Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч патрабуе пакараць Мінспорту за неэфектыўнае расходаванне сродкаў на рэканструкцыю спартыўнага цэнтра ў Раўбічах.

Як паведаміла прэс-служба ўрада, пра гэта ён заявіў на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў 19 лістапада, на якім разглядаўся ход рэканструкцыі аб'ектаў установы «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы».

Дзяржаўным мэтавым бюджэтным фондам нацыянальнага развіцця ў 2011—2013 гадах для ажыццяўлення праектавання, будаўніцтва і рэканструкцыі аб'ектаў цэнтра выдзелена 50 млрд. рублёў. Усяго ж на рэканструкцыю неабходныя каля 474 млрд., паведамляе прэс-служба. 

На думку прэм'ер-міністра, размеркаванне фінансавых сродкаў, прадугледжаных па гэтым праекце, вядзецца неэфектыўна.

«Гэта прамыя хібы Міністэрства спорту і турызму. За гэта трэба несці пакаранне», — падкрэсліў кіраўнік урада.

Як паведаміў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, у 2010—2011 гадах была выкананая рэканструкцыя акрабатычнага схілу для фрыстайлу, у 2012 годзе ўведзена ў эксплуатацыю водазаборная артэзіянская свідравіна, у 2013-м — завершана рэканструкцыя медыка-аднаўленчага цэнтра. Аб'ект уведзены ў эксплуатацыю ў чэрвені гэтага года. Зараз праводзяцца работы па рэканструкцыі лыжаролернай трасы. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва гэтага аб'екта — дзевяць месяцаў, яго арыенціровачны кошт складае каля 50 млрд. рублёў. Пры гэтым сёлета выдзелена толькі каля 29 млрд. Увод у эксплуатацыю трасы запланаваны на 2014 год.

Паводле інфармацыі міністра, для разліку за выкананыя работы і завяршэнне сезонных будаўнічых работ неабходнае дадатковае фінансаванне сёлета ў 65 млрд. рублёў.

«Выдзяленне сёлета гэтых сродкаў, а таксама неабходнае рытмічнае фінансаванне ў 2014 годзе дазволяць завяршыць рэканструкцыю аб'ектаў цэнтра ва ўстаноўленыя тэрміны па праекце і правесці чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў у 2015 годзе на высокім узроўні», — зазначыў Шамко.

Мясніковіч даручыў выдзеліць большую частку сродкаў, што запытваюцца на гэты год. Астатняя сума, паводле яго слоў, будзе выдзелена пры ўмове іх кампетэнтнага выкарыстання. Прэм'ер-міністр распарадзіўся «ўстанавіць жорсткі кантроль за эфектыўнасцю выкарыстання грашовых сродкаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?