Сулейман Керымаў прадасць 21,75% акцый расійскага калійнага гіганта «Уралкалій» расійскаму мільярдэру Міхаілу Прохараву. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні інвестыцыйнага гіганта «Онэксімгруп», які належыць Прохараву.

Прохараў належыць да групы багатыроў, якія зрабілі капітал у 1990-я. Ён таксама ўзначальвае расійскую ліберальную партыю «Грамадзянская платформа» і ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у Расіі.

Паводле звестак агенцтва Bloomberg, у рамках здзелкі «Уралкалій» ацэнены на $20 млрд. Зыходзячы з гэтай ацэнкі, 21,75% «Уралкалія» каштуюць $4,35 млрд. Рынкавая цана пакета складала менш — каля $3,5 млрд.

Продаж Сулейманам Керымавым долі ў найбуйнейшым вытворцу калійных угнаенняў стаў на парадку дня пасля разрыву ў канцы ліпеня адносінаў «Уралкалія» і Беларускай калійнай кампаніі і арышту ў Беларусі кіраўніка «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера.

Улады Беларусі інкрымінавалі і Керымаву, і Баўмгертнеру злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Як чакаецца, змена ўласніка асноўнага акцыянера «Уралкалія» паспрыяе вырашэнню канфлікту.

Кіраўнік «Беларуськалія» Валерый Кірыенка не ведае пра мэты інвестыцый Міхаіла Прохарава. «Не ведаю, я з Прохаравым не знаёмы. І якія яго мэты і задачы, я таксама не ведаю. Калі гэта паслужыць стабілізацыі рынку і спакою, то мы будзем толькі рады», — цытуе спадара Кірыенку расійскае агенцтва «Прайм».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0