У канцы 2014 года стаўка рэфінансавання будзе складаць 11-13%. Гэта прадугледжана праектам Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі, распрацоўшчыкам якога выступае Нацбанк Беларусі.

Мяркуецца, згодна з праектам, што галоўная мэта грашова-крэдытнай палітыкі ў наступным годзе будзе заключацца ў зніжэнні інфляцыі да 11%. Пры гэтым чакаецца, што стаўка рэфінансавання ў сярэднім за год складзе 14-16% гадавых, а да канца года знізіцца да 11-13%.

Згодна з прагнозам, стаўка рэфінансавання ў наступным годзе будзе з'яўляцца асноўным інструментам рэгулявання ўзроўню працэнтных ставак на фінансавым рынку.

Апрача таго, мяркуецца, што ў наступным годзе адбудзецца набліжэнне працэнтнай стаўкі аднадзённага рублёвага міжбанкаўскага крэдыту да ўзроўню стаўкі рэфінансавання.

Варта зазначыць, што зараз стаўка рэфінансавання не адлюстроўвае кошту грошай у беларускай эканоміцы.

Так, гэтай восенню стаўка па аднадзённым міжбанкаўскім крэдыце была прыкладна ўдвая вышэйшай за стаўку рэфінансавання.

Як паведамлялася раней, беларускія ўлады планавалі знізіць стаўку рэфінансавання да канца 2013 года да 13-15% (з 30% у пачатку года). Да сярэдзіны чэрвеня Нацбанку ўдалося знізіць уліковую стаўку да 23,5%. Аднак летам на фоне росту курсу долара пачаўся адток рублёвых укладаў насельніцтва, пасля чаго беларускі цэнтрабанк прыняў рашэнне спыніць зніжэнне ўліковай стаўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?