23.11.2013 / 15:12

Жыхар Гомеля патрабуе з мотаклуба «Начныя ваўкі» 750 мільёнаў кампенсацыі 3

У Гомелі працягваецца слуханне крымінальнай справы ў дачыненні да трох сяброў мотаклуба «Начныя ваўкі», у тым ліку і лідара Паўла Каніна, вядомага ў горадзе і вобласці чалавека. Слуханні ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля распачаліся яшчэ ў жніўні.

Справа была заведзена ў студзені 2013 года па арт. 147 Крымінальнага кодэкса — нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Пасля вечарыны на базе клуба «Начныя ваўкі» жыхар Гомеля атрымаў пашкоджанне вока і страціў зрок.

Пацярпелы сцвярджае, што яго збілі гаспадары клуба — байкеры. Тыя, у сваю чаргу, заяўляюць, што ніхто наведвальніка не біў, той сам напіўся, скандаліў, падаў і недзе такім чынам пашкодзіў вока.

Па сведчаннях пацярпелага, які працуе ахоўнікам на прадпрыемстве «Гомельтранснафта «Дружба», ён прыйшоў на вечарыну ў закрыты клуб байкераў са сваёй жонкай і яе сяброўкай.

Трохі выпілі. Захацелася сфатаграфавацца для гісторыі ў дзівосных інтэр’ерах клуба. Сапраўды, там шмат розных мудрагелістых фігурак з жалеза, але фатаграфаваць іх, па правілах клуба, нельга.

Прычым для выканання здымкаў пацярпелы залез на лаўку са здымачом. Гаспадарам клуба гэта не спадабалася, і яго папярэдзілі пра недапушчальнасць такіх паводзінаў.

Па словах пацярпелага, байкеры яго збілі, і ён трапіў у лякарню, дзе ў яго дыягнаставалі разрыў сятчаткі вока.

Хто менавіта яго біў — малады чалавек не памятае. Як і не памятаюць сведкі з яго боку (жонка і яе сяброўка), якія, аднак, сцвярджаюць, што бачылі, як іх спадарожніка білі тры чалавекі.

Страчаны зрок пацярпелы ацаніў на 750 мільёнаў рублёў — такі памер кампенсацыі заявіў ён у судзе.

Тым часам абвінавачваныя, усе трое, даюць зусім іншыя паказанні. Па іх словах, ніхто наведвальніка клуба не біў, наадварот — яго ўвесь час спрабавалі супакоіць.

«Ён скандаліў, сварыўся са сваёй жонкай, лаяўся, быў у крайняй ступені ап’янення, не мог устояць на нагах. Яго ўжо нават да стойкі бара прыхінулі, а ён усё падаў на асфальтавую падлогу.

У нас у клубе шмат жалезных фігурак з вострымі элементамі. Можа, на іх ён і ўпаў. Яго ледзьве звялі па прыступках на вуліцу, дзе і пакінулі разам з жонкай.

Ён і на вуліцы падаў, на абледзянелай дарозе», — давалі сведчанні ў судзе абвінавачваныя. Па іх словах, пацярпелы лез у бойку, махаў рукамі.

Мотаклуб «Начныя ваўкі» існуе ўжо 12 гадоў. За гэты час у яго сяброў не было праблем з законам. Наадварот — мотаклуб з’яўляецца актыўным удзельнікам гарадскіх і абласных акцый.

На рахунку байкераў — удзел у дабрачынных акцыях, праца з падлеткамі, дапамога дзіцячаму дому, правядзенне спаборніцтваў па мотаспорце.

«Начныя ваўкі» і асабіста Павел Канін маюць шмат падзяк ад мясцовых уладаў і ДАІ. У падтрымку байкераў выступілі арганізацыі, з якімі «Начныя ваўкі» праводзілі сумесныя акцыі: дзіцячыя прытулкі, цэнтры тэхнічнай творчасці, валанцёры.

На ўсе судовыя пасяджэнні падтрымаць «Начных ваўкоў» ходзяць іх сябры і знаёмыя, сваякі, прыязджалі нават байкеры з Мінска і Санкт-Пецярбурга.

Разгляд крымінальнай справы ў судзе працягваецца. Байкерам пагражае па арт. 147 Крымінальнага кодэкса да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Юлія Шымкевіч, Гомель

0
Lone Rider / Адказаць
23.11.2013 / 18:10
Если эти клоуны ездят на мотоциклах, так это вовсе ещё не означает, что они байкеры, и не ночные волки они, а путинские шавки, не имеющие никакого отношения к байкерскоиу движению, байкеры никогда не сливались с властью. мотоциклисты короче. Реальные байкеры поймут меня.
0
Віталь Станішэўскі / Адказаць
25.11.2013 / 09:33
"Здымач" Шаноўны аўтар, гэта называецца "фотаапарат", або "фотакамера", або проста "камера". Поспехаў у вывучэнні мовы!
0
вожык / Адказаць
25.11.2013 / 15:38
чаму не фатаграфавач?
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру