Фота Вячаслаў Радзівонаў/Ultra-Music.

Фота Вячаслаў Радзівонаў/Ultra-Music.

Альбом «Д.П.Б.Ч.» гурта N.R.M., які выступае цяпер у якасці трыа, выйшаў сярод іншага на вінілавай кружэлцы. Фармат цяпер не самы папулярны, аднак попыт на вініл за апошнія гады павялічыўся — у Расіі частка музычных навінак дублюецца ў выглядзе кружэлак і мае свайго слухача.

Каштуе «Д.П.Б.Ч.» ажно 50 даляраў, аднак, па словах Піта Паўлава, гэта цалкам прымальны для вініла кошт.

«Наклад альбома на кружэлцы — сто асобнікаў, — расказвае спадар Паўлаў. — Сабекошт аднаго вініла — $30, таму нам нашмат выгадней зрабіць сто куржэлак, а пасля зрабіць другі наклад».

Па словах музыкі, асноўная аўдыторыя, на якую разлічана вінілавае выданне, гэта калекцыянеры.

«Вяртання вінілавай культуры не будзе, — кажа Паўлаў. — Уся музыка перайшла ў электронны выгляд, $50 для хлопца, які слухае mp3-файлы праз тэлефон, гэта не шмат, бо ён не купіць кружэлку нават за пяць. А для калекцыянераў, якія маюць апаратуру за $15-20 тысяч, гэта таксама не сума».

Першы наклад кружэлкі ўжо амаль разышоўся, цяпер гурт будзе рабіць другі наклад, які будзе троху адрознівацца ад першага, што ўздыме кошт на першы прэс, аднак ужо сярод калекцыянераў.

«Для ўсіх астатніх мы выпусцілі CD-версію альбома, — кажа Паўлаў. — Аднак гучыць вініл нашмат лепей, гэта кожны можа зразумець на слых».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?