Фота bielanohaja.by.

Фота bielanohaja.by.

19 лістапада ў рок-бары «Крылы» адбылася прэзентацыя новага альбому беларускай бард-спявачкі Таццяны Беланогай «Святло і цені».

Свой выступ Беланогая пачала з падзякі за падтрымку ўсім прысутным сябрам і слухачам. Іх сапраўды сабралася шмат, на ўсіх не хапіла крэслаў, многія правялі канцэрт стоячы, сёй-той размясціўся на падваконнях і прыступках вакол сцэны.

Канцэрт, па азначэнні Таццяны, атрымаўся «сямейным»: у залі сабраліся аднакласнікі і аднагрупнікі, сябры і аднадумцы з Маладзечна і іншых мясцінаў, а таксама бацькі і сястра спявачкі.

Альбом «Святло і цені» прысвечаны памяці сяброўкі Вольгі Рамановіч, якая рана пайшла з жыцця. Яна працавала выкладчыцай французскай мовы і ўпершыню ў гісторыі беларускай перакладчыцкай справы перакладала з французскай на беларускую мемуары Міхала Клеафаса Агінскага: «Воля пайшла з жыцця ў 33 гады.

У яе было хворае сэрца, але ёй вельмі дапамагала яе праца. Яе мэта – пераклады, дзеткі – надавалі ёй моцы. Я думаю, што і гэты альбом вас прыцягнуў з-за таго, што Воля была такой светлай…

Я не ведаю, 33 – гэта шмат ці мала, пэўна, гэта не нам вырашаць, але Воля зрабіла вельмі шмат, яна была вельмі добрым чалавекам. І я думаю, што яна нас таксама сюды прывяла. Такіх людзей, як Воля, ў нас у краіне вельмі шмат. Я гэтаму радуюся. Добрых людзей болей, чым злых, я ў гэтым упэўнена!»

Першую частку выступу склалі песні з новага альбому, у якім, кажа Таццяна, «я хацела разабрацца сама ў сабе і знайсці гэтую мяжу – паміж святлом і ценем. Але я буду шукаць яе, напэўна, усё жыццё!»

Пасля адбыўся розгрыш прызоў ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», падчас якога спявачка падзялілася некаторымі творчымі планамі. У прыватнасці, рыхтуюцца новыя песні на словы Яўгеніі Янішчыц, а таксама ёсць мара запісаць альбом цалкам на вершы беларускіх і замежнах паэтаў (Ларысы Геніюш, Анатоля Сыса, Райнера Марыя Рыльке і Чэслава Мілаша).

Добрым словам была згаданая і прысутная ў залі паэтка Людміла Хейдарава – менавіта з песні на ейны верш пачаўся творчы дэбют Таццяны Беланогай (песня «Чорны май» у складанцы «Чарнобыльскі вецер»).

Далей гучалі песні з ранейшых альбомаў, якія за апошнія гады вельмі палюбіліся слухачам і набылі шырокую вядомасць: «Зіма. Вакзал», «Метро», «Дзеці неба» (прысвячэнне Анатолю Сысу), «П'еса» (на словы сястры спявачкі – Марыі), «Я веру ў любоў», «Каменны горад» (прысвечаная Мінску). Асобны блок спеваў на словы Яўгеніі Янішчыц («Журавінавы рай», «Раманс» «Не воблака») быў прысвечаны Дню нараджэння паэткі – 20 лістапада.

Пра шчырую сяброўскую атмасферу вечарыны і адчуванне еднасці са слухачамі сведчыць тое, што пасля абвяшчэння апошняй песні ў праграме («Балюча»), на біс былі выкананыя яшчэ тры спевы: «Адзінота ў лістападзе», «Сны» і «Хто забраў мой самы светлы сон» (апошняя – на верш незабыўнай Янішчыц).

На развітанне Таццяна звярнула ўвагу сваіх прыхільнікаў, што ранейшы сайт bielanohaja.org цяпер не працуе, а новы сайт bielanohaja.by неўзабаве пачне паўнавартую працу. Па словах спявачкі, у Менску даўно не было канцэртаў, але «бліжэйшым часам чакаюцца кватэрнікі-ранішнікі, каб можна было сустрэцца, пасядзець, паграць разам, шчыра паразмаўляць у гэтым вялкім горадзе».

Адмысловая падзяка за дапамогу ў падрыхтоўцы і запісе новага альбому прагучала ў адрас прадзюсара і кіраўніка БМА-group Віталя Супрановіча, віртуознага сола-гітарыста Юрыя Хілаўца, які дапамагаў выступаць і на папярэдніх прэзентацыях, а таксама агульнацыянальнай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

«Альбом – гэта нагода сустрэцца і падзяліцца тым, што ў мяне на душы. Дзякую кампаніі «Будзьма беларусамі!» Гэта ўнікальная кампанія для ўсёй нашай краіны, яе мэта – развіццё беларускай культуры. Да шчасця, ёсць такая кампанія. Да шчасця, я нарадзілася ў гэты час, я шчаслівая, што так супала. Унікальнасць нашага часу ў тым, што ёсць такая платформа і ёсць людзі, з якімі можна падзяліцца. Гэта вялікае шчасце, калі ёсць аднадумцы!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?