Тысячы жыхароў Сан-Францыска дапамаглі 5-гадоваму хлопчыку, які лечыцца ад лейкеміі, выканаць яго мару і стаць на адзін дзень Бэтмэнам.
AP
Майлз Скот лечыцца ад лейкеміі ўжо на працягу некалькіх гадоў, зараз ён знаходзіцца ў стане рэмісіі.
Горад ператварылі ў казачны Готэм-сіці. Хлопчык у касцюме Бэтмэна выратаваў жанчыну, затрымаў суперзлодзея, «які рабаваў» банк, і выратаваў талісман бейсбольнай каманды Сан-Францыска, выкрадзены іншым суперзлодзеем з коміксу, Пінгвінам.
Нарэшце, мэр Сан-Францыска Эд Лі ўручыў Майлзу ключы ад горада.
Мясцовая газета надрукавала адмысловы выпуск з загалоўкам «Бэткід ратуе горад!».
Тысячы жыхароў Сан -Францыска віталі «Бэткіда» падчас яго прыгодаў.
Па горадзе Майлз перамяшчаўся на бэтмабілі ў суправаджэнні паліцыі.
«Так трымаць, Майлз! Выратуй Готэм!», — сказаў у відэазвароце з Белага дома амерыканскі прэзідэнт Барак Абама.
Арганізаваў гэтае мерапрыемства фонд Make-A-Wish, у якім гэтую акцыю параўналі з ваеннай аперацыяй.