17.11.2013 / 00:44

«Беларусь-­5»: Тэлеканал ёсць, але ніхто яго не бачыць 14

У нядзелю 3 лістапада склалася парадаксальная сітуацыя, калі большасць жыхароў краіны не змаглі пабачыць у жывым эфіры цэнтральны матч 29 тура футбольнага першынства паміж БАТЭ і «Шахцёрам». У выпадку перамогі барысаўцы маглі стаць чэмпіёнамі краіны.

Гульня скончылася з лікам 2:2. Прычым, выйгравалі і адыгрываліся абедзве каманды. Трансляцыя ў жывым эфіры вялася на тэлеканале «Беларусь-­5». Аднак доступ да яго пакуль што маюць толькі гледачы з Мінска.

Калі БАТЭ — «Шахцёр» яшчэ можна было зірнуць у інтэрнэце, то трансляцыю баскетбольнага матча паміж «Цмокамі» і ЦСКА толькі на «Беларусь­-5».

Мы звярнуліся да кіраўніка Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь­-5» Белтэлерадыёкампаніі Паўла Булацкага, каб ён патлумачыў некаторыя моманты.

«Наша Ніва»: Спорт знікае з былога «Ладу»? Чаму не было арганізавана трансляцыі матчаў БАТЭ — «Шахцёр» і «Цмокі» — ЦСКА?

Павел Булацкі: Футбол паказвалі, але ў запісе. Трансляваць баскетбол пасля футбола ўжо палічылі нематазгодным. Трансляцыі з «Беларусь-2» нікуды не знікнуць, яны застануцца, аднак час будзе ссунуты. На «Беларусь-­5» мы зацікаўленыя ў большай колькасці прамых трансляцый.

«НН»: Ваш намеснік Вадзім Левада гаварыў аб тым, што да 1 студзеня тэлеканал «Беларусь-­5» будзе даступны абсалютна ўсім. Гэта рэальна?

ПБ: Не ўсё залежыць ад нас. Робім тое, што можам рабіць. На сёння «Беларусь-­5» ёсць у пакетах такіх кабельных сетак, як МТІС, «Космас­ТБ», Zala, «Аксіёма». Гэта самыя буйныя кампаніі. Сёння прапрацоўваем пытанне аб доступе да абласных цэнтрах.

«НН»: А ці ёсць нейкая канкрэтная лічба, колькі сёння людзей можа праглядаць тэлеканал?

ПБ: Баюся памыліцца. Лепш за ўсё звярнуцца да кабельных аператараў. Аднак наколькі памятаю, нават у таго ж МТІСа больш за 400 тысяч абанентаў.

«НН»: Вядомыя спартыўныя журналісты Сяргей Новікаў і Максім Беразінскі крытыкавалі працу «Беларусь­-5» за тое, што трансляцыі пачаліся, а з кабельнымі кампаніямі не дамовіліся. Справядлівая крытыка?

ПБ: Заўважу, аб афіцыйным адкрыцці мы нідзе не трубілі . Толькі паведамілі пра тое , што з 21 кастрычніка канал пачаў вяшчаць не ў тэставым, а ў эфірным рэжыме. Некалькі пазней мы меркавалі абвясціць дату афіцыйнага адкрыцця і запусціць вялікую рэкламную кампанію.

Але за нас гэта зрабілі СМІ, Раздутыя вялікі скандал. Цяпер мы вымушаны ў тэрміновым парадку рабіць тое, што першапачаткова ў нас было намечана як планамерная праца

Зрэшты, ідзе рабочы працэс. Перад намі пастаўлена задача — адкрыць канал да 1 студзеня 2014. Думаю, што ўсю работу па падлучэнні мы скончым ў пачатку снежня.

«НН»: Хутка пачынаецца біятлонны сезон. Гонкі будуць транслявацца толькі на «Беларусь-­5»?

ПБ: Не, трансляцыі застануцца і на «Беларусь­-2». Праўда, ці будзе гэта жывы эфір, ці не, я не ведаю.

«НН»: Адносна планаў. Ці плануецца трансляцыя гонак «Формулы­-1», матчаў НБА і НХЛ?

