23.11.2013 / 11:17

Беларуска, што працуе ў Венесуэле - гутарка 10

Гэтыя пяціпавярховікі на 1120 кватэр у раёне вайсковай базы «Лібертадор» (штат Арагуа) пабудавалі беларусы сёлета. Фота venezuela.mfa.gov.by.

У такіх дамах жывуць венесуэльцы.

Графіці: Чавеc і Мадура. Дзяржідэолагі спрабуюць сыграць на патрыятычных пачуццях.

«З сацыялістычным сонечным прывітаннем!» — піша Вольга ў лісце, як сапраўдная венесуэлка. Яна адпрацоўвае ўжо не першы кантракт у камерцыйна-прававым аддзеле. Адпраўлялася спачатку на год, а пасля вырашыла застацца яшчэ.

«Падышоў, прыстрашыў, забраў...»

«Наша Ніва»: Чаму працягнулі кантракт?

Вольга: Як кажуць беларусы ў сваім асяродку, Венесуэла зацягвае. У Беларусі крызіс, а тут можна зарабіць. Акрамя таго, тут працуеш не ва ўмовах Крайняй Поўначы. У Венесуэле сонейка, мора, горы — кожны знойдзе адпачынак на свой густ.

Я працую на адным месцы ад пачатку. Выбар беларускіх кампаній тут невялікі.

«НН»:У Беларусі ўсё менш увагі надаецца працы ў Венесуэле. Колькасць ахвотных туды ехаць зменшылася?

Вольга: Наконт колькасці не адкажу, бо кадравыя пытанні вырашаюцца ў Мінску. Адзначу, што вакантных месцаў не застаецца — заўсёды знаходзяцца ахвотныя працаваць.

Ёсць і такія, хто не хоча нават ехаць у адпачынак дадому, бо баяцца, што потым не вернуцца. Сітуацыя нестабільная. Летась, напрыклад, тыя, хто паехаў на Новы год у Беларусь, доўгі час не маглі вярнуцца назад і былі вымушаны браць дадатковы адпачынак за свой кошт.

«НН»: Узроўнем нашай працы венесуэльцы задаволеныя?

Вольга: Ці задаволеныя — гэта пытанне палітычнае. Пабудаваныя заводы працуюць, у здадзеных дамах жывуць людзі, новыя кантракты падпісваюцца — значыцца, у працы беларусаў зацікаўлены. Агрэхі не здараюцца толькі там, дзе нічога не робіцца.

Як сярод беларусаў, так і сярод венесуэльцаў хапае спецыялістаў высокакваліфікаваных і не вельмі. Лягчэй за ўсё перакласці хібы на чужыя плечы, таму можа адзін на аднаго наракаць. Але ж усё ўзгадняецца двума бакамі, і кожны ведае, за што адказвае.

«НН»: За гэты час не даводзілася трапіць у непрыемныя сітуацыі? Венесуэла ўсё-ткі небяспечная краіна…

Вольга: І я трапляла, і знаёмыя. Сітуацыя ў краіне пагоршала, таму і пачасціліся такія здарэнні. А можа, зладзеі проста аблюбавалі раён, дзе ходзяць беларусы…

Усё вельмі проста: падышоў, прыстрашыў, забраў. Большасць не супраціўляецца, аддае ўсё, што мае ў кішэнях. Ніхто ж не ведае, што ў гэтых маландрасаў (злодзеяў) за спінай: нож, пісталет ці нічога.

Аднаму нашаму таварышу пашанцавала: прадэманстраваў некалькі барцоўскіх прыёмаў, выхапіў пісталет у нападніка. На шчасце, ён быў цацачны. Заслужыў апладысменты. Але, думаю, не варта ў такіх сітуацыях выпрабоўваць лёс.

«НН»: А як складваецца асабістае жыццё? Можа, з венесуэльцам завялі раман?

Вольга: Праца не на першым месцы, але ж свайго венесуэльскага Хуана не знайшла, хоць і не шукала. Навошта нам чужыя, калі ў нас і сваіх цудоўных хлопцаў хапае? Свая кашуля бліжэй да цела.

«За тры гады можна зарабіць на аднапакаёўку ў Мінску»

«НН»: Колькі ўсё ж можна зарабіць там?

Вольга: Дастаткова. Усё залежыць ад спецыяльнасці, ад кваліфікаванасці. Нехта зарабляе грошы, нехта атрымлівае вопыт, нехта — уражанні. Акрамя таго, у кожнага свае меркі патрэбаў. Але ж з пустымі кішэнямі яшчэ ніхто не з’язджаў.

«НН»: Тады спытаю па-іншаму. За колькі гадоў можна назбіраць на аднапакаёўку ў Мінску за $60 тысяч?

Вольга: Як мінімум 3 гады трэба працаваць. Пры ўмове, што ўвесь гэты час заробак і камандзіровачныя будуць адкладацца. Кажу пра сярэдніх спецыялістаў.

«НН»: Вам плацяць далярамі ці баліварамі?

Вольга: Не, мы супрацоўнікі беларускай кампаніі, таму і заробак у нас у беларускіх рублях.

«НН»: Што можаце дазволіць сабе там на свой заробак?

Вольга: Інфляцыя ад пачатку года наблізілася да 50%, а заробак застаўся ранейшым, таму вымушаны сёлета крыху паясы зацягнуць. Але ўсё залежыць ад чалавека. Нехта снедае ў рэстаранах, а нехта варыць баршчы, затое пашырае свае квадратныя метры.

«НН»: Расказваюць, што за даляр можна купіць ледзь не сто літраў бензіну. Усе на машынах ездзяць?

Вольга: Гледзячы за які даляр. Калі па афіцыйным курсе, то за адзін даляр можна заправіць бак на 60 літраў. А вось за даляр, абменены ў валютчыкаў, можна набыць больш за 500 літраў.

Паліва таннае, а вось аўто далёка не кожнаму па кішэні, і яно вельмі дарагое ў абслугоўванні. Таму шмат хто ездзіць на старэнькіх развалюхах, у якіх, на выгляд, тармазіць даводзіцца нагамі.

«НН»: А паліцыя не затрымлівае пры абмене ў валютчыкаў?

Вольга: Тэарэтычна затрымаць могуць. Але ж не ўсё так жорстка. Я ніколі не чула, каб некага «павязалі». Многія цэны прывязаныя да неафіцыйнага курсу, пра гэта нават пішуць у газетах.

Афіцыйны курс — 6,3 балівара за даляр, у валютчыкаў — 53 балівары.

«Большасць чакае пераменаў»

«НН»: Ці адбыліся ў краіне змены пасля прыходу да ўлады Нікаласа Мадуры? Да беларусаў стаўленне змянілася?

Вольга: Каардынальных зменаў не адбылося. Мадура ўсё-ткі стаўленік і паслядоўнік Уга Чавеса. Але ж эканамічная сітуацыя пагоршылася, як наступства — пагоршала крымінагенная абстаноўка, усё больш і больш людзей задумваецца пра змену месца жыхарства.

На ўзроўні бытавых, вулічных зносін нічога не памянялася. Можа, не так шырока расчыненыя палітычныя вароты, як у часы Чавеса, але гэта ўжо другі бок медаля.

«НН»: Смерць і пахаванне Чавеса ператварылася ў народную істэрыю. Яго сапраўды так моцна любілі?

Вольга: Сапраўды. І цяпер ёсць з кім параўноўваць. Чавес — гісторыя. Ён мог весці за сабой не проста краіну, а вялікую дзяржаву.

«НН»: Вы кантактуеце з венесуэльцамі па-за працай? Венесуэла пасля прэзідэнцкіх выбараў застаецца сапраўды падзеленай палітычна?

Вольга: Рэдка кантактую. Хоць падзеі ў краіне абмяркоўваюць вельмі актыўна, толькі дай нагоду пагаварыць. Падзел быў да выбараў. Цяпер, мабыць, у Венесуэле большасць тых, хто жадае пераменаў, прагне крокаў наперад.

***

Беларусь — Венесуэла

Актыўнае супрацоўніцтва пачалаося ў 2006. Тады Беларусь наведаў Чавес. Затым быў візіт Лукашэнкі ў адказ. Яшчэ некалькі разоў кіраўнікі дзяржаў навадвалі адзін аднаго. Нашыя краіны зблізіліся на глебе сапсаваных адносінаў з ЗША.

Будаваць у Венесуэле беларускія спецыялісты пачалі ў 2010. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, ужо пабудавана каля 4 тысяч кватэр.

«Па нашых звестках, прыкладна 700 грамадзян Беларусі працуе ў Венесуэле. Гэтая лічба змяняецца, — адзначыў пасол Беларусі ў Венесуэле Алег Пафёраў у нядаўнім інтэрв’ю газеце «VEA». — Сёння мы будуем амаль 17,5 тысяч кватэр у штатах Арагуа, Міранда і Барынас. Апроч таго, варта згадаць заводы, якія размяшчаюцца ў індустрыяльным комплексе «Бітва Санты Інес» у штаце Барынас: па зборцы трактараў — СП «ВенеМінск Трактары», грузавікоў — СП «МАЗ ВЕН». Адбыўся запуск і аднаго з найбольшых заводаў у Лацінскай Амерыцы па вытворчасці цэглы».

Таваразварот паміж краінамі летась склаў $580 мільёнаў.

Сяргей Макарэвіч

0
Huan / Адказаць
23.11.2013 / 11:51
Что за дурь про заработок в белорусских рублях. Может Ольга в Венесуэле с этими бумажками в булочную ходит?
0
Satan / Адказаць
23.11.2013 / 12:01
"Пры ўмове, што ўвесь гэты час заробак і камандзіровачныя будуць адкладацца" При этой умове много, где можно заработать на квартиру. Другое дело, как эту умову выполнить, а то ж и в борще хочется кусок мяса найти. Но для беларусов дело, конечно, привычное.... поехать в Расею, Польшу, Чехию, Венесуэлу иль еще куда-нить, вариантов на самом деле много... там питаться преимущественно роллтонами и курицами гриль, купленными в той самой точке и того самого узбэка, где дешевле всего.... хотя некоторые умудряются и вообще бесплатно питаться и экономить в т.ч. деньги, выдаваемые на питание. А потом... потом вернуться на Родину (пусть кричат уродина, да) и подымать краину. Ваще, вот змагары звычайныя, как известно, придерживаются обратной точки зрения, но я полагаю, что народ беларуский - самый патриотичный народ на всей планете. И самый благодарный к тому же! Деньги он заработает, привезет домой, квартиру купит, коттедж построит, сына вырастит, дерево посадит.... и не забудит поблагодарить нашего самого умного (и патриотичного) президента на всей планете Александра Григорьевича Лукашенко!
0
Sas / Адказаць
23.11.2013 / 13:02
А наш самый умный (и патриотичный ) президент на всей планете Александр Григорьевич Лукашенко тут же присвоит себе все заслуги корячащихся за бугром белорусов в обеспечении их жильем хорошими автомобилями и приличными доходами. !
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру