6 лістапада ў Рыме памерла Марыля Пецюкевіч — дачка вядомага беларускага дзеяча Мар'яна Пецюкевіча.

Усё жыццё яна прысвяціла захаванню і папулярызацыі спадчыны свайго бацькі, вядомага этнографа Мар'яна Пецюкевіча. За ўласныя грошы выдала яго кніжкі. Сабрала і захавала багаты матэрыял аб яго жыцці і дзейнасці.

Нарадзілася Марыля Пецюкевіч у 1943 годзе ў Вільні. Маленькай зведала ГУЛАГ. Разам з бацькам была рэпрэсавана ў 1949 г.

Пасля вызвалення сям'я пераехала ў Польшчу. Пазней - Марыля Пецюкевіч выехала ў Рым, дзе працавала ў Ватыканскім радыё да выхада на пенсію.

Мне пашчасціла з ёй быць асабіста знаёмым. Уражвала і захапляла яе велізарнейшая, шчырая, безкарысная любоў да Беларусі і беларускай мовы. Пры перапісцы яна ўвесь час мяне прасіла пісаць ёй толькі па-беларуску. І тут варта адзначыць, што ў самой Беларусі яна была толькі адзін раз - у 2008 г.

У адным з лістоў яна пісала: «Вы чакаеце ад мяне ўспамінаў аб маім бацьку спакойных і ўраўнаважаных.

Але мае ўспаміны аб ім зводзяцца перадусім да аблічэння страшнай сістэмы масавага злачынства, учыненага супраць шматлікіх народаў, што ў сусветным маштабе неабходна называць генацыдам.

Я маю на ўвазе сістэматычнае знішчэнне ня толькі беларускага этнаса, як такога, але перадусім і знішчэнне беларускай інтэлегенцыі. Да гэтага часу ў Курапатах няма Мемарыяла Генацыда, а толькі пахіліўшыяся ад непагадзі жалкія крыжы. У мяне ў памяці не засталося нічога, акрамя згустка горычу, пякучых папрокаў і жадання справядлівасці. Я, як адна з мільёнаў ахвяраў сталінскага генацыду, патрабую хаця б паказальнага і сімвалічнага нюрбергскага працэсу над усімі, хто прыклаў руку да знішчэння беларускага народа, яго мовы і культуры».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?