Цяжкае дарожна-транспартнае здарэнне адбылося каля 20.00 у сераду 20 лістапада на трасе М-3 непадалёк ад горналыжнага комплексу «Лагойск».

Кіроўцу легкавіка «Сітраэн Ксара» не ўдалося выканаць бяспечны абгон на вузкім участку дарогі, таму адбылося лабавое сутыкненне с фурай.

Загінулі два чалавекі.

На месте здарэння працавалі экстранныя службы, супрацоўнікі Следчага камітэта.

У чацвер сталі вядомымі падрабязнасці.

Кіроўца пайшоў на абгон, але не разлічыў, і машына ўрэзалася ў паўпрычэп сустрэчнай фуры «Мэрсэдэс». І тут жа яшчэ адзін грузавік, «Сканія», ударыў у легкавік, які адкінула.

— Па словах кіроўцы грузавіка «Мэрсэдэс», калі ён пабачыў, што яму насустрач ляціць легкавік, ён максімальна ўзяў управа, але ж грузавік вялікі, таму «Сітраэн» усё адно зачапіў прычэп, — тлумачаць у прэс-службе УДАІ.

23-гадовыя Ганна Саўчук і Максім Вечар пабраліся шлюбам у суботу, 16 лістапада. Яны былі прыхаджанамі пратэстанцкіх цэркваў: ён — «Ласкі Божай» у Ваўкавыску, яна — «Выратаванне» ў Баранавічах.

У Баранавіцкай грамадзе і прайшло вяселле.

Маладыя кіраваліся ў Шумілінскі раён, куды іх адправілі на размеркаванне. Везлі з сабой вясельныя падарункі… Аўтамабіль маладыя купілі ў Мінску за дзень да аварыі.

Ганна па размеркаванні працавала бухгалтаркай у Шумілінскім райвыканкаме (Віцебская вобласць).

Жалобная служба і развітанне пройдуць у царкве «Выратаванне» ў Баранавічах ў чацвер, 21 лістапада, а 19.00.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?