16.11.2013 / 09:36

Афіцэры 1863-­га. Яны ламалі прысягу расейскаму цару, каб ісці за Каліноўскім 37

Піша Васіль Герасімчык.

У падзеях 1863—1864 вялікую ролю адыгралі афіцэры арміі Расейскай Імперыі. Мы ведаем легендарныя імёны капітана Зыгмунда Серакоўскага, падпалкоўніка Рамуальда Траўгута... На жаль, большасць прозвішчаў застаюцца невядомымі шырокай грамадскасці.

Ветэран чачэнскай вайны Завістоўскі

Станіслаў Завістоўскі з Ваўкавыскага павета прайшоў шлях ад шарагоўца да штабс­капітана. У складзе рэгулярнага войска ён браў удзел у вайне з чачэнцамі. У бітвах з імі быў двойчы кантужаны. Зволіўшыся ў запас, кіраваў дзяржаўным маёнткам у Зэльве. Як толькі пачалося паўстанне, Завістоўскі выехаў на Беласточчыну, каб далучыцца да атрада вайсковага начальніка Гродзенскага ваяводства палкоўніка Ануфрыя Духінскага, у якім было шмат афіцэраў мясцовага расейскага палка.

Завістоўскі прыбыў у атрад пасля прайгранай 30 красавіка бітвы пад Саколкаю, дзе чатыром сотням паўстанцаў супрацьстаяла амаль тысяча расейскіх салдат. І адразу быў прызначаны камандаваць адной з трох рот атрада Духінскага.

На пачатку чэрвеня Завістоўскі узяў удзел у бітве ў Ружанскай пушчы, недалёка ад Ласосіна. Рота Завістоўскага першая прыняла на сябе ўдар расейскіх войскаў маёра фон Крэмера, а Валер Урублеўскі тройчы падымаў касінераў і выбіваў ворага з захопленага ім лесу. У выніку расейцы адступілі.

Але Завістоўскі пасля бітвы трапіў у палон. Гродзенскі ваенны суд даў ветэрану 20 гадоў катаргі. Губернатар Мураўёў замяніў прысуд на расстрэл: за далучэнне да паўстання і камандаванне асобнай вайсковай адзінкай. Станіслава Завістоўскага расстралялі 22 ліпеня 1863 у Ваўкавыску.

Паўловіч, выдадзены за грошы

А 1 жніўня ў Брэсце быў расстраляны Багуслаў Паўловіч з Варшавы. Ён скончыў Аляксандраўскі кадэцкі корпус і служыў харунжым у брэсцкай 13-­й артылерыйскай брыгадзе. Калі грымнула паўстанне, пакінуў войска і паступіў у атрад Рагінскага.

Удзельнічаў у няўдалай спробе захопу Белай­Падляскай, бітве пад Сямятычамі, авалоданні Пружанамі. Атрад быў разбіты каля вёскі Баркі. Паўловіч намагаўся ўратавацца, але быў схоплены сялянамі вёскі Выганашча і за ўзнагароду перададзены расейскім уладам...

На допытах Паўловіч расказваў пра прымусовае ўцягванне ў паўстанне. Не дапамагло. Як не дапамог і зварот яго сёстраў з прашэннем аб памілаванні іх брата да вялікай князёўны Аляксандры Іосіфаўны. Пасля двухтыднёвага чакання смяротны прысуд, падпісаны М. Мураўёвым, прывялі ў выкананне. Паўловічу было ўсяго 22 гады.

Капітан Звяждоўскі на шэрым кані

У адрозненне ад Заходняй Беларусі, дзе многімі атрадамі кіравалі памешчыкі, на ўсходзе паўстанне ўзначальвалі афіцэры. Яны не здымалі вайсковых мундзіраў і такім чынам імкнуліся паказаць, што армія з народам. Гэта былі сябры вайсковай арганізацыі, слухачы акадэмій і вучылішчаў Пецярбурга, афіцэры гарнізонаў Смаленска, Крычава і Магілёва. Страх перад імі быў настолькі моцным, што супраць трохсот паўстанцаў Магілёўшчыны расейцы накіравалі цэлую дывізію.

На чале паўстанцаў там стаяў капітан Людвік Звяждоўскі, які меў намер аб’яднаць шэсць ініцыятыўных групаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў у адзін кулак і перанесці паўстанне ў цэнтральныя раёны імперыі, аж да Волгі.

Агульнае выступленне пачалося ў ноч з 5 на 6 мая. На Крычаў рушыла група Жукоўскага, каб захапіць размешчаныя там гарматы рэзервовай артылерыі. У Сенненскім павеце выступіў атрад Жэброўскага, у Быхаўскім — Анцыпы, у Рагачоўскім — Грыневіча і Дзержаноўскага, пад Оршай — Будзіловіча. Гэта былі групы ад 15 да 40 чалавек, і толькі атрад Звяждоўскага, накіраваны на Горы­Горкі, налічваў больш за сотню. Менавіта ён дзейнічаў найбольш паспяхова.

