«Вушацкі словазбор», без перабольшванняў, ствараўся 60 гадоў. Як распавяла ўкладальніца кнігі Наталля Давыдзенка, недзе ў 1953 годзе Барадулін узяў сшытачак, парэзаў яго і сшыў першы нататнік, куды пачаў запісваць словы. Праз год-паўтара ў яго запісах з’явілася алфавітная структура. За доўгія гады працы такіх нататнікаў назбіралася больш за дзве сотні (прычым, не ўсе яны засталіся ў архіве паэта). Але адпаведныя запісы былі раскіданы паміж вершамі і перакладамі.

Задума выдаць «Словазбор» нарадзілася даўно. У адным з нататнікаў Давыдзенка прачытала запіс, датаваны сярэдзінай 1970-х: «Зборнік амаль гатовы». Але праца засягнулася на дзесяцігоддзі.

На пачатку 1990-х у Рыгора Іванавіча выходзіў чатырохтомны збор твораў. Паэт марыў змясціць слоўнік у апошні том. Але аб’ём таго не дазваляў. Да таго ж, салёныя народныя выразы не пасавалі стылістыцы акадэмічнага выдання.

Давыдзенка прапанавала іх скараціць, а калі Барадулін зажурыўся, дадала: «Давайце выдадзім асобнай кнігай». Асобныя творы пазней выходзілі ў іншых кнігах (напрыклад, у выданні «Дуліна ад Барадуліна», што выклікала спрэчкі). Але найбольш актыўная праца над слоўнікам адбывалася апошнія два гады.

Госці прэзентацыі надзвычай высока ацанілі «Вушацкі кнігазбор». На думку Уладзіміра Някляева, «Барадулін — паэт, які не адно дзесяцігоддзе кружляе ў небе беларускай паэзіі. Вышэй за ўсіх. Ён першы не толькі ў літаратуры. Ён найвыбітная постаць у нашай сучаснасці. Ні якой сферы ніхто не дасягнуў такіх поспехаў, як Барадулін у паэзіі. Гэтай вышыні яму было мала. Ён узяў новую вышыню ў «Вушацкім словазборы».

Калі б наша дзяржава будавалася па тых законах гармоніі, паводле якіх Рыгор Барадулін стварае свае вершы, — дадаў Някляеў, — у нас была б ідэальная беларускай дзяржава.

Як прызнаўся Генадзь Бураўкін, зборнік стаў падарункам для яго полацкай душы. «Калі чытаў гэтую кнігу, было уражанне, што вярнуўся да хаты, у роднае Полаччыну. Усё роднае, знаёмае. Але адначасова складвалася ўражанне, што ўсё гэта адкрываю наноў».

Як лічыць Бураўкін, «у гэтай кнізе аўтараў два: Барадулін і беларускі народ з яго гісторыяй, бедамі, жартамі, жальбамі і ціхай замілаванасцю». Выступоўца згадаў, што ў навуковых артыкулах часта задаюць пытанне: адкуль ў Барадуліна такая жывая мова? Але

паэт выкарыстоўвае не ўсё, што чуе. А толькі тое слова, якое пачуў невыпадкова. Таму ў яго творах паэзія, там няма сухой філалагічнай тэрміналогіі. А ёсць жывая беларуская мова. У гэтым адгадка Барадуліна. І тлумачэнне, чаму Рыгор Іванавіч з’яўляецца народным паэтам.

Уладзімір Някляеў прызнаўся, што неаднаразова бачыў Рыгора Іванавіча, калі той трымаў у руках новую кнігу. Паэт заўжды быў шчаслівы. Але такой радасці, як ад «Вушацкага словазбору», ён не бачыў ніводнага разу. Бо гэта кніга не толькі яго, а кніга ўсіх родных яму людзей.

Падчас прэзентацыі прагучала інфармацыя, што журналісты арганізавалі яе жывую трансляцыю. Таму Барадулін, магчыма, змог пачуць цёплыя словы выступоўцаў і іх віншаванні. Але Рыгор Іванавіч і без таго нябачна прысутнічаў у кнігарні. Пісьменнік Барыс Пятровіч зачытаў прысутным ліст ад паэта. Потым журналіст Сяргей Шапран перадаў ад яго кветкі для Наталлі Давыдзенкі. Зрэшты, галоўнай была атмасфера — узнёслая, паэтычная. І адначасова гумарыстычная і дасціпная. Барадулінская!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?