Пракуратура Мінскай вобласці закончыла расследаванне і накіравала ў суд крымінальную справу ў адносінах да старшыні Каладзішчанскага сельскага выканкама Мінскага раёна.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры Генпракуратуры, старшыня Каладзішчанскага сельскага выканкама абвінавачваецца ў тым, што даваў незаконныя распараджэнні сакратару сельвыканкама аб складанні заведама падложных рашэнняў аб спыненні права карыстання грамадзянамі зямельнымі ўчасткамі. Таксама старшыня прымушаў грамадзян да ўнясення на разліковы рахунак сельвыканкама грашовых сродкаў без адпаведных законных падстаў.

Гэта не адзіны факт узбуджэння крымінальных спраў у дачыненні да службовых асобаў мясцовых выканаўчых органаў, якія дапускалі махінацыі з зямельнымі ўчасткамі. У прыватнасці, былы старшыня Ждановіцкага сельскага выканкама абвінавачваецца ў тым, што з перавышэннем улады і службовых паўнамоцтваў прымаў незаконныя рашэнні аб канфіскацыі раней выдзеленых зямельных участкаў у грамадзян і перадачы гэтых участкаў іншым карыстальнікам. 30 жніўня была ўзбуджана крымінальная справа і ў адносінах да былога старшыні Шчомысліцкага сельвыканкама, які падпісаў заведама незаконныя рашэнні аб перадачы грамадзянам 36 зямельных участкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?