Што вы бачыце на гэтай фатаграфіі?

«Калі вы на ёй бачыце толькі рэчку, лецішчы, узлескі і грыбныя палянкі, то прыгледзьцеся больш уважліва, — піша ў сваім блогу лідар расійскай апазіцыі Аляксей Навальны. —

Вунь там, там-там, проста ў цэнтры фатаграфіі, вы бачыце ідэальнае тлумачэнне таго, чаму ж палітычны рэжым «Жабы_на_трубе» [так Навальны называе Пуціна — НН] так адмаўляецца ратыфікаваць арт. 20 Канвенцыі ААН па барацьбе з карупцыяй і так хваравіта рэагуе на спробы ўвядзення ў Крымінальны Кодэкс артыкула «незаконнае ўзбагачэнне», — паліць Навальны.

Гэта вёска Лёшкава Істрынскага раёна Маскоўскай вобласці. Там яшчэ нядаўна была будпляцоўка, а цяпер стаяць дыхтоўныя, багатыя палацы.

Адзін з участкаў тутака належыць «простаму шахцёру» і сакратару генеральнага савета партыі «Адзіная Расія» Сяргею Нявераву.

Нявераў, які ў атачэнні Пуціна грае ролю «простага шахцёра — чалавека працы», ніколі бізнэсам не займаўся, а апошнія гады сядзіць на нашай шыі на дзяржслужбе, значных даходаў не мае, але ўмудрыўся набыць «дачны ўчастак» коштам 92 мільёны расійскіх рублёў, які аформіў на сваю цешчу — 75-гадовую пенсіянерку з Новакузнецка.

Калі Навальны 4 верасня напісаў пра яго палац, Нявераў адказаў, што ён набыў і пабудуе гэта ўсё на «грошы, атрыманыя ад продажу кватэры ў Новакузнецку».

Па дэкларацыі мы бачым, што ў Няверава сапраўды была двухпакаёвая кватэра 67 кв.метраў у гэтым горадзе за Уралам.

Але кватэра 67 метраў у Новакузнецку несупастаўная па кошце з велізарным участкам на беразе Масквы-ракі і домам, які, напэўна, у два разы больш, чым галоўны палац піянераў у Новакузнецку.

«Возьмем яшчэ адзін з участкаў. Адразу відаць, што жыве тут чалавек з сучаснымі паняццямі аб загарадным доме. Еўрапеец тут жыве», — іранізуе Навальны.

Гэта Сяргей Эдуардавіч Прыходзька — намеснік старшыні ўрада Расіі і кіраўнік апарата ўрада.

Дарэчы, менавіта Прыходзька засвяціўся ў некаторых канфліктах з Беларуссю як прыхільнік жорсткіх мераў ціску на нашу краіну ў інтарэсах буйных расійскіх карпарацый.

Ва ўласнасці Прыходзька тут, на беразе ракі, — 280 сотак, або амаль 3 гектары зямлі. На ўчастку стаяць дом 1580 (!) кв.м і лазня 137 (!) кв.м.

Зямля ў гэтым месцы каштуе каля $25 тыс. за сотку.

«Гледзячы на фатаграфію «дзяржслужачага» Прыходзькі, мы рашуча адмаўляемся верыць, што ён не еў і не піў 34 гады, каб сабраць грошы на такія харомы», — іранізуе Навальны.

Падрабязней пра расследаванне Навальнага чытайце тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?