што», — выносіць свой вердыкт архітэктарка.

Уладзімір Пефціеў

1957 (12 месца; 1 месца ў рэйтынгах 2009 і 2011 гадоў)

Гандляр зброяй Уладзімір Пефціеў будуе сядзібу ў Раўбічах (лагойскі кірунак). Гэта фактычна два будынкі, кожны па чатыры паверхі. Іх агульная плошча перавышае 1700 м2!

«Выдатны жылы дом, з апломбам і запалам! Гэта падкупляе. Пасылы гледача да канструктывізму і мінімалізму пры ўсёй сваёй бязладнасці тым не менш дазваляюць аднесці будынак да сучаснай інтэрнацыянальнай архітэктуры. Фасадныя матэрыялы — свята для архітэктара сёння. Праектаваць такія дамы з такім бюджэтам — гэта менавіта тое, для чаго мы вучыліся на архітэктуры! — радуецца Аляксандра Баярына. — Адно толькі не зразумела, што ў двары гэтага катэджа робіць лазня / гасцявы домік з саламяным дахам!»

Уладзімір Александровіч

1957 (17 месца)

Былы дэпутат палаты прадстаўнікоў, дырэктар будаўнічай кампаніі «Ітэра­Бел» пасяліўся за Нацыянальнай бібліятэкай. На ягоным участку два дамы — драўляны і цагляны.

«Шкада, што традыцыя фармаваць вуліцу фасадамі жылых дамоў у нас страчана. Цяпер кожны хаваецца, як можа. Можа быць, гэта сціпласць? Або жаданне быць і жыць «невідзімкай»? — разважае архітэктар. — Рашэнне балкона, даху, прывязка мансардных вокнаў і адлегласць ад вокнаў верхніх паверхаў да даху даюць зразумець, што не ўсё было гладка ў працэсе пабудовы. Будынак эклектычны і досыць пасрэдны».

Алег Хусаенаў

1964 (22 месца; 2 месца ў рэйтынгу 2008)

Трохпавярховік на Цнянцы (поўнач Мінска) належыць жонцы і сыну саўласніка аўтамабільнага холдынга «Атлант—­М». Цяпер Хусаенаў захапіўся стварэннем першага беларускага фонду прамых інвестыцый «Зубр Капітал».

«Катэдж з шэрагу тых «пераходных», на якіх мы, архітэктары, вучыліся. З’явілася магчымасць зрабіць нешта цікавае, бюджэт дастатковы для ўвасаблення, але абодва ўдзельнікі, архітэктар і заказчык, яшчэ толькі робяць свае першыя крокі. Заказчык вучыцца давяраць спецыялісту, архітэктар спрабуе ўвасобіць сваю задуму, не падазраючы, што ў стыках і вузлах атрымае адны суцэльныя «касякі». Сёння такое ўжо ніхто не возьмецца ні замовіць, ні запраектаваць», — падсумоўвае Аляксандра Баярына.

Віктар Шаўцоў

1963 (30 месца; 8 месца ў рэйтынгу 2009)

Праваслаўнаму мецэнату Віктару Шаўцову ўдалося выйсці на волю пасля перыяду апалы і вярнуцца ў Дразды. Крымінальная справа супраць уласніка «Белзамежбуда» і «Трастбанка» спыненая.

«Праектавалі класіку — атрымалі эклектыку, прычым эклектыку з памылкамі: занадта маленькія вокны для такога аб’ёму, рустоўка недарэчных памераў, усе элементы фасада як быццам ўзятыя з іншага, маленькага дамка, вынас элементаў недастатковы, малюнкі агароджы з іншай песні, арка занадта спадзістая — перад намі «самабуд» з плоскімі, дзіцячымі «налепкамі», — разважае архітэктар.

Віктар Пятровіч

1964 (42 месца; 6 месца ў рэйтынгу 2011)

Кампаньён Паўла Тапузідзіса жыве ў цэнтры Мінска, зусім побач са сваёй «Каронай», фактычна пасярод паркоўкі. «Няма слоў, гэта проста страшны сон архітэктара», — падсумоўвае Аляксандра Баярына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?