Стваральнік Другога Рэйха

На працягу сваёй гісторыі Германія пераважна з’яўлялася раздробленай краінай. Вінаватай у тым лічылі эліту, якая не магла аб’яднацца, і зайздрослівых суседзяў. Адзіным выключэннем з’яўляўся пачатковы перыяд існавання Святой Рымскай імперыі (Х – ХІ стагоддзі), калі гэта дзяржава з’яўлялася адной з самых магутных у Еўропе. Гэты час немцы называлі Першым Рэйхам.

Бісмарк здолеў далучыць да Прусіі іншыя нямецкія тэрыторыі. Спярша ў Паўночнанямецкі саюз, потым — у Германскую імперыю. Пазней новую дзяржаву пачалі называць Другім Рэйхам. А немцы ўпершыню за доўгі час сталі лічыць сябе вялікай нацыяй.

Прыхільнік моцнай арміі

Папярэднікі Бісмарка імкнуліся аб’яднаць краіну мірнымі сродкамі. Таму ў Прусіі мелася невялікая рэгулярная армія. Бісмарк здолеў правесці рэформу. Склад арміі падвоіўся, істотна павялічваўся вайсковы бюджэт.

Зразумела, палітык выкарыстоўваў і дыпламатычныя сродкі. Але калі не ўдавалася, даваў свабоду ваенным. Праводзячы палітыку «жалезам і крывёю», Прусія захапіла Шлезвіг-Гальштэйн, які тады належаў Даніі (цяпер нямецкая федэральная зямля). Пасля перамагла Аўстрыю і далучыла да сябе паўночнанямецкія землі. Потым разграміла Францыю і завалодала поўднем сучаснай Германіі. Прычым Бісмарк знаходзіўся ў складзе войска ва ўсіх канфліктах.

Мэта апраўдвае сродкі

Бісмарк ніколі не абцяжарваў сябе сумненнямі ў этычнасці сваіх учынкаў. Калі дэпутаты прускага парламента адмовіліся выдаткаваць грошы на вайсковую рэформу, Бісмарк увёў антыканстытуцыйныя падаткі. А потым наогул распусціў парламент.

Іншым прыкладам стала Эмская дэпеша, якую Бісмарк атрымаў ад прускага караля. У ёй сцвярджалася, што Прусія будзе працягваць перамовы з Францыяй, сваёй суперніцай. Бісмарк скараціў тэкст, які набыў адмоўны катэгарычны характар. Дэпеша стала падставай для пачатку вайны.

«Сябра» Расіі

Тры гады, з 1859 да 1862 Бісмарк з’яўляўся паслом Прусіі ў Расійскай імперыі. Ён вывучыў расейскую мову, ведаў усю расійскую эліту і нават сябраваў з канцлерам Гарчаковым (аднакласнікам Пушкіна па Царскасельскім ліцэі).

Бісмарк не давяраў краінам, якія ўжо ў ХІХ стагоддзі можна назваць краінамі заходняй дэмакратыі (Францыі, якая ў 1870-м канчаткова стала рэспублікай, і Англіі, дзе ўлада караля была абмежавана). Прычына простая – яны супраціўляліся ўзвышэнню Германіі.

Бісмарк пабойваўся магутнасці Расіі, але імкнуўся стварыць з ёй саюз і заклікаў нямецкую эліту не сварыцца з расейскім мядзведзем.

Працаголік. Асабістае жыццё – на другім плане

Галоўнай справай у жыцці Бісмарка была палітыка. Таму Іаганна фон Путкамер увайшла ў гісторыю толькі як клапатлівая жонка і маці трох дзяцей канцлера. Але ў жыцці Бісмарка быў раман з рускай княжной Кацярынай Арловай (Кэці), з якой Ота пазнаёміўся якраз перад сваім прызначэннем на пасаду міністра-прэзідэнта Прусіі. Але палітычныя рэаліі ХІХ стагоддзя зрабілі іх раман і нават сустрэчы немагчымымі. Калі Бісмарк памёр, згодна з яго запаветам з усіх узнагарод у магілу паклалі толькі бірульку з надпісам Kathi і партсігар, у якім захоўваў яе падарунак – галінку з аліўкавага дрэва.

* * *

Дзяржаўнік. Сілавік. Пры гэтым дыпламат, які, калі трэба, аддае перавагу сілавому рашэнню канфлікту. Палітык, які ўлічвае інтарэсы Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?