У дачыненні да былога генеральнага дырэктара бабруйскага ААТ «Фандок» Уладзіміра Майко распачатыя дзве крымінальныя справы за злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

Крымінальная справа ў дачыненні да Майко была распачатая 22 лістапада па выніках праверкі міжведамаснай рабочай групы выканання на «Фандоку» праграмы мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны.

«Устаноўлена, што ён, парушаючы ўмовы дагавора, заключанага паміж ААТ «Фандок» і маскоўскім таварыствам з абмежаванай адказнасцю, з лютага па ліпень 2010 года падпісаў акты аб выкананні мантажных і пусканаладачных работ на аб'екце будаўніцтва міні-ЦЭЦ, на падставе якіх у адрас ТАА неабгрунтавана былі пералічаныя грашовыя сродкі ў памеры 87,3 тыс. еўра», — паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ДФР КДК па Магілёўскай вобласці Аляксандр Шаройкін.

Ён сказаў, што раней, у сярэдзіне лістапада, у дачыненні да Майко была распачатая першая справа па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Тады кантралёры ўстанавілі, што прадпрыемствам у 1994 годзе за кошт замежных крэдытаў пад гарантыю ўрада была набытая лінія сартавання круглага лесу коштам больш чым 1,5 млн. долараў. У сувязі з памяншэннем аб'ёмаў перапрацоўкі круглых лесаматэрыялаў лінія доўгі час не ўводзілася ў эксплуатацыю.

«З мэтай выканання даручэння кіраўніка дзяржавы ад 2007 года ААТ «Фандок» у першым паўгоддзі па дагаворы з замежнай фірмай дадаткова праведзена пастаўка электроннай і электрычнай сістэм кіравання, ажыццёўлены іх мантаж, за што ў сакавіку 2010 года ажыццёўлена аплата ў суме 365 тыс. еўра», — сказаў Шаройкін.

Пасля ўвядзення лініі ў эксплуатацыю да гэтага часу яна так і не пачала работу і прастойвае па прычыне незапатрабаванасці, а таксама мае шэраг недахопаў і недапрацовак у сувязі з тым, што ўстаноўлена на значным аддаленні ад асноўнай вытворчасці.

Санкцыя артыкула КК «Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі» прадугледжвае пазбаўленне волі ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?