Камуніст Валер Ухналёў кажа, што ў пастарунку яму закінулі раздачу мінакам друкаванага органу партыі "з асаблівым цынізмам". Увогуле ж выглядае на тое, што апазыцыя сёньня трохі сапсавала выходны міліцыянтам і "людзям у цывільным".

Сілавікі мусілі паляваць па ўсёй краіне на актывістаў, што раздавалі друкаваную прадукцыю, прысьвечаную "Сацыяльнаму маршу". А вулічнай імправізацыі даць рады цяжэй, чым шаблённаму шэсьцю, калі спэцназу можна загадзя ставіць дакладныя задачы на мапе: блякуйце тут, выціскайце адсюль, расьсякайце вунь там! Сёньня ж атрымаўся гэтакі атамізаваны, асымэтрычны адказ на амаль што татальную адмову ў правядзеньні заяўленых па краіне некалькіх соцень сацыяльных пікетаў.

Нестандартныя, дэцэнтралізаваныя акцыі асабліва напружваюць неразваротлівую машыну сілавых структураў. На абвінавачваньні, як бачым, фантазіі зусім ужо не стае:)

Зрэшты, што да "асаблівага цынізму", дык тут ёсьць рацыя. Апазыцыя замахнулася на сьвятое для кіроўных вярхоў — сацыяльную рыторыку. І гэта спараджае наверсе паніку, што выведуць са стойла і цьвёрды электарат!

Аналітыкі спрачаюцца, ці на тыя лёзунгі паставіла апазыцыя. Ёсьць і такі пункт погляду, што, маўляў, страта ад скасаваньня льготаў у сярэднім чатырох даляраў на чалавека нашым прыкметна пасыцелым за апошнія гады грамадзтвам нават і ня будзе заўважана.

Але ж, па-першае, электарат надта прызвычаіўся да патэрналізму (грубей кажучы — да дурніцы) і хваравіта ўспрымае сам прэцэдэнт замаху на льготы, хай сабе гэта й капейкі. А па-другое, гульня на сацыяльным полі апрыёры торгае ўладу, звыклую манапольна займаць нішу абароны простага люду. Так што з гледзішча менавіта палітычнай барацьбы ("сацыялка" тут толькі інструмэнт) намацана болевая кропка рэжыму. Галіяф нэрвуецца:)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?