Польская газэта «Metro», што бясплатна раздаецца на вуліцах, паведаміла пра беларускіх гастарбайтэраў, якія атрымліваюць працоўныя візы ў Польшчу, аднак да месца працы масава не зьяўляюцца.

Выданьне паведамляе, што падобныя праблемы пачаліся ад моманту спрашчэньня працэдуры працаўладкаваньня замежнікаў у Польшчы ў краіну. Ад 20 ліпеня бягучага году польскаму працадаўцу дастаткова падаць заяву ў бліжэйшую ўправу па працы, запоўніць фармуляр ды заплаціць 100 злотых. Фармуляр адсылаецца найміту ў Беларусь, Украіну, ці Расею. Фармуляр гарантуе аўтаматычнае атрыманьне працоўнай візы на 3 месяцы. Пры гэтым ня трэба стаяць па некалькі тыдняў у чарзе па візу.

«Metro» прыводзіць факты «зьнікненьня» адразу пасьля перасячэньня польскай мяжы сотняў украінцаў — польскі працадаўца аплаціў прыезд 300 чалавек, даехала ўсяго 20.

Выданьне паведамляе, што з аналягічнай праблемай сутыкнулася і польскае генкольсунства ў Горадні. Больш за тое, шмат хто зь беларусаў нібыта не затрымліваюцца і ў Польшчы. У пошуках большага заробку яны выяжджаюць у заходнеэўрапейскія краіны.

У прэс‑службе генэральнага консульства Польшчы ў Беларусі інфармацыю пра масавае зьнікненьне беларускіх працоўных мігрантаў у Польшчы не пацьвердзілі, але й не абверглі.

«Па‑першае, калі б гэта былі б сапраўды масавыя факты, мы былі б у курсе падзеяў, але адпаведных зваротаў з боку польскіх працадаўцаў мы не атрымлівалі, па‑другое, мы ўвогуле ня ставім перад сабой такую задачу — адсочваць далейшае перамяшчэньне чалавека, што атрымаў польскую працоўную візу» — паведаміла прэс‑сакратар польскай амбасады Моніка Садкоўская.

Маўчаньне польскіх працадаўцаў ускосна можна патлумачыць значным недахопам працоўнай сілы ў Польшчы. Толькі ў будаўнічай сфэры не хапае 400 тыс. рабочых.

Дагэтуль беларускія СМІ рэгулярна паведамлялі пра шматлікія праблемы, што перасьледуюць беларускіх гастарбайтэраў за мяжой, асабліва тых, што накіроўваюцца ў пошуках заробку ў Расею. Факты, прыведзеныя польскай газэтай, калі яны знойдуць пацьверджаньне, будуць сьведчыць пра тое, што беларусы здольныя быць ня толькі падманутымі, але й падманваць іншых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?