Ад гэтага месяца пачынаючы “Наша Ніва” прапануе сваім чытачам вызначаць асобу ці асобаў месяца — людзей, учынкі і дасягненьні якіх найбольш запомніліся цягам гэтых трыццаці дзён. Ад сёньня і да канца верасьня ўсе ахвотныя могуць прагаласаваць за аднаго з кандыдатаў, праз апытанку на сайце. Прапануем вашай увазе сьпіс першых намінантаў:

Сяргей Сямёнаў. Унікальны выпадак гомельскага актывіста апазыцыі Сяргея Сямёнава прымусіў высокіх чыноўнікаў загаварыць пра ўціск беларускамоўных. Гамяльчук пасьлядоўна прасіў беларускамоўныя блянкі мытных дэклярацыяў, едучы за мяжу, і сутыкаўся з адмовамі супрацоўнікаў мытні. Сямёнаў прынцыпова так і ня стаў запаўняць расейскамоўныя блянкі за што на яго быў складзены пратакол па адміністрацыйным парушэньні, па якім пазьней ён атрымаў 930 тысяч рублёў штрафу. Наступны раз хлопец таксама аказаўся верным сабе, за што атрымаў яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол. Разам з тым, дзякуючы ўчынку Сямёнава пра беларускую мову і яе ўціск загаварылі старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч і старшыня мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі.

“Маладафронтаўцы” . Цягам месяцу адразу траіх “маладафронтаўцаў” прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 193 ч.1 КК “Удзел у незарэгістраванай арганізацыі”. Спачатку ў адзін дзень 4 верасьня ў Салігорску і Нясьвіжы судзілі Івана Шылу і Насту Азарку. Іван Шыла, яшчэ школьнік, і Наста годна вытрымалі працэсы. 10 верасьня ж у Баранавічах прайшоў суд над Яраславам Грышчэнем. Хлопец, каб падкрэсьліць усё абсурднасьць працэсу папрасіў у апошнім слове прымяніць супраць яго расстрэл. Суд аказаўся больш гуманным, даўшы Яраславу 30 базавых велічынь штрафу. На сёньня рыхтуюцца яшчэ тры крымінальныя справы супраць “маладафронтаўцаў” – у Сьветлагорску, Гомелі і Жлобіне.

Уладзімер Канаплёў. Адстаўка па ўласным жаданьні з пасады сьпікера сябра дзяцінства Аляксандра Лукашэнкі спарадзіла мноства чутак і здагадак. У афіцыйную вэрсію – абвастрэньне стану здароўя – ня верыць ніхто, акрамя рэдактара «Советской Белоруссіі». Сам Канаплёў пакуль ня даў ніводнага інтэрвію, каб хоць неяк праліць сьвятло на гэтую адстаўку.

Гурт “Крама”. Новага альбому вядомых беларускіх рокераў чакалі цэлых шэсьць гадоў. На прэзэнтацыю ў клюбе “Фартуна” альбому “Усё жыцьцё – дзіўны сон” прыйшло шмат людзей, сярод якіх была поп-сьпявачка Іна Афанасьева.

Уладзімер Арлоў. Пісьменьнік выдаў новую кнігу – “Імёны Свабоды”, у якія ўвайшлі замалёўкі пра вядомых і ня вельмі беларускіх гістарычных пэрсанажаў. Рэцэнцэнт кнігі гісторык Алег Гардзіенка сказаў пра гэтую кнігу наступнае: “У кніжцы 261 партрэт. Уладзімер Арлоў зрабіў такую малую энцыкляпэдыю беларускай свабоды”.

Бэрнд Штанге. За немцам сачылі, на немца спадзяваліся. Ён не пабаяўся адправіць на пэнсію былых лідэраў зборнай, даючы дарогу зусім яшчэ маладым футбалістам. Экспэрымэнты Штанге, праўда, пакуль не прыносяць вынікаў. Цягам месяцу зборная прайграла румынам і славенцам. Аднак не забываемся, што да канца восені Штанге папрасіў у заўзятараў і журналістаў карт-блянш на экспэрымэнты.

Андрэй Рыбакоў. Магілёўскі цяжкаатлет на чэмпіянаце сьвету ў тайляндзкім Чыянгмаі ўсталяваў новы сусьветны рэкорд сьвету ў рыўку і заваяваў залаты мэдаль па суме двух практыкаваньняў. Посьпех беларускай школы цяжкай атлетыкі грунтуецца на выдатных спэцыялістах і добрай працы з моладзьдзю. У адрозьненьне ад многіх іншых відаў спорту, у цяжкай атлетыцы стаўка робіцца менавіта на мясцовых спартоўцаў, а не на легіянэраў. Ёсьць выдатныя пэрспэктывы на Алімпіяду-2008.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Беларускі касьцёл атрымаў новага кіраўніка. Ім стаў былы мітрапаліт Маскоўскі, беларус Тадэвуш Кандрусевіч. Першае інтэрвію новапрызначаны мітрапаліт даў “Нашай Ніве”. Сярод прыярытэтаў Тадэвуша Кандрусевіча: поўны Катэхізіс па-беларуску, дакумэнты Другога Ватыканскага сабору, мясцовыя сьвятары для кожнай парафіі, дыялёг з уладамі і праваслаўнай царквой. 26 верасьня мітрапаліт адслужыў першую імшу ў Катэдры. Канчаткова ў Беларусь Кандрусевіч вернецца ў першай палове лістапада.

І на знак салідарнасьці мы далучаем да верасьнёўскага сьпісу таксама будыйскіх манахаў М’янмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?