AFP

AFP

Сукупны кошт актываў, якія кантралюе вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменеі, дасягае 95 мільярдаў даляраў. Пра гэта 11 лістапада паведаміла агенцтва Reuters па выніках свайго паўгадавога расследавання.

Актывы Хаменеі кіруюцца кампаніяй Setad, якая валодае рознымі прадпрыемствамі ў іранскай эканоміцы, у тым ліку, у сферы камунікацый, фінансаў, нафты і медыцыны.

Прыкладна ў 52 мільярды даляраў ацэньваецца кошт актываў арганізацыі ў нерухомасці, а ў 43 мільярды — долі ў іранскіх прадпрыемствах.

У Reuters падкрэслілі, што гэта амаль на 40% больш, чым нафтавы экспарт з Ірана, які ў 2012 годзе ацэньваўся ў 67,4 мільярда даляраў.

Аснову росквіту Setad складае канфіскаваная ўласнасць іранцаў, якія пакінулі краіну пасля рэвалюцыі 1979 года, а таксама пазбаўленых правоў паводле прысуду суда. Сама Setad абаронена ад судовых пазоваў сістэмай указаў і пастаноў, сцвярджае адна з крыніц агенцтва. Паводле інфармацыі Reuters, у маі 2013 г. Setad выставіла на таргі каля 300 зямельных участкаў. Іх сукупны кошт складае некалькі мільёнаў даляраў.

Арганізацыя атрымала назву паводле ўказа аяталы Рухалы Хамейні, выдадзенага незадоўга да яго смерці ў 1989 годзе. Поўная назва Setad — «Цэнтр выканання загадаў імама».

Першапачаткова мэтай арганізацыі была дабрачыннасць — дапамога ветэранам і бедным — а час дзейнасці не павінен быў перавышаць двух гадоў. Цяпер Setad працягвае займацца дабрачыннасцю, але маштаб яе дзейнасці ў гэтай сферы невядомы.

Прадстаўнік Setad назваў выкладзеныя Reuters факты «няправільнымі і якія не адлюстроўваюць сапраўднага стану спраў», але не стаў удавацца ў падрабязнасці.

Аятала Хаменеі з'яўляецца вярхоўным лідарам Ірана з 1989 года. Ён заняў гэту пасаду пасля смерці першага вярхоўнага лідара — аяталы Рухалы Хамейні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?