ПБ: Усё гэта ў стадыі апрацоўкі. Што тычыцца «Формулы­-1», то сезон пачынаецца толькі ўвесну. Адносна НБА абмяркоўваем гэтае пытанне, ідзем адзін аднаму на саступкі. Разумеце, бюджэт у нас даволі абмежаваны, таму атрымаць усе трансляцыі, якія нам бы хацелася, пакуль мала рэальна.

«НН»: А што адносна нацыянальнага футбольнага чэм­піянату. Колькі гульняў можна будзе ўбачыць па тэлевізары ў наступны год?

ПБ: Яшчэ не скончыўся гэты чэмпіянат. Нам трэба будзе падпісаць новае пагадненне аб трансляцыі матчаў. Асабіста мне хацелася б, каб іх было больш за адзін. Аднак трансляваць усе гульні тура, як у Расіі, мы не маем магчымасці.

«НН»: Адносна беларускай мовы. Як яна будзе прадстаўлена на «Беларусь-­5»?

ПБ: У той час, як з вамі размаўляем, на тэлеканале паказваецца футбольны матч «Арсенал» — «Ліверпуль», які транслюецца па­беларуску. На дадзены момант беларускай мовай карыстаюцца толькі Павел Баранаў і Дзмітрый Герчыкаў. Аднак калі з’явяцца іншыя людзі, то ні ў чым абмяжоўваць іх не будзем.

***

Што паказваюць?

Футбол: Ліга чэмпіёнаў, Ліга Еўропы, Чэмпіянат свету, Чэмпіянат Еўропы, Чэмпіянат Беларусі, Чэмпіянат Англіі, Кубак канфедэрацыі, гульні зборнай Беларусі.

Хакей: КХЛ, Чэмпіянат свету, Чэмпіянат Беларусі, таварыскія гульні зборнай.

Баскетбол: Адзіная ліга ВТБ.

Біятлон: Кубак свету, Чэмпіянат свету.

Лёгкая атлетыка: Чэмпіянат свету.

Тэніс: Турніры WTA, турніры Вялікага Шлема.

Гандбол: Ліга чэмпіёнаў, Чэмпіянат Беларусі.

Алімпійскія гульні.

Хто каментуе

Уладзімір Навіцкі — футбол, хакей, біятлон

Павел Баранаў — футбол, бокс (на беларускай мове)

Аляксандр Цвячкоўскі — футбол, хакей, гандбол, валейбол

Сяргей Новікаў — футбол, гандбол

Сяргей Мацкевіч — футбол, валейбол, тэніс, лёгкая атлетыка

Аляксандр Дзмітрыеў — футбол, хакей

Аляксандр Казюкевіч — лёгкая атлетыка, біятлон, баскетбол, тэніс

Улада Сарокіна — мастацкая і спартыўная гімнастыкі, водныя віды спорту

Мікалай Хадасевіч — футбол

Святлана Парамыгіна — біятлон

Дзмітрый Герчыкаў, Аляксей Пынцікаў — баскетбол

Валерыя Філяева — тэніс.

***

Хадасевіч: Лічу неабходным перайсці на беларускую мову

Каментатар Мікалай Хадасевіч аб досведзе трансляцый спорту па­-беларуску: «Гэта ўспрымалася аўдыторыяй тэлеканала «Беларусь­-2 », дзе былі гэтыя трансляцыі, не тое што добра, а вельмі добра.

Ёсць другі момант: ці гатовыя падхапіць гэтую ініцыятыву іншыя каментатары. Для гэтага патрабуецца шмат падрыхтоўкі, часу і ўнутранай арганізацыі.

За калег адказваць не буду, але ў перспектыве, што тычыцца мяне, лічу неабходным перайсці на беларускую мову. Вялікая канцэнтрацыя працы гэтаму паспрыяе».

Гутарыў Зміцер Панкавец

0
Агностык / Адказаць
17.11.2013 / 00:52
Наша Ніва, падключыце залу, і будзе вам шчасце.
0
Василий / Адказаць
17.11.2013 / 01:06
Враньё! На МТИС нет БТ-5 !!!! Какие 400 тыс абоненьов??! Булацкий нагло врёт!!!
0
Ашпішнік / Адказаць
17.11.2013 / 02:30
Каб яшчэ трансляцыя аўтаспорту была - цаны б не было...=)
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру