У размове з карэспандэнткай Радыё Свабода Данчык прызнаўся, што не сьпяваў ужо 8 гадоў. «Нідзе, нават у душы».
Але з тры месяцы таму сьпявак кінуў паліць, і аднойчы песьня сама зьляцела з вуснаў. «Я ішоў на працу і раптам засьпяваў. Проста на вуліцы». На шчасьце, голас сьпевака застаўся моцным і гнуткім, хоць сам Данчык на гэта не спадзяваўся. І ў той жа дзень Данчык дастаў сваю старую гітару, памяняў сапсаваныя струны і цяпер, хоць часу пасьля журналісцкай працы застаецца мала, кожнага вечару з гадзіну сьпявае свае старыя і новыя песьні. «Ёсьць шмат цудоўных беларускіх песень, да якіх я так і не падступіўся».
З сваім новым рэпэртуарам Данчык марыць зноў прыехаць у Беларусь.