Задачу давесці да сярэдзіны 2014 года долю акцый дзяржавы ў ААТ «Керамін» да 80% паставіў Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада падчас наведвання прадпрыемства.

БелТА

БелТА

«Сёння ў дзяржавы прыкладна 60% акцый — мала, той-сёй недапрацоўвае. Гэта не мне трэба. Я проста не хачу, каб вы праз некалькі гадоў папракнулі мяне ў тым, што я не ўбачыў гэтага крадзяжу», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Лукашэнка нагадаў, што раней ён прыняў рашэнне аб вяртанні гэтага прадпрыемства дзяржаве. «Была спроба прысвоіць прадпрыемства вашымі былымі начальнікамі. Гэта няправільна, так быць не павінна! Гэтае прадпрыемства народнае, яно было створана на сродкі народа і належыць народу», — падкрэсліў ён.

«Хутчэй за ўсё, вас у свой час ашукалі. Таму я даручу Камітэту дзяржкантролю і КДБ разабрацца.

Бачым — пачынаюцца парушэнні, таму запатрабавалі вярнуць дзяржаве, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да працоўнага калектыву «Кераміна». — Мной было прынята рашэнне вярнуць акцыі дзяржаве, але не забіраць іх, а заплаціць па мінімальнай цане».

Паводле слоў Лукашэнкі, калі замежны інвестар захоча набыць прадпрыемства, усё будзе праходзіць па ўстаноўленай у краіне працэдуры. Пры гэтым ён заўважыў, што парадак прыватызацыі прадпрыемстваў у Беларусі вельмі бюракратычны.

«З'явіцца ахвотны купіць, прапануе добрую цану — паглядзім, прадаваць ці не, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але мы ўжо наеліся гэтых прыватнікаў».

Лукашэнка нагадаў сітуацыю з кандытарскай фабрыкай «Камунарка», якая, паводле яго слоў, са зменай кіраўніцтва нават у крызісныя часы працуе з прыбыткам.

«Усе прыватнікі глядзяць у сваю кішэню. Калі ты стварыў кампанію з нуля — добра. А калі прыйшоў на гатовае — непарадак. Я не хачу, каб усё было разрабавана», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Сёння попыт на беларускія прадпрыемствы велізарны, вы гэта бачыце. Расія хацела б штосьці купіць, нібыта свайго няма.

А чаму? Таму што мы не разбурылі сваё, а некаторыя прадпрыемствы ператварылі ў квітнеючыя, як той жа «Беларуськалій». Пахадзілі, пахадзілі — хочам.

Я кажу: плаціце 32 млрд. даляраў, і хоць цэлае прадпрыемства, хоць частку купляйце.

Маўляў, дорага. Я кажу: бывайце. Паспрабавалі іншым шляхам — не атрымалася», — сказаў Лукашэнка.

«Мая задача — абараніць дзяржаву і яе ўласнасць, — заявіў ён. — Не крыўдзіцеся на жорсткасць, цяпер час такі. Цяпер усе вакол Беларусі ходзяць і, як ваўкі галодныя, зубамі ляскаюць: дзе б прыхапіць «Керамін», «Беларуснафту», адзін нафтаперапрацоўчы завод, другі…

Ва ўсіх рукі свярбяць. І сёння ціснуць не таму, што я такі кепскі, дыктатар, а таму, што не аддаю. Тым не аддаў на Усходзе, на Захадзе не аддаў. А хочацца, і ўзяць хочуць за бясцэнак». «Мы на гэта не згодныя», — падкрэсліў Лукашэнка.

ААТ «Керамін» было створана ў 1994 у выніку так званай льготнай прыватызацыі дзяржпрадпрыемства «Мінскбудматэрыялы».

Асноўнымі акцыянерамі (92 % акцый) сталі дырэктарат і працоўныя завода. Расстаноўка ў акцыянерным капітале ААТ «Керамін» рэзка змянілася ў 2011.

У снежні дзяржава павялічыла сваю долю з 3% да 57 %. Незадоўга да гэтага Анатоль Цюцюноў быў вымушаны пакінуць пасаду гендырэктара завода.

Як кажуць на заводзе, «верагодна, гэта быў кампрамісны варыянт паміж праверкай і Цюцюновым». «Сышлі» з «Кераміну» і членаў яго сям'і, у тым ліку і сына Максіма, які стаў дэпутатам Мінгарсавета, з'яўляючыся першым намеснікам Цюцюнова-старэйшага.

Народная пагалоска прыпісвала Цюцюнову кіраванне прадпрыемствам з моманту яго стварэння. Анатоль Цюцюноў не стаў даваць вялізных каментароў, заявіўшы толькі, што «сем месяцаў назад сышоў на пенсію».

Пры гэтым ён пацвердзіў інфармацыю, што застаўся акцыянерам завода. «Чаму б ім не заставацца», — сказаў ён.

Па словах былога менеджара «Кераміну», «Цюцюноў хацеў кансалідаваць буйны пакет акцый, каб прыцягнуць на завод інвестара. А раздробленым пакетам зрабіць гэта праблематычна».

У 1995-1996 Анатоль Цюцюноў быў дэпутатам Вярхоўнага савета 13-га склікання. Не падпісваў імпічмент Лукашэнку і ў 1996 годзе паспяхова пераабраны ў Палату прадстаўнікоў.

У 2002 годзе Цюцюнова прызначылі віцэ-прэм'ерам ва ўрад Сяргея Сідорскага. «У Савеце міністраў будзе запатрабаваны вялікі вопыт кіраўніцтва эфектыўна працуючым прадпрыемствам А. Цюцюнова», — сказаў Лукашэнка.

Але праз два гады Цюцюнова разам са старшынёй канцэрна «Беллеспаперапрам» Фёдарам Курсам абвінавацілі «ў невыкананні даручэння прэзідэнта аб уводзе ў эксплуатацыю да 7 лістапада 2003 другой чаргі цэлюлознага завода ў Светлагорску».

Цікава, што Лукашэнка ўзнагародзіў Анатоля Цюцюнова Ордэнам Пашаны незадоўга да нацыяналізацыі «Кераміна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?