11.11.2013 / 19:59

«А ты размаўляеш па-беларуску? Зрабі крок наперад!» 15

15 лістапада стартуе анлайн-конкурс беларускамоўных відэаролікаў.

Юрась Юрчанка ў прэзентацыйным роліку праекту «Крок наперад».

Зазвычай ініцыятарамі падобных праектаў выступаюць грамадскія арганізацыі і ініцыятывы (да прыкладу, «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» або кампанія «Будзьма беларусамі!»). Гэтым разам ініцыятыва сыходзіць ад прыватнай асобы.

24-гадовы мінчук Юрась Юрчанка распавёў «Нашай Ніве» аб праекце «Крок наперад» і падзяліўся сваімі ідэямі, задумамі і чаканнямі.

Футбаліст, эканаміст, беспартыйны

Юрась — прафесійны футбаліст у нядаўнім мінулым, мае вышэйшую эканамічную адукацыю, не ўваходзіць ні ў якія палітычныя партыі ці грамадскія арганізацыі. Яшчэ ў часе вучобы ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце ён звярнуў увагу на беларускую мову і яе стан.

«Раз-пораз я сустракаў людзей, якія прыгожа і нязмушана гаварылі па-беларуску, пазней беларускамоўныя сталі часткай майго атачэння. Іх натуральная беларускасць выклікала павагу і адначасова зайздрасць у добрым сэнсе слова: чаму я не ведаю нашай мовы? Што я асабіста магу для яе зрабіць?

Адказ быў відавочны: размаўляць! Першыя крокі да мовы даваліся нялёгка, скажу шчыра. Але з кожным днём я быў усё бліжэй да пастаўленай мэты. У авалоданні мовай вельмі дапамаглі беларуская літаратура і музыка, але ў першую чаргу — жывыя зносіны».

Вывучыць мову можа кожны

Свядома прыйшоўшы да беларускасці, хлопец сутыкнуўся з шэрагам праблем: малая пашыранасць мовы ў грамадстве, надзвычай слабая падтрымка з боку дзяржавы, а таксама няведанне роднай мовы і абыякавасць да яе з боку многіх суайчыннікаў. Аднак разгляд дадзеных праблем выключна ў палітычнай плоскасці ён лічыць памылкай.

«Бясспрэчна, моўная праблема мае шмат аспектаў, у тым ліку і палітычны. Але існуе шэраг іншых, не менш важных момантаў, на якія варта звяртаць увагу. Найперш гэта пытанне каштоўнаснага свядомага выбару. Сёння кожны грамадзянін можа авалодаць беларускай мовай — было б жаданне», — перакананы Юрась.

«Вывучэнне мовы вымагае вялікіх намаганняў. Але гэта магчыма. Праз чытанне, слуханне музыкі, перапіску ў сеціве і асабістыя сустрэчы, удзел у розных культурніцкіх і адукацыйных мерапрыемствах.

Прыкладам таму можа быць мой уласны досвед. Ці мноства іншых прыкладаў, калі людзі прыйшлі да роднай мовы зусім не з падачы школьных настаўнікаў. Канечне, беларускамоўная адукацыя мусіць пашырацца. Але нельга пагарджаць альтэрнатыўнымі спосабамі вывучэння роднай мовы».

Не дзяліць беларусаў на «сваіх» і «чужых»

На думку Юрася, не варта праблему беларускай мовы зводзіць да ідэйна-палітычнага супрацьстаяння, трэба імкнуцца да дэпалітызацыі беларускасці.

«Беларускамоўнасць мусіць несці пазітыўны, стваральны пасыл. Часам тыя, хто валодае і актыўна карыстаецца беларускай мовай, з пагардай ставіцца да тых, хто мовы не ведае.