Па дарозе Звяждоўскі збіраў сялян, аддаваў ім усю зямлю, абяцаючы ліквідацыю рэкруцкіх набораў, павіннасцяў і свабоду веравызнання. У форменным шынялі афіцэра Генеральнага штаба, верхам на шэрым кані, Звяждоўскі захапіў Горы-­Горкі, дзе да яго атрада далучыліся студэнты мясцовага інстытута. Устрывожанае расійскае камандаванне тэрмінова накіравала ў Магілёў, у дапамогу дваццаці ротам пяхоты, рэзервовыя батальёны і гвардзейскія кавалерыйскія палкі.

Маўчы, а то будуць таўчы

Аднак мясцовае магілёўскае сялянства ў большасці заставася глухім да заклікаў паўстанцаў. Сяляне ведалі моц расійскай арміі, якая нядаўна душыла іх выступленні пасля адмены прыгону. Дый мужыкі не лічылі афіцэраў, што ўзначальвалі атрады паўстанцаў на Магілёўшчыне, «сваімі» — гэта былі чужыя, невядомыя людзі. На Гродзеншчыне, Віленшчыне або Міншчыне, дзе атрады збіралі памешчыкі, сяляне ішлі да паўстанцаў, бо ведалі «добрага пана», які быў іх заступнікам і бацькам.

Сяляне, навучаныя горкім вопытам гістарычнай памяці, чакалі выніку «бунту вайскоўцаў», каб стаць на бок пераможцаў. І лавілі яны паўстанцаў не таму, што былі «цара­бацюшкі» вернападданыя, а таму, што паўстанцы былі чужыя людзі, невядома якія і хто, да таго ж за іх капейку добрую зарабіць можна…

Карысталіся такой магчымасцю і памешчыкі: так, арандатар Караль Станкевіч з Люцынскага павета данёс уладам, што яго сусед, паручнік Антоні Рыцка, збірае паўстанцкі атрад. Даносамі заваліла дзяржаўныя ўстановы і габрэйскае насельніцтва. Пра жыхара Пружан Шмуйлу Кагановіча кіраўнік Гродзенскай канцылярыі Елапіеў паведамляў М. Мураўёву, што той «належыць да ліку габрэяў­спекулянтаў, якія апошнім часам свае просьбы і даносы ператварылі ў выгаднае для сябе рамяство. Нажываюць танным спосабам расейскія грошы»

Фатальнае 8 мая

Фатальным для паўстанцаў Магілёўшчыны стала 8 мая. Менавіта ў гэты дзень быў разбіты атрад адстаўнога штабс­ротмістра Тамаша Грыневіча, арганізаваны ў яго маёнтку Тошчыца Рагачоўскага павета. Атрад двое сутак пераследавалі дзве роты рэзервнага смаленскага батальёна капітана Ягорава, пасля адбыўся бой... У выніку ў палон трапілі ксёндз Буген з Чачэрска, падпаручнік Станіслаў Дзержаноўскі (быў сасланы на катаргу на 12 гадоў) і Грыневіч (яго расстралялі ў Рагачове 28 ліпеня 1863). Тых, каму ўдалося ўратавацца, мясцовыя сяляне хапалі і выдавалі расейцам.

У той самы дзень, 8 мая, каля вёскі Пагосцішча рэгулярныя часткі палкоўніка Савіцкага разбілі атрад Ігната Будзіловіча. Перад бітваю некаторыя паўстанцы прапанавалі камандзіру скласці зброю. Той адказаў, што распусціць атрад, калі скласці зброю пагодзіцца пераважная большасць паўстанцаў, але асабіста будзе змагацца да канца.

На следстве ўтойваў сваё прозвішча і не выдаваў іншых імёнаў

Будзіловіч нарадзіўся ў 1841 і паходзіў са шляхты Валынскай губерні. У 1859 скончыў Кіеўскі кадэцкі корпус, падпаручнікам паступіў на вайсковую службу ў Маскву, якую разам з Людвікам Звяждоўскім таемна пакінуў 19 красавіка 1863. На следстве сказаў: «Як паляк, я не хацеў у шэрагах войска змагацца супраць палякаў, таму вырашыў далучыцца да палякаў».

Ён узначаліў атрад і атрымаў загад заваёўваць падтрымку сялянства — нават коштам вешання памешчыкаў­прыгнятальнікаў; рухацца ў Смаленскую губерню, каб злучыцца са Звяждоўскім і ахапіць паўстаннем унутраныя раёны імперыі. Прыцягваў лю­дзей у шэрагі паўстанцаў пад пагрозаю смяротнага пакарання. У выніку за некалькі дзён павялічыў атрад з 22 да 40 чалавек. Дзейнічаў пад мянушкаю Ян Піховіч, пашпарт жа меў на імя падпаручніка Каткова. На следстве ўтойваў сваё сапраўднае прозвішча і не выдаваў імёнаў і пасадаў кіраўнікоў паўстання. 9 верасня 1863 на расстрэле Ігната Будзіловіча ў Оршы прымусілі прысутнічаць амаль сем соцень салдат з розных палкоў.

Растраляныя ў Магілёве

У маі былі схопленыя выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса: родныя браты харунжыя 22-­гадовы Міхал і 21-­гадовы Ян Манцэвічы і іх сябар 25­-гадовы падпаручнік Уладзіслаў Корсак. Ураджэнцы Магілёшчыны, яны разам служылі, разам сустрэлі смерць у Магілёве, расстраляныя 18 чэрвеня 1863.

Корсака пахавалі пры дарозе з Магілёва да вёскі Міжгор’е. У ноч на 17 верасня яго магілу раскапалі невядомыя. Але, спалоханыя блізка размешчаным пастом казакоў, пакінулі напалову выцягнутае цела паўстанца. Гэтым скарысталіся сабакі...

Разам з братамі Манцэвічамі і Корсакам у Магілёве расстралялі шляхціча Гродзенскай губерні Ідэльфонса Анцыпу, які камандаваў атрадам з 24 чалавек, разбітым 9 мая каля вёскі Язвы Быхаўскага павета.

Сябры Жаброўскі і Алендскі

У Сенненскім павеце ўсяго некалькі дзён пратрымаўся атрад паручніка Канстанціна Жаброўскага (мянушка Костка). Яшчэ месяц да таго ён служыў у Пецярбургу, адкуль 16 красавіка разам са сваім сябрам Антоніем Алендскім адправіўся ў Беларусь для ўдзелу ў паўстанні. Жаброўскі быў расстраляны ў Барысаве 6 ліпеня.

Антоні Алендскі 9 месяцаў пускаў пыл у вочы следчым, спачатку хаваючы сваё сапраўднае імя, а пасля разыгрываючы вернага падданага Імперыі. Аднак прайграў. Сын адстаўнога капітана расейскай арміі, родам з Бельшчыны, у 1862 ён скончыў Маскоўскі кадэцкі корпус і быў накіраваны ў Пецярбург, у Міхайлаўскую артылерыйскую акадэмію. Пакінуў навучанне і вайсковую кар’еру, каб далучыцца да паўстання.Антонію Алендскаму было ўсяго 20 гадоў, калі а 9­й раніцы 11 красавіка 1864 яго расстралялі за прадуктовым складам у Мінску.

Лепш скласці зброю, чым змагацца з мужыкамі

12 мая пад Прапойскам Быхаўскага павета быў акружаны расейскімі войскамі і атрад Звяждоўскага. Пасля адзінагалоснага рашэння паўстанцаў лепш скласці зброю, чым змагацца з мужыкамі, якія не былі настроеныя на карысць паўстання, Звяждоўскі распусціў свой атрад. 140 чалавек здаліся без ніводнага стрэлу і былі сасланыя ў аддаленыя куткі імперыі. Самому Звяждоўскаму ўдалося ўратавацца. Ён выехаў на эміграцыю, каб потым зноў вярнуцца, змагацца і быць павешаным.

Афіцэры, якіх пакаралі смерцю ў Беларусі, ішлі на змаганне не толькі таму, што былі «палякамі». Многія з іх, выхаваныя ва ўмовах асобнага вайсковага саслоўя і афіцэрскай свядомасці, былі звязаныя з расійскім дэмакратычным рухам, пад уплывам якога адчувалі адказнасць за абарону будучага не толькі жыхароў заходніх правінцыяў, але марылі аб утапічнай волі насельнікаў усёй Імперыі. На жаль, разуменне гэтага засталося далёкім для тутэйшых жыхароў. Як далёкімі засталіся і гэтыя чужыя афіцэры...

***

Васіль Герасімчык

Гісторык. Нар. 1987. Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, магістратуру Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта і Торунскага ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка. Пераможца конкурсу «Найлепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага».

Глядзі таксама: За што каралі смерцю сялян-­паўстанцаў у 1863-м

0
Ысторык / Адказаць
16.11.2013 / 09:42
за Ленінам намнога больш і нават не пайшлі а пабеглі!!!
0
ну вот что за люди? / Адказаць
16.11.2013 / 10:02
Ну почему маскалям дома не сидится?Так нет же-надо "воимясобираниярусскихземель"залить кровью чужую землю!Никогда роисся нормальной страной не будет.Только колючую проволоку по границей с ней.Вечная память Героям!
0
яшчэ адзін Ысторык / Адказаць
16.11.2013 / 10:18
каб не паўстаньне Каліноўскага роисся нормальной страной СТАЛА Б к началу XX века!!!
Паказаць усе каментары/ 37 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру