Цяпер там завод «Крышталь» і прэзыдэнцкія гаражы. А што было дзьвесьце гадоў таму? Пра невядомую раней мапу Менску піша гісторык Алег Дзярновіч.

Удачай стала знаходка новага пляну паўднёвых прадмесьцяў Менску 1804 г. Але, апроч той інфармацыі, што ўтрымлівае плян, цікавай і павучальнай зьяўляецца ягоная архіўная гісторыя. У нашы дні плян Менску захоўваецца ў варшаўскім Галоўным архіве старажытных актаў у фондзе Менскага Кола Варшаўскага таварыства апекi над помнiкамi мінуўшчыны. І тут варта спыніцца на гісторыі гэтага таварыства.

60 КБ

Менскае Кола

Арганізацыя, якая атрымала назву «Менскае Кола», узьнікла ў 1916 г. у мэтах захаваньня і кансэрвацыі помнікаў гісторыі. Але галоўнай задачай Менскага Кола стала ратаваньне ад вывазу ў глыб Расеі культурных каштоўнасьцяў, якія былі, з пункту гледжаньня заснавальнікаў таварыства, важнымі для польскай дзяржаўнасьці. Пагрозу ўяўляла пасьпешлівая эвакуацыя расейскіх установаў, інстытуцыяў і архіваў з абшараў заходніх губэрніяў Расеі ў выніку паступовага наступу нямецкіх войскаў.

Менскае Кола ўтварылася як філія Варшаўскага таварыства апекі над помнікамі мінуўшчыны, што паўстала ў 1906 г. і праіснавала да 1939 г. Фактычна, Менскае Кола замяніла сабою раней дзейсны на Меншчыне Аддзел Помнікаў пры Цэнтральным грамадзянскім камітэце, створаным для апекі над польскімі ўцекачамі. Сярод іншых, у склад Управы Кола ўвайшлі такія вядомыя ў Менску людзі, як Станіслаў Няканда‑Трэпка, Ян Віткевіч, Станіслаў Дангель, Тадэвуш Корзан, Ян Ельскі. У рамках таварыства існавала, у тым ліку, сэкцыя Старога Менску.

Сябры таварыства з поўным усьведамленьнем важнасьці сваёй дзейнасьці дзеля захаваньня польскасьці з імпэтам займаліся інвэнтарызацыяй прадметаў, якія былі вывезеныя ці згубленыя на чыгунцы; падрыхтоўвалі сьпісы каштоўных матэрыялаў на правінцыі; зьбіралі экспанаты ды захоўвалі іх на спэцыяльных складах. Да 1918 г. Менскае Кола накіравала на абшары Менскай губэрні 50 ратавальных і інвэнтарызацыйных экспэдыцыяў, наладзіла дзьве мастацкія выставы і 21 публічную лекцыю. Колькасныя паказчыкі дзейнасьці арганізацыі ўражваюць — на склады Менскага Кола было зьвезена каля 600 скрыняў, што ўтрымлівалі каля 36 тыс. прадметаў: гравюраў, абразоў, шкляных вырабаў, зброі і г.д., а таксама архіўных матэрыялаў. Выключна польская арыентацыя таварыства прывяла да стратаў для Беларусі вялікай колькасьці каштоўнасьцяў. У лістападзе 1918 г., пасля адыходу зь Менску нямецкіх войскаў, Кола арганізавала «3 цягнікі» да Варшавы. Агулам Менскаму Колу ўдалося вывезьці 255 скрыняў (9 вагонаў) матэрыялаў. І гэта сучасная польская архіўная статыстыка.

33 КБ

Пасьля заняцьця Менску Чырвонай Арміяй частка дзеячоў Менскага Кола, каб працягваць справу рэвіндыкацыі (вывазу ў Варшаву менскіх каштоўнасьцяў), утварыла так званую Калегію Старажытнасьцяў пры Камісарыяце Асьветы. Рэшта ўдзельнікаў Менскага Кола выехала ў Варшаву. У пачатку 1919 г. у Менск прыбыла польская дзяржаўная камісія, якая мелася заняцца далейшым лёсам сабраных на Меншчыне матэрыялаў. У склад камісіі ўваходзілі, між іншых, прадстаўнік Генэральнага камісара Ўсходніх земляў Уладзіслаў Рацкевіч, а таксама старшыня Менскага Кола Станіслаў Няканда‑Трэпка. Увосень 1919 г. Менскае Кола пераўтварылася ў Аддзел помнікаў пры арганізацыі пад назваю Страж Крэсова, якая далейшыя рэвіндыкацыйныя працы праводзіла пры дапамозе войска.

Аддзел Помнікаў забясьпечваў захаваньне, інвэнтарызацыю і арганізоўваў перавозку да Варшавы сабраных матэрыялаў. Фактычным працягам дзейнасьці Менскага Кола стала праца Зьмяшанай камісіі па справах рэвіндыкацыі і рээвакуацыі польскай маёмасьці, утворанай у выніку падпісаньня 18 сакавіка 1921 г. паміж новай Польшчай і Савецкай Расеяй Рыскай дамовы. Менскія каштоўнасьці, пры згодзе чырвоных камісараў, працягвалі мэтадычна вывозіцца ў Варшаву.

У Варшаве з 1920‑х гадоў вывезеныя рэчы і дакумэнты захоўваліся ў зборах Нацыянальнага Музэю. У 1950—1951 гг. архіўная частка гэтых матэрыялаў, інвэнтарызаваных у Нацыянальным Музэі пад датамі 1495—1922 гг., была перададзеная ў Галоўны архіў старажытных актаў, дзе і захоўвацца ў нашыя дні.

Мода на пляны

У ХІХ ст., да вынаходніцтва і пашырэньня фатаграфіі, мапы і пляны паселішчаў былі модным сродкам іх адлюстраваньня. Значны прагрэс зрабіла і геадэзія. Вось менавіта ў дыдактычных, навучальных мэтах у 1804 г. менскія гімназісты вышэйшых чатырох клясаў вымералі ды склалі плян тагачасных прадмесьцяў Новае Места, Кашары, Ляхаўка. Так адзначана на віньетцы, што з правага боку ўпрыгожвае плян. А зь левага боку напісана па‑польску (на мове эліты і адукацыі ў Менску на пачатку ХІХ ст.): «Гэтую мапу нарысаваў і перанёс на паперу Вінцэнт Вайневіч, вучань клясы ІІІ».

Тапаграфічныя рэаліі пачатку ХІХ ст.

На пляне адлюстраваныя паўднёва‑ўсходнія прадмесьці Менску. Менавіта ў гэтым кірунку з пачатку ХІХ ст. стаў актыўна разьвівацца горад — уздоўж Сьвіслачы, за мяжой былога гарадзкога валу. У гэтым напрамку знаходзіўся вялікі пагорак, зручны для жыльлёвага будаўніцтва паводле санітарных прычынаў. Той пагорак і стаў ядром новай часткі Менску — Новым Рынкам, ці Новым Местам (сёньня Тэатральны сквэр каля Купалаўскага тэатру). Назва прадмесьця паходзіла ад новастворанай плошчы, на якой у нядзелі да 1840‑х гадоў ладзіліся гарадзкія кірмашы. Беларускі падарожнік і папулярызатар гісторыі Павал Шпілеўскі так апісваў кірмашы на Новым Рынку:

«Бывала, сюды зьбіраліся пасяленцы і аднадворцы з усіх навакольных сёлаў, вёсак і засьценкаў з рознымі таварамі. З самай раніцы плошча запаўнялася незьлічонымі падводамі, калымагамі, вазамі і калёсамі (беларуская асаблівай канструкцыі падвода)… Больш заможныя сельскія гаспадары прыяжджалі з жывымі кабанамі, каровамі і коньмі. Тут жа зьмяшчаліся і вазы з дровамі, лыкам, пянькой… Хаос страшэнны!… Але паміж прывазнымі таварамі зьмяшчаюцца ў некаторых крамах прадметы туземных менскіх фабрыкаў, напрыклад, сукны фабрыкаў графа Патоцкага, Камінскага і Скірмунта ды баваўнянай матэрыі лагойскай фабрыкі графа Тышкевіча. Апроч таго, у кантрактных крамах знойдзеце мужчынскі і жаночы абутак менскай работы, які славіцца на цэлую Беларусь…»

Іншы аўтар, Аляксей Сапуноў, на прыкладзе гандлю на Новым Рынку падаў свой погляд на эканамічную прыроду пабытовага антысэмітызму:

«На плошчы ж у пэрыяд кірмашу (кантрактаў) уладкоўваліся часовыя крамкі… У той жа час некаторыя больш буйныя і прадпрымальныя землеўладальнікі, як Паўлікоўскі, Лукашэвіч ды іншыя, пачалі адчыняць у Менску крамы з каляніяльнымі таварамі, замежнымі вінамі і рознымі мэталічнымі вырабамі з мэтаю продажу тавараў па памяркоўных цэнах, але ім гэта не ўдалося, бо габрэі‑канкурэнты пашырылі свой гандаль настолькі, што прадпрымальнікам негабрэям засталося толькі зачыніць свае крамы. Такім чынам, гандлёвая дзейнасьць габрэяў у Менску расквітнела».

Жылыя кварталы Новага Места атрымалі прастакутную форму і выразную геамэтрычную сетку вуліцаў, утвораную шляхам працягу ў паўднёва‑ўсходнім напрамку старажытных вуліцаў Дамініканскай (ад 1866 г. Петрапаўлаўская, сёньня Энгельса), Францішканскай (у далейшым Губэрнатарская, сёньня Леніна) і Фэліцыянскай (у далейшым Багадзельная, сёньня Камсамольская). На ўсход, бліжэй да ракі, паралельна ім разьвіліся вуліцы Кашарская (ад 1866 г. Батальённая, ад 1882 г. Скобелеўская, сёньня Чырвонаармейская) і Паліцэйская (Янкі Купалы). Пэрпэндыкулярна гэтым новым вуліцам былі праведзеныя тры новыя: Магазынная (Кірава ад Сьвярдлова да Купалы), якая атрымала назву ад разьмешчаных непадалёк новых правіянцкіх складоў; Лошыцкая (у сярэдзіне ХІХ ст. вуліца Новага рынку — Бульвар, ад 1866 г. Базарная, ад 1870‑х гадоў Падгорная, цяпер Маркса); Захараўская (праспэкт Незалежнасьці ад вул. Камсамольскай да Янкі Купалы). Праўдападобна, правобраз гэтай новай тапаграфічнай структуры мы знаходзім у левай (паўночнай) частцы пляну — з выразным акрэсьленым пагоркавым ляндшафтам. А менавіта, тут можна пабачыць трасіроўку будучай вуліцы Магазыннай, а таксама паўднёвыя працягі вуліцаў Францішканскай, Дамініканскай і будучых вуліцаў Кашарскай і Паліцэйскай (пералік зроблены зьнізу ўверх).

30 КБ
На ўсход ад Новага Места знаходзілася прадмесьце Кашары. Тут у выгіне ракі было выбранае месца будаўніцтва казармаў для разьмяшчэньня менскага гарнізону. Ад казармаў («кашараў» у старабеларускай мове) і паходзіць назва прадмесьця. Ужо на пляне Менску 1858 г. гэтая мясцовасьць пазначаная як «Деревянные казармы, занимаемыя ныне Военнымъ Гошпиталемъ». Як тапанімічны сьлед тых часоў і сёньня захаваўся завулак Казарменны. У пачатку ХХ ст. Кашары сталі прамысловым раёнам гораду. Усё прадмесьце працінала вуліца Кашарская (сёньня Чырвонаармейская). Але на пляне 1804 г. яна яшчэ не пазначаная. Дакладней, гэтая вуліца не абазначаная на месцы самога прадмесьця Кашары, але ў Новым Месцы пазначаны расплянаваны кавалак вуліцы, які потым стане працягам вул. Кашарскай. Пакуль жа на пляне мы бачым толькі шэраг пабудоваў казармаў, а таксама створаны на самым усходзе прадмесьця сквэр ля ракі (існуе і сёньня). Рэчышча паказанае яшчэ не спрамлёным.

На поўдзень Кашараў (у паўднёва‑ўсходнім кірунку ад Новага Места) знаходзіцца самая старажытная з трох адлюстраваных на пляне 1804 г. частак Менску — Ляхаўка. Гісторыкі мяркуюць, што гэтая назва мае этнічнае паходжаньне — прадмесьце магло пачацца зь сялібы перасяленца з Польшчы (такую назву, відавочна, не маглі даць самі палякі, а менавіта беларускае насельніцтва Менску). Вёска Ляхава Лука фіксуецца на паўднёвай ускраіне гораду ўжо ў XVI ст. У XVIII ст. гэтая мясцовасьць была вядомая ўжо як Ляхаўская Слабада. У выніку разьвіцьця прадмесьця на працягу ХІХ ст. узьніклі Верхняя Ляхаўка (сучасны трохкутнік вуліцаў Магазыннай / Ульянаўскай, Каломенскай / Сьвярдлова і Беларускай) ды Ніжняя Ляхаўка (вакол сёньняшняй вуліцы Кастрычніцкай, а таксама прырэчнай часткі вуліцы Магазыннай / Ульянаўскай). У канцы ХІХ ст. Ляхаўка таксама стала важным фабрычным раёнам (вінакурны, дрожджавы, гарбарны, мэталаапрацоўчы заводы), чаму паспрыяла зручнае разьмяшчэньне раёну на беразе ракі і паблізу чыгункі. На Пляне 1804 г. раён будучай Верхняй Ляхаўкі паказаны як тэрыторыя зь сенажацямі, ворнымі землямі і толькі зь некаторымі будынкамі. Затое досыць выразна прарысаваны раён Ніжняй Ляхаўкі — на паўвысьпе, у выгіне Сьвіслачы. Тут даволі падрабязна выяўлены маёнтак, вядомы таксама паводле пляну 1858 г. як двор Ляхаўскі. Увогуле, маляўнічасьць Сьвіслачы адзначалі многія аўтары ХІХ ст. Уладзіслаў Сыракомля, якому вельмі падабалася прыяжджаць зь Вільні ў Менск, пісаў, што

«цудоўныя сенажаці аздабляюць яе [Сьвіслачы] берагі; дзе‑нідзе дрэвы стаяць купамі, а дзе‑нідзе адкрываецца від альбо на прыгожае прадмесьце Ляхаўка, альбо на горад ці поле» (тут апісана візуальная пэрспэктыва з боку Губэрнатарскага парку / Цэнтральнага дзіцячага парку). «Берагі галоўнай ракі, яе затокі і рукавы ўтвараюць шмат дзе цудоўныя пэйзажы; некалькі прыгожых пагоркаў аздабляюць раўніну, а багатая расьліннасьць вабіць пышнымі дрэвамі, весяліць выглядам багатай збажыны і пашы… Рака Сьвіслач плыве то па зялёнай сенажаці, засланяючыся вянком прыгожых вольхаў, то перарываючыся доўгім мостам, перакінутым празь яе затокі. І ўсё гэта разам стварае непаўторны, запамінальны малюнак. Сьпічакі касьцёлаў і гмахі, што здалёк кідаюцца ў вочы, надаюць Менску выгляд гораду нашмат большага, чым ёсьць ён на самай справе».

Калі яшчэ за менскія мураванкі ўздымецца голас грамадзкасьці, то драўляная гістарычная забудова нашай сталіцы ўвогуле ня мае заступнікаў.

Таксама на пляне 1804 г. выразна прасочваецца трасіроўка будучай вуліцы Ніжне‑Ляхаўскай (цяпер Кастрычніцкай), што праходзіла якраз праз маёнтак. Часткаю гэтай вуліцы быў мост празь Сьвіслач на трох апорах (падобна, што прыблізна ў гэтым месцы праходзіць і сучасны мост). На поўдзень, на правым беразе Сьвіслачы заўважна трасіроўка вул. Верхне‑Ляхаўскай (у канцы ХІХ ст. Круглай, сучасная Беларуская). Тут, у глыбі вуліцаў Ульянаўскай і Беларускай, яшчэ захавалася забудова менскіх прадмесьцяў канца ХІХ — пачатку ХХ стст., якія насялялі працаўнікі суседніх фабрыкаў. Іхныя дамы маюць цокальны мураваны ярус і драўляны верхні паверх. Сучасны горад няўмольна наступае на іх. І калі яшчэ за менскія мураванкі ўздымецца голас грамадзкасьці, то драўляная гістарычная забудова нашай сталіцы ўвогуле ня мае заступнікаў.

Калі паглыбляесься ў гісторыю менскіх вуліцаў і прадмесьцяў, пачынаеш вастрэй адчуваць, наколькі ненатуральнымі з пункту гледжаньня гісторыі гораду і палітычна кан’юнктурнымі зьяўляюцца многія тапанімічныя назвы ХХ ст. — яны ня ўлічваюць ні абставінаў узьнікненьня вуліцаў, ні ляндшафтных асаблівасьцяў розных частак гораду, ні сацыяльна‑эканамічных аспэктаў іх разьвіцьця. Плян паўднёвых прадмесьцяў Менску 1804 г. зноў зьвяртае нашую ўвагу на неабходнасьць паважлівага і ашчаднага стаўленьня да тапанімічнай спадчыны Менску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?