Дзедавы пчолы і шафёр Фёдар

Дзед Іван — бацька маёй мамы — быў знатным, патомным пчаляром. Бабуля, гаворачы пра яго пчалярскую выбітнасць і выключную якасць мёду, абавязкова пазначала, што купляць дзедаў мёд прыязджалі з усяго наваколля, нават жыды з мястэчка. Калі жыд гатовы адшкадаваць уласныя грошы за нейкі тавар, то гэны тавар — найвышэйшага гатунку. Так, прынамсі, лічаць вяскоўцы. Але гісторыя не пра гэта…

Фота Сямёна Печанко.

Фота Сямёна Печанко.

На той час, калі дзед Іван памёр, а ягоную пасеку стала даглядаць бабуля Марыя, мой бацька ўжо напоўніцу загарэўся цікавасцю да пчалярскай справы. І падчас візітаў да сваёй цешчы бацька падоўгу цікаваў у яблыневым садзе, як нястомна працуюць дзедавы пчолы…

Аднаго разу, калі бацька са сваім напарнікам Фёдарам вяртаўся з далёкага рэйса, ён прапанаваў калегу троху адхіліцца ад курсу і заехаць да цешчы. Маўляў, да Полацка яшчэ гнаць больш за 500 км, то заедзем, адпачнём, падсілкуемся, выспімся. Напарнік, ясная справа, пагадзіўся.

Хата была замкнёная — бабуля на ферме, але бацька ведаў, дзе схаваны ключ. Перад тым, як сесці за стол, Фёдару была прапанавана бацькава цікавостка — паглядзець, як рупліва і старанна працуюць дзедавы пчолы. Злых, агрэсіўных сем’яў не было, і назіраць за працэсам можна было ледзь не ўшчыльную да ляткоў, куды сядалі цяжка гружаныя нектарам пчолкі і адкуль яны ўздымаліся ў свой нябесны шлях.

Паглядзелі-падзівіліся, пайшлі ў хату за стол, паабедалі пад чарку-другую бабулінай жытнёўкі і леглі адпачыць з далёкай дарогі…

Бабуля пабудзіла бацьку пытаннем пра чалавека, што, бы мёртвы, ляжыць на беразе рэчкі адразу насупраць хаты. Той пайшоў паглядзець і пазнаў свайго напарніка, які ляжаў тварам долу, абхапіўшы рукамі галаву, і глуха стагнаў.

Калі Фёдар нарэшце зрэагаваў на запыты і павярнуўся, то бацька, мусіць, лёганька пералякаўся. Твар чалавека ўяўляў сабой жудасную, бугрыстую, ярка-чырвоную пухліну з ненатуральна раздзьмутым носам, вывернутымі вонкі вуснамі і заплыўшымі вачыма…

Гісторыя такой страшнай метамарфозы была даволі банальнай. Калі мой бацька заснуў, яго напарнік троху паварочаўся і, не прычакаўшы сну, вярнуўся за стол.

Выпіў яшчэ, потым яшчэ… Фёдар выйшаў на двор папаліць, але назіраць за курыцамі было сумна, і ён вырашыў ізноў паглядзець на пчаліную талаку. Толькі наблізіўся да вулляў, як яго джыганула ў шчаку першая пчала.

У адрозненне ад людзей, пчолы арганічна не пераносяць алкаголю і нават ягонага паху, успрымаючы выпарэнні гарэлкі як знак варожы і небяспечны. Яшчэ торгалася ў Федзевай шчацэ джала першай пчолкі, як на абарону сваёй мядовай сядзібы ўзняўся ўвесь рой. За ім другі, трэці…

Пчолы джалілі з лёту, проста ў твар, і Федзя, трэба прызнаць, аказаўся шчасліўцам, бо ніводная «божая казурка» не патрапіла яму ў вока. У гэтым выпадку платай за лішнюю чарку гарэлкі стала б поўная і невылечная слепата.

Фёдар крычаў нема, махаў рукамі і ляпаў далонямі па сваіх шчаках, выціскаючы з пчолаў усё новыя і новыя джыгі. Потым ён пабег да блізкай ракі. І добра, што не ў хату.

Прымочкі, кампрэсы, нейкія мазі — усе бабуліны завіханні — памагалі слаба. Пад вечар у бацькавага напарніка ўзнялася тэмпература і яго вочы заплылі цалкам. Ужо думалі пра раённую бальніцу, але Фёдар катэгарычна адмовіўся і, глынуўшы шклянку жытнёвай анестэзіі, забыўся трывожным сном.

Каб Федзя не быў дужым сібірскім мужыком, каб меў хворае сэрца ці алергію на пчаліны яд, то ў раённую бальніцу павезлі б ягоны труп.

А так, мой бацька пазбавіўся напарніка на ўвесь зваротны шлях, але прыдбаў неверагодную весялуху, бо выгляд Фёдара і яго няўрымслівы, але поўны трагікамізму аповед, што паўтараўся раз за разам, ператварылі доўгую дарогу дадому ў адзін суцэльны анекдот.

Бушмены

Як толькі дзе чую ці чытаю пра бушменаў, разбірае мяне смех. Вось і зараз, як толькі дайшоў у падручніку «Этналогія» да карэннага жыхарства Калахары, не вытрымаў і рассмяяўся. Я не маю нічога супраць бушменаў, але дзякуючы ім і тутэйшаму мальцу Колю я атрымаў у далёкім дзяцінстве шалёны прыступ смеху, які ледзь не скончыўся пасляаперацыйным абвастрэннем.

У шостым класе я трапіў у рэанімацыю з элементарным апендыцытам. Адваляўшыся там у поўнай непрытомнасці больш за суткі, маё пасінелае цела было этапіравана на адмысловым вазку ў бальнічную палату.

Мне загадалі не варушыцца і не круціцца надта, бо карункавыя швы патрабавалі спакою дзеля хутчэйшага зарастання свежай дзіркі на жываце. Але суседам па палаце апынуўся малады мужык Коля — неацэнны скарб для збіральнікаў гарадскога фальклору, што зрабіла пастаўленую мне задачу дужа цяжкай.

Коля, па ўсім відаць, нарадзіўся 1-га красавіка, і Дзень смеху неяк арганічна перацёк у ягоным жыцці ў круглы год. З раніцы і да вечара Коля хахміў, сыпаў анекдотамі, жартамі, прыколамі і пацешнымі байкамі.

Я ж смяяцца не мог проста фізічна. Здавалася, варта толькі рагатнуць, як швы разыдуцца, лопнуць, трэснуць і з мяне вываліцца ўсё тое, што малююць у падручніках па анатоміі.

І ўсё б нічога, але тым жа днём у палату паклалі маладзёна Пецю, які чамусьці дужа цікавіўся ўсімі пытаннямі, звязанымі з мужчынскай сілай і лаўчэйшымі спосабамі яе выкарыстання.

Пеця дужа перажываў, бо жонка падарыла яму дачку, а не сына, і шчыра верыў, што дапусціў нейкую прыкрую памылку, калі займаўся пачэснай работай «каваля». Пачуўшы, што Коля мае двух сыноў, Пеця засмуціўся дарэшты і пачаў распытваць праўдзівага майстра пра сакрэты яго ўмельства.

Коля акрыяў і на поўным сур’ёзе пачаў тлумачыць гаротніку тэхнічныя дэталі: «Гэта ж проста. Як зайшоў і павярнуў налева — будзе дзеўка, а як направа — малец».

Як на сённяшні дзень, то можна было б падзівіцца міфалагічнаму ладу мыслення Колі, які гэтак лёгка сваім посахам разводзіў бінарныя апазіцыі, але тады я курчыўся, душыўся ад прыступаў смеху, баючыся выпусціць яго на волю разам са сваімі вантробамі.

Аднак канцавой кропкай, дзе маёй вытрымкі ўжо не хапіла, стала абмеркаванне віртуальнай мужчынскай праблемы «змог Х разоў на ноч».

З аповедаў Колі выходзіла, што толькі нязначную частку сутак ён прысвячае рабоце і харчаванню. Увесь астатні час Коля нястомна малаціў то тут, то там сваім молатам па нечым кавадле, торкаў ключ у знаёмыя і незнаёмыя замочныя шчыліны, бурыў лункі ўсюдыісным бурам, ламаў лёд гарачай пяшнёй…

Пасля разгорнутых краса-моўных гісторый сэксуальнага волата стваралася ўражанне, што Коля ў сваім чалавечым абліччы ўсяго толькі фармальны дадатак да нейкай больш значнай і важкай істоты.

Але, як высветлілася, і Коля меў залатую мару, недасяжную планку, пра якую з лёгкім сумам і паведаміў усёй палаце. Скончыўшы чарговы аповед пра нейкую экстрэмальную перамогу ў паламаным ліфце, Коля падсумаваў сказанае нечакана сур’ёзна і самакрытычна: «Гэта што. Вось я пра бушменаў чытаў. Дык яны, тыя бушмены, са стаякамі нараджаюцца і… са стаякамі паміраюць».

Зарагатала ўся палата, смяяўся скрозь боль і я. І з тых часоў, калі чую ці чытаю пра бушменаў пустыні Калахары, чамусьці менш за ўсё думаю пра спецыфіку іх этнічнай культуры. Проста смяюся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?