Фота Svaboda.org.

Фота Svaboda.org.

«Errata», якая выйшла ў серыі «Бібліятэка «Беларускі калегіюм»» (выдавецтва «Логвінаў») перакладаецца з лаціны як «памылка друку» ці «заўважаныя памылкі». Назва сімвалічная: Дубавец вядзе гаворку з пазіцыі беларускамоўнага свету, для прадстаўнікоў якога сучаснасць з’яўляецца прыкладам перакуленай рэальнасці.

Расшыфроўка назвы («як што называецца, так і адбываецца») дазваляе сцвярджаць пра дзве асаблівасці аўтарскага светапогляду. Увага да лінгвістычнай «драбязы», з якой складаецца агульная карціна. А таксама вера ў пэўную наканаванасць і прадвызначанасць падзей (што не адмаўляе магчымасці іх аптымістычнага вырашэння).

Сваю пазіцыю пісьменнік раскрывае праз структуру кнігі, якая складаецца з трох раздзелаў: «Словы», «Мова» і «Народ». Першы ілюструе аўтарскую пазіцыю праз канкрэтныя прыклады.

Найбольш красамоўны прыклад звязаны з тэрмінамі «ваенны» і «вайсковы». У праграмы беларускіх школах уведзена ваенная падрыхтоўка (інакш кажучы, падрыхтоўка да вайны). Тады як вучняў трэба рыхтаваць да войска (адпаведна, падрыхтоўка мусіць называцца вайсковай).

У іншым выпадку аўтар кажа пра прыклад нацыянальнага самапрыніжэння. Беларусы ахвотна набываюць і прэзентуюць гасцям сувенірную гарэлку «Бульбаш», што раўназначна раскрутцы палякамі брэнда «Пшэк» або ўкраінцамі – «Хахол».

Разважанні Сяргея Дубаўца ў другім раздзеле «Мова» найбольш цікавыя на фоне нядаўніх скандальных разважанняў Юрыя Беленькага («Калі ты гаворыш па-расейску, ты ў акупацыйным войску і страляеш у свой народ»). Пазіцыя Дубаўца, агучаная раней, у нечым больш стрыманая, а ў іншым падобная да выказванняў Беленькага.

Аўтар «Errat-ы» канстатуе, што «сёння, пасля стратаў сімволікі і перад абліччам страты незалежнасці, толькі мова – усё, што ад Беларусі засталося і што па самым вялікім рахунку і ёсць Беларусь».

Таму для Дубаўца «гаварыць у публічнай прасторы па-расейску – значыць, падлабуньвацца да цемрашальства». А расейская мова, на якой піша ў фэйсбуку вядомы апазіцыйны палітык ці знаны дэмакратычны журналіст – «навязаная яму мова каланіяльнай дыктатуры».

Унутрана цэласная пазіцыя Дубаўца добра вядомая сталым чытачам гэтага аўтара, таму наўрад ці стане для іх адкрыццём. Старонняга назіральніка можа здзівіць нечаканая талерантнасць пісьменніка, які заўважае: «Няхай кожны гаворыць на той мове, на якой можа і хоча». Але як успрыме такі дазвол міжвольны прадстаўнік «каланіяльнай дыктатуры»?

Што тычыцца перспектыў развіцця мовы, дык пісьменнік упэўнены: «прынцыпова рускамоўныя насельнікі Беларусі праз пакаленне ці два як з’ява перастануць існаваць».

Хоць Дубавец не прыводзіць у пацвярджэнне свайго тэзіса ніякіх аргументаў. Зрэшты, ва ўсе часы любое вучэнне трымалася на людзях, якія верылі без разважанняў. А аўтар, безумоўна, адносіцца да іх ліку.

Праз трэці раздзел, «Народ», праходзяць дзве магістральныя тэмы. Першая — як беларусы пачалі ўсведамляць сябе яе народ. Згодна з Сяргеем Дубаўцом, гэта адбылося ў прамежку ад 1835 года (публікацыя філамата Францішка Малеўскага) да 1897 года (перапіс, згодна звестак якога ў Расійскай імперыі налічвалася каля 6 мільёнаў нашых суайчыннікаў, большасць якіх усведамлялі сябе беларусамі).

Другая магістральная тэма — сталінскія рэпрэсіі. На першы погляд, іх падрабязнасці добра распрацаваныя ў літаратуры (як мастацкай, так і навуковай). Але да гонару Дубаўца, ён адыходзіць ад банальнай трактоўкі рэпрэсій і павярхоўнай, часам катэгарычнай публіцыстыкі. Як піша пісьменнік,

«узнаўляючы лёсы тысяч нашых суайчыннікаў, загубленых камуністамі ў ГУЛАГу, мы з адзінак складаем партрэт нацыі, якой яна магла б быць сёння, але якой не стала».

Трактоўка асобных праблем, пра якія ідзе размова ў раздзеле «Народ», часам можа здзівіць чытача. Насуперак звыклым меркаванням пра пакорнасць беларусаў падчас рэпрэсіяй, Сяргей Дубавец звяртаецца да праяваў супраціву («масава беглі з высылкі, з калоній, падымалі паўстанні і бунты, большасцю адмаўляліся прызнаваць прыдуманую ім віну»).

На думку аўтара, буйныя айчынныя прадпрыемствы (кшталту МАЗа) з’яўляліся падраздзяленнямі ГУЛАГу. Калі ўлічыць, што гіганты прамысловасці з’яўляліся гонарам БССР і яе брэндамі, атрымліваецца, што дабрабыт савецкага грамадства трымаўся на крыві.

Іншы прыклад — разважанні пра дваранства (гаворка не пра шляхту, а менавіта пра дваранскую эліту ХІХ стагоддзя). Лёс, што напаткаў дваранскія сядзібы, аўтар тлумачыць праз сімволіку паэмы «Вераніка». Элегічны настрой, уласцівы гэтаму багдановічаўскаму шэдэўру, увасабляе занядбанне і паступовае знікненне гэтай сацыяльнай групы.

Як мяркуе пісьменнік, «беларускаму народу для нармальнага развіцця патрабуецца рэабілітацыя свайго беларускага дваранства». Прадстаўнікі апошняга нячаста падтрымлівалі нацыянальную ідэю. Таму памяркоўнасць і ўзважанасць аўтара ў гэтым пытанні вельмі кантрастуе з яго катэгарычнасцю ў аспектах, звязаных з мовай.

У заключным эсэ («Бацькі і дзеці: эгаізм старасці») ідзе гаворка пра катэгорыі «свабоды», а таксама «затарможанай цывілізацыі» (адпаведна, можна казаць пра звязаную з ёй «несвабоду»).

Гэтая альтэрнатыва праходзіць скразной лініяй праз усю кнігу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?