Прычым вялікая частка беларускамоўных калісьці раней таксама размаўляла па-расейску і роднай мовай не валодала. Так, моўная праблема існуе, але гэта наша агульная праблема, якую трэба супольна вырашаць, прычым на ўзроўні міжасабовых зносінаў. Не трэба дзяліць беларусаў на «сваіх» і «чужых», гэта вялікая памылка».

«Зрабі крок наперад!»

Разважаючы над праблемай пашырэння роднай мовы і ўзняцця яе грамадскага статусу, Юрась спыніўся на ідэі ажыццяўлення сацыяльнага праекту, які ў працэсе падрыхтоўкі атрымаў назву «Крок наперад» і мае адбыцца ў фармаце анлайн-конкурсу відэаролікаў па-беларуску.

Вызначыўшы мэты і задачы, а таксама прадумаўшы канцэпцыю праекту, хлопец пачаў дзейнічаць.

«Спярша я вырашыў знайсці фундатараў і партнёраў для рэалізацыі праекту, што аказалася не так проста. З прапановай я звярнуўся ў больш чым 150 арганізацый і ўстановаў, як дзяржаўных, так і прыватных. Аднак у выніку толькі некалькі згадзіліся падтрымаць маю ініцыятыву.

Большасць з тых, да каго я звярнуўся, выказвала салідарнасць і разуменне грамадскай значнасці ўзнятай праблемы, але далей гэтага справа не ішла. Адгукнуліся і некаторыя інфармацыйныя рэсурсы, якія ў межах сваіх магчымасцяў згадзіліся аказваць інфармацыйную падтрымку».

Далей высілкамі Юрася быў падрыхтаваны сайт krok-naperad.by, дзе змешчаная інфармацыя пра праект, правілы і ўмовы конкурсу, таксама прэзентацыйныя відэаролікі, якія хлопец запісаў за ўласны кошт у адной са сталічных відэастудый.

Не зважаючы на пэўныя цяжкасці, ён не сумняваецца, што праект будзе мець поспех.

Удзельнічаць у конкурсе можа кожны ахвочы. Для гэтага патрэбна зняць матываваны відэаролік на беларускай мове і даслаць яго ў тэрміны з 15 лістапада па 11 снежня.

«На форме відэароліку я спыніўся таму, што гэта дае вялікія магчымасці для творчасці. Сёння зняць відэа можна з дапамогай разнастайных сродкаў (мабільны тэлефон, вэб-камера, відэакамера альбо фотаапарат).

Па выніках адкрытага галасавання, якое пройдзе з 12 па 15 снежня, а таксама паводле адзнак журы, пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы».

***

Падрабязнасці аб праекце можна даведацца на сайце krok-naperad.by, а таксама патэлефанаваўшы па тэлефоне +375 25 943 87 58 ці напісаўшы на электронную скрыню krok-naperad@mail.ru

Гутарыў Зміцер Цярэнцьеў

0
Рысь / Адказаць
11.11.2013 / 21:01
Хохляцкія славечкі-перавертні, рэжуць вуха і адвяртаюць ад мовы,спачатку баяўся ляпнуць па хахляцку,а калі зразумеў, што усё беларускае даўно стала хахляцкім,то саўсім перастаў гаварыць на абхахлячанай мове.Хахол крыўляе маю мову, смяецца і пытае;-А што, у вас вашай беларускай мовы няма?.
0
Дуля з смакам! / Адказаць
11.11.2013 / 22:13
Блін, як зайсьці на баравік. Ні табе пароля, ні табе...месяц ужо. Што за ліха.
0
зьмітрок / Адказаць
11.11.2013 / 22:31
Хохляцкія - адвяртаюць - саўсім )) тОваріСТЧ, вы дасягнулі значных поспехаў, але ёсць яшчэ над чым працаваць... І яшчэ больш патрабуюць высілкаў спробы сутыкнуць беларусаў і украінцаў. гістрарычных і лінгвістычных )) Хаця гэта ідэя больш цікавая для вашых унутраных справаздач, чым для рэальнага тут абмеркавання ))
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру