Вядомы сцэнарыст і драматург Андрэй Курэйчык працуе над новым праектам, які стварыла расійская студыя «ТрыТэ», што належыць славутаму рэжысёру Мікіце Міхалкову.

«Наша Ніва» распытала спадара Курэйчыка пра сутнасць праекту і ўдзел у ім культавага рэжысёра.

«Насамрэч, я не маю права разагошваць падрабязнасці, але пра некаторыя рэчы раскажу. – кажа спадар Курэйчык, – Гэта супольны праект трох краін – Францыі, Балгарыі і Расіі. Расійскі бок прадстаўляе студыя Мікіты Міхалкова «ТрыТэ». У якасці жанру абралі камедыю, бо прадзюсары лічаць, што менавіта камедыя зараз мусіць мець поспех. Над фільмам працуе Леанід Верашчагін, знаны прадзюсар, які працаваў над фільмам «Легенда #17», над усімі фільмамі Мікіты Міхалкова і гэтак далей».

Андрэя Курэйчыка на праект запрасілі як знанага ў Расіі камедыёграфа, паводле словаў сцэнарыста, жанр для сучаснага расійскага кіно будзе незвычайным — будучы праект гэта шпіёнская камедыя, дзеянне якой адбываецца ў некалькіх краінах.

«Мы ўжо абмяркоўвалі праект з Мікітам Сяргеевічам, ён насычаў нас энергіяй, — кажа Курэйчык. — Я б сказаў, што камедыя больш нізкі жанр, тым не менш, спадар Міхалкоў актыўна падключыўся да працы, ён выдатна разумее прыроду камедыі. Міхалкоў акрэсліў нам мэты і задачы, унёс некаторыя прапановы па сцэнарыі».

Скончыць сцэнарый Андрэй Курэйчык плануе за два месяцы – над праектам ён працаваў у розных краінах, напрыклад, у Балгарыі.

«Мы хочам адздымаць фільм летам, гэта вельмі сонечная карціна, якая будзе здымацца ў некалькіх краінах. Тады і з’явяцца новыя падрабязнасці». – кажа Курэйчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?