Раўчук, які выцякае з гнойнага сховішча і бяжыць да ракі Сваротвы, 15 лістапада.
Сховішча гною, які працёк да рэчкі Сваротвы.
Эколаг Уладзімір Зуеў на месцы спляжанага парку ў Вялікай Сваротве 15 лістапада.
Кіраўніка філіяла «Пачапаўскі» ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» Ігара Грыба пакаралі штрафам ў памеры 650 тысяч рублёў за парушэнне рэжыму захоўвання водаахоўнай зоны.
Пра гэта Intex-press распавёў начальнік Баранавіцкай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Алег Загурскі.
Кіраўнік філіяла «Пачапаўскі» ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» Ігар Грыб атрымаў штраф за тое, што дапусціў расцяканне гнойнай жыжы ў водаахоўную зону рэчкі Сваротвы.
А вось будаўніцтва дарогі праз старадаўні парк у Вялікай Сваротве і выкарчаваных па гэтай прычыне дрэваў, пра што на мінулым тыдні эколагам і журналістам паведамілі мясцовыя жыхары, спецыялісты прыродаахоўнай інспекцыі не заўважылі.
– Мае супрацоўнікі бачылі ў Вялікай Сваротве толькі часткова прыбранае кустоўе. Пра паваленыя або папілаваныя дрэвы мне не паведамлялі. Сапраўды, любая будаўнічая дзейнасць у водаахоўнай зоне павінна праводзіцца з дазволу нашай інспекцыі. Але часовую дарогу, якая насыпаецца ў парку для ўнутрыгаспадарчых патрэбаў мы не разглядаем як будаўніцтва, – пракаментаваў сітуацыю Алег Загурскі.
Пакараць гаспадарнікаў за знішчэнне расліннасці і парушэнне межаў старадаўняга парку пры колішняй сядзібе Незабытоўскіх у Вялікай Сваротве, па словах Алега Загурскага, немагчыма, бо парк не ахоўваецца дзяржавай як помнік прыроды ці гісторыі.