Тбілісі. Фота tele.ru.

Тбілісі. Фота tele.ru.

«Грузія больш еўрапейская за Беларусь, — адказаў грузін беларусцы ў самалёце да Тбілісі, калі яна пацікавілася, якая яна, іх краіна. — А ў вас яшчэ савок».

Што адбылося з Грузіяй і што пасля сябе пакінуў прэзідэнт Саакашвілі?

«Усё памянялася ў краіне пры Саакашвілі, — кажа таксіст Эдуард, з якім едзем з аэрапорта ў Тбілісі. — У параўнанні з тым, што было раней, сёння проста рай.

Я не кажу, што ўсё добра, але значна лепш, чым было».

Эдуард размаўляе па-расейску, зразумела, з акцэнтам.

«Калі вам нехта скажа, што тут ненавідзяць расейцаў, гэта хлусня. Да простых людзей ставяцца добра».

І адзначае, што вось расейскіх палітыкаў сапраўды не любяць. Маўляў, праз іх усе праблемы паміж краінамі.

«Моладзь размаўляе і па-англійску. А ёсць і тыя, хто на замежных не ўмее», — з грэблівасцю кажа таксіст. Ён лічыць, што ведаць чужую мову моладзі трэба. А ўжо якую, выбар за імі.

 

«Я не ўмела размаўляць па-расейску, — расказвае Тамар. — Але да нас з Расеі прыязджала цётка. І давялося навучыцца, каб з ёй паразумецца». Але карыстаецца ёй рэдка. Тамар прасцей камунікаваць па-англійску з замежнікам, хай нават гэта будзе беларус. А яе сяброўка Русудан толькі разумее расейскую, а гаварыць ужо не ўмее.

У кавярнях з вамі паразумеюцца. А вось сярод таксістаў, напрыклад, хіба старэйшыя могуць размаўляць па-расейску.

Яшчэ жабракі, якіх у Тбілісі шмат, змогуць давесці на любой мове, чаго хочуць. І хаця большасць турыстаў сюды прыязджае акурат з Расеі,

 

Праз якія два дзесяцігоддзі тут па-расейску размаўляць амаль перастануць. Гэтую мову проста забудуць. Прынамсі, так здаецца.

Між іншым, у Тбілісі прыязджаюць армяне і азербайджанцы вучыцца ў магістратуру (гэта толькі тыя, з якім давялося сутыкнуцца). Натуральна, што вучацца па-англійску, а не па-расейску. Атрымаць грузінскі дыплом стала прэстыжна.

Мы снедаем у рэстаране пры гатэлі. Ніно там працуе менеджарам. Дзелімся сваімі ўражаннямі ад горада. Жанчына ўважліва слухае.

«Тое, што вы бачыце сёння, усё зрабіў Саакашвілі», — заўважае яна.

Маўляў, раней усё было шэрым, невыразным, а таму не такім цікавым турыстам. А вытрымаўшы паўзу, дадае: «Але ён столькі ліхога зрабіў, што яно перакрэслівае ўсё добрае. Што з людзьмі ў турмах рабілі, як здзекаваліся з іх. А бізнэс працаваць не мог: яму ўсе павінны былі плаціць. У выніку грузінскія бізнэсоўцы выехалі, сюды прыехалі туркі і іранцы».

У рэстаране амаль пуста — кожнае слова разлятаецца па ўсім памяшканні.

«Вось я вам гэта расказваю, а пры Саакашвілі баяліся гаварыць — толькі паўшэптам. Мы яго любілі першыя два-тры гады. А цяпер ненавідзім.

 Мы баяліся, каб ён чагосьці не выкінуў перад сыходам».

Майкл — прадстаўнік маладой Грузіі. Ён кажа, што Саакашвілі большасць насельніцтва сапраўды ненавідзіць, але да канца тая большасць не ўсведамляе ягонай значнасці.

«Ён выхадзец з нашага грамадства, якое не ведае, як можна рабіць інакш. Таму і ён рабіў так, як па-ягонаму было правільна. Канечне, памылак не магло не быць».

Малады чалавек схільны ўспрымаць перыяд Саакашвілі як пераходны ад савецкага ладу, што захоўваўся пры Шэварнадзэ, да дэмакратычнага, які павінен замацавацца пры новых прэзідэнце і ўрадзе.

Дарэчы, самай рэзананснай рэформай папярэдняга прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі стала барацьба з карупцыяй у паліцыі. Старыя пастарункі знеслі, а на іх месцах паставілі шкляныя. Яны павінны стаць сімвалам празрыстасці сістэмы. Паліцэйскім выдалі маленькія камеры, якія прышчэплены на грудзях, і ўсе іх кантакты з людзьмі запісваюцца (падрабязней пра рэформу чытайце: Як Грузія з самай карумпаванай краіны стала самай празрыстай). 

Грузінскі паліцэйскі з камерай. Фота wasin.livejournal.com.

Грузінскі паліцэйскі з камерай. Фота wasin.livejournal.com.

«І ён ужо не толькі грошы не возьме, але і размаўляць з табой будзе нармальна. Бо ў выпадку канфлікту, адразу звернуцца да запісу камеры», — адзначае таксіст Эдуард.

А яшчэ па горадзе стаяць камеры. І калі кіроўца парушыў правілы дарожнага руху, трэба чакаць дадому «ліст шчасця».

А штрафы ў Грузіі на парадак вышэйшыя, чым у Беларусі.

«Ну перавысіў крыху, не глядзеў на спідометр», — абураецца таксіст і дадае яшчэ пару моцных слоўцаў на адрас паліцэйскіх. Праз ягоную эмацыйнасць нават імя не рашаемся запытаць. Ён лічыць, што трэба караць толькі ў выпадку, калі парушэнне стала прычынай аварыі. Апошнім часам, дарэчы, у краіне загаварылі пра тое, каб штрафы зменшыць напалову. Грузіны не настолькі заможныя, хаця аўтамабіляў у Тбілісі і шмат.

«Што нам дзяліць з абхазамі? У нас сем’і былі мяшаныя. Саакашвілі справакавалі, а ён не стрымаўся — пачаў вайну», — кажа менеджар Ніно.

Вайну ўспрымаюць не так адназначна, як магло б здавацца. З кім размаўлялі, хіба толькі журналістка Аліко ўхваляла рашэнне Грузіі ўвязацца ў ваенны канфлікт.

  Падчас вайны 2008 года расейскія салдаты на тэрыторыі Грузіі. Фота kizikhi.livejournal.com.

Падчас вайны 2008 года расейскія салдаты на тэрыторыі Грузіі. Фота kizikhi.livejournal.com.

«Хто пачаў вайну?» — перпапытвае Аліко, яна жыла ў Горы да вайны, а затым пераехала ў Тбілісі. Пасля невялікага вагання адказвае: — Грузіны. Але афіцыйна вайна пачалася 8 жніўня, а стралялі ўжо з 2 жніўня», — канфлікт справакавалі з супрацьлеглага боку, расказвае яна.

Вайна засталася вялікім шнарам у памяці людзей, але нават яна не спыніла дзяржаўнага і нацыянальнага будаўніцтва ў краіне.

Вось такая яна цяпер, Грузія. Яшчэ не такая багатая, але ўжо моцная нацыянальная дзяржава. І гэта зайздросны поспех.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?