Доўгачаканы праект закона «Аб беларусах замежжа» паступіў у палату прадстаўнікоў.

Гэта не першы раз, калі праект закона пасля ўзгаднення паміж усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі ўстановамі фактычна дайшоў да апошняй стадыі разгляду. Такое ўжо было ў 2002 годзе. Тады праект закона меў назву «Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой», але з незразумелых прычынаў прыняцце закона так і не адбылося, і ён надоўга выпаў з прыярытэтаў дзяржаўнай замежнай палітыкі.

Неабходнасць прыняцця закона Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» агучвала даўно: з 2001 года гэтае пытанне было асноўным у парадку дня працы з’ездаў беларусаў свету, што склікаюцца «Бацькаўшчынай» кожныя чатыры гады.

Больш за тое, на з’ездах не толькі прымаліся звароты да ўрада з заклікам прыняць адпаведны закон, дэлегаты выходзілі з канкрэтнымі прапановамі, датычнымі зместу закона.

Практычна гатовы законапраект быў накіраваны Згуртаваннем ва Урад па выніках і Чацвёртага (2005 г.), і Пятага (2009 г.) з’ездаў беларусаў свету.

Гэты дакумент быў складзены з улікам меркавання дыяспары, а таксама падобнага заканадаўства іншых унітарных краінаў. «Бацькаўшчына» прапанавала назваць законапраект «Аб беларусах замежжа».

У канцы 2009 года пры Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь зноў была створаная працоўная група па распрацоўцы законапраекта, у яе ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных устаноў Беларусі і грамадскіх арганізацый, што працуюць з беларускай дыяспарай, у тым ліку і «Бацькаўшчыны».

У выніку быў распрацаваны законапраект, які ўсё ж атрымаў назву «Аб беларусах замежжа». Некалькі год законапраект вандраваў па розных дзяржаўных установах дзеля ўзгадненняў, і, адпаведна, змяняўся яго змест.

Апошнім часам над канчатковым варыянтам законапраекта перад падачай у палату прадстаўнікоў працавала Міністэрства замежных спраў Беларусі, больш за тое, у выпадку прыняцця закону асноўная нагрузка па яго выкананні будзе класціся менавіта на гэтую дзяржаўную ўстанову.

У сувязі з гэтым Згуртаванне «Бацькаўшчына» звярнулася да начальніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Амбразевіча па каментар адносна законапраекта і яго далейшага лёсу.

Адказы Юрыя Амбразевіча чытаць па гэтай спасылцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?