Барысаўскі праваабаронца Алег Мацкевіч атрымаў адказ на скаргу ад імя дырэктара ТАА «Інфаэксперт» А.Крывальцэвіча. У гэтую структуру ўваходзіць цэнтр друкарскіх паслуг «Карандаш».

Скарга тычылася сітуацыі, калі «Радыё Свабода» падрыхтавала мапу Усходніх могілак сталіцы «Беларускі некропаль» з указаннем магіл 50 выбітных беларусаў. Аднак друкарня «Карандыш» палічыла яе антыдзяржаўнай агітацыяй і адмовілася браць заказ.

«Толькі што я наведала сайт Радыё «Свабода» і канкрэтна ўбачыла, што яны там вельмі актыўна размяшчаюць розныя карыкатуры на нашых супрацоўнікаў КДБ. Мякка кажучы, іх гонар і годнасць, відавочна, парушаюцца», - сказала тады спадарыня Рыбак.

Алег Мацкевіч у сваёй скарзе папярэдзіў пра намер звярнуцца ў пракуратуру, бо палічыў, што супрацоўнікі цэнтру «Карандаш» злоўжывалі сваімі службовымі паўнамоцтвамі, з-за чаго былі парушаныя ягоныя правы на інфармацыю.

«З улікам сур’ёзнасці і важнасці Вашага звароту для нашай кампаніі на перыяд праверкі Алена Рыбак будзе адхіленая ад выканання абавязкаў мэнэджара», — паведаміў у сваім адказе 6 лістапада дырэктар «Інфаэкспэрта» А.М. Крывальцэвіч.

Праз пяць дзён прыйшоў іншы адказ. У ім гаворыцца, што «ў дзеяннях мэнэджара ТАА «Інфаэксперт» Рыбак А. парушэнняў заканадаўства не выяўлена. У сувязі з гэтым яна адноўленая на пасадзе мэнэджара. Таксама ўстаноўлена, што адсутнасць магчымасці выканаць заказ, аб якім вы напісалі ў сваім звароце, абумоўлена тэхналагічнымі прычынамